Надыйшлі жахлівыя дні й ночы, ці ночы й дні — Алесь ня мог уцяміць што за чым ішло, калі што канчалася й чым ды дзе абмяжоўвалася. Найважнейшай і прыгнятаючай спанукай было жаданьне, каб пазьбегчы рэальнасьці, акунуцца недзе ў нечым іншым, як у той адной песьні нейкага «мастака» рок-н-ролу сьпяваецца: «спыніце сьвет, я хачу зьлезьці!» Але як гэта зрабіць? Пры помачы алькаголю? Калі ў міражы п’янкі пачнуць прасьвятляцца мазгі, зноў набухай поўную шклянку брыды… Так, ці не?
Калі гэта пачалося? Два ці тры дні назад? Ня прыгадваецца. Хто яго ведае… Часта званіў тэлефон. Многім сябром з працы, і нават самому Давіду Зэлману — таму самаму няспыннаму дынамо, — давялося сказаць, проста з мосту так адрэзаць, каб ня дурылі ягонай, Алесевай, галавы, каб самі адправіліся ў заслужанае імі пекла, а яго, Алеся Якімовіча, пакінулі ў супакоі. Яму гэты бізнэсавы сьвет абрыдзеў, ён апынуўся ў іншым, туманным, дзе траціш ар’ентацыю часу й месца, дзе не стаіць і не цяўкае над табою нейкі гультаяваты цяльпук ці іншая назола. А вы — усе к чорту! Я сам сабе цяпер гаспадар. Напляваць на вас усіх!
Матка, дарагая ты мая, мілая, родная! Дзесьці ў імгле нейкай яна… Плакала, калі намаўляла яго астацца, калі пакідаў яе. І гэта ейнае жахлівае: «Ты чуеш, Янка?» Роспач.
Даволі гэтых телефонных званкоў. Даволі гэтага абрыдлага сьвету. Алесь схапіў і вырваў тэлефонны провад. Во як! Цяпер перастануць дакучаць. Пастанавіўшы, што ён ужо нешта канструктыўнае зрабіў, устаў, пайшоў у пакой з ваннай, пазіраў у люстэрка. Адтуль глядзеў на яго аброслы барадою, з чырвонымі вачмі схуднелы твар. Ці гэта ён, Алесь Якімовіч? Божа мой! У пакоях няма ніякага парадку. У халадзільніку пуста. Колькі гэта часу мінула ад добрай стравы? На цэлае шчасьце яшчэ была гарэлка. Ён наліў палову шклянкі, тут-жа выпіў амаль адным глытком. Як гэта сталася, што галава такая цяжкая, ледзь не цэлую тону важыць?
Ён у піжаме. Ён-жа дома. Гэтак і добра. Навошта нешта іншае апранаць? Алесь расьсеўся ў крэсьле-гойдаўцы на бальконе. Цяпло алькаголю разьлілося па ягоным целе. Блаславёнае няведаньне рэальнасьці. Як цудоўнай і прынаднай ёсьць пустата, калі ты рэальна ня існуеш. Недзе, праўда, адчуваеш нейкія фізычныя патрэбы, функцыі і да таго падобнае… Але затое поўная духовая пустэча. Найбольшая небясьпека на сумежжы, дзе сьвітаньне пераходзіць у зьмярканьне, ці як яно там… Рэальнасьць высоўвае сваю агідную маску. Вон яе!