Купіўшы газэту, Капшун быццам уліп у адну галоўную навіну дня пра сьмерць Шпака, ды адразу пабег у тэлефонную будку. Джоў адазваўся адразу:
— Я чакаў цябе, не хацеў званіць у кантору.
— Добра зрабіў, — адказаў Капшун.
— Дзе й калі магу цябе пабачыць?
— Зараз-жа прыеду.
У страховачнай канторы Капшун сказаў, што едзе да кліента ды ўскочыў на трамвай. Цяпер уважна прачытаў рэпартаж пра Шпака. Няясна было, як здарыўся той «выпадак», што прынёс Шпаку сьмерць. Нават ня было нейкай здагадкі пра забойства. Магчыма, што ўсё будзе падсўмавана на конта выпадку. «Як гэта ён яго?» — думаў Капшун пра Джова Снікі. І як тут ня ўсьміхацца, чытаючы пра вялікую рыбіну? Удачная апэрацыя ізь мёртвым пацыентам. Ці, можа, ня так?
— Дык як гэта можна забіваць чалавека ў той час, калі ён папаў найбольшую рыбіну на свой кручок? — грымучым голасам быццам дакараў Джова Капшун, калі той сустрэў яго пры дзьвярох.
— Ціхххх! Шшшшш! — папрярэдзіў Джоў.
— Окэй, раскажы што сталася.
— Я яго не забіў. Я нават да яго не даткнуўся. Усё, што я зрабіў, дык толька выцягнуў з похвы свой паляўнічы нож, а гэта для убеждения. Понимаеш? А ён, пракляты дурань, іспугаўся, давай шаг назад ды зачапіўся ці спатыкнуўся аб камень, тады ўпаў назад і мазгі сабе высадзіў. Пакуль я тут скумекаў, што случылася, дык ён у ваду скаціўся і на маіх вачох тут яму капец. Хочаш, каб табе расказаў усё астальное?
— Я-ж дзеля гэтага прыехаў. Давай спачатку.
Джоў цяпер пачаў больш дакладна: як сьлядзіў рыбака, як загадаў яму закрыць «ягоную фашыстоўскую морду», як адабраў і паламаў вудзільна, як выцягнуў нож, каб яго «убедить», ды пасьля, калі ўжо скончыў усё, як уцёк адтуль і вярнуўся.
— Ці ты перакананы, што ніхто цябе ня бачыў? — правяраў яго Капшун.
— Совершенно! Праўда, у папярэдні дзень я захадзіўся ў іхны рэстаран. Там было поўна людзей, ніхто на мяне не зьвярнуў увагі. Аўтамабіль свой я схаваў быў у лесе, далей ад дарогі, каб ніхто ня бачыў яго. Ня думаю, каб я пакінуў які сьлед.
— Добра. Ну а што пра паломанае вудзільна? Там адбіткаў тваіх пальцаў ня знойдуць?
— Прызнаюся, тут мая памылка была. Але як мне было ведаць, што дурань сам сабе вупусьціць мазгі? А ты не забоцься: паліцыя ня мае адбіткаў маіх пальцаў, я ня быў за крымінал нідзе ўзяты.
— Усёроўна. Паломанае вудзільна дасьць ім прычыну да сьледзтва.
— Перастань ты, няма прычыны забоціцца, — запэўніў Джоў.
— Нам папалося-бы, калі-б што якое…
— Як? Хто ім раскажа?
Настала нязручнае маўчаньне.
— Добра, — сказаў Капшун. — Толькі мы ведаем пра гэта і так яно мае астацца. Нават нашыя вярхі не павінны пра гэта чуць. Згода?
— Окэй! — згадзіўся Снікі.
— Яшчэ адно, — прадаўжаў Капшун. — Гэтыя фашыстоўскія вырадкі разьдзьмухаюць той выпадак да вялікіх разьмераў, каб зрабіць са Шпака гэроя і мучаніка, а сабе капітальчыку ў карман. На нас пальцамі пакажуць і людзі будуць распытвацца.
— Ад цябе такога не чакаў. Якая ерунда! — казаў Джоў. — Будуць падазраваць… Ну й што з таго? Няма ў іх на нас ніякіх сьветкаў і доказаў. Людзі наплююць на тую бебурнацкую балбатню. Я-ж кажу, — нечего заботиться!
Калі вяртаўся ад Снікі, Капшуну прыгадалася, што была яшчэ адна асоба: Вера Мак. Што яна зробіць? Ці будзе трымаць язык за зубамі? Калі яна закаханая ў Якімовіча, калі той яе ў нечым падазрае ды пастараецца націснуць, дык ці ня выдасьць яна яго, Капшуна? Што рабіць? — вось пытаньне. Магчыма, што дзяўчына, — калі яна ўстрывожаная ды яму давярае, — прыйдзе да яго, каб гэту справу выясьніць? А можа пацягнуць Ніну Ляскін за язык, каб што даведацца ці дзяўчына заінтрыгаваная гэтым выпадкам? Але-ж Ніне пра гэта нічога не гаварыў… Няхай так будзе. Пабачым, пачакаем.