2

Дзяўчына сядзела на крэсьле ля камінку. Сьвежанькі, дзіцячага выразу й зусім правільных клясычных рысаў твар. Ані шмінкі, ні пудры. Даўгія, хвалістыя, цемнаватыя блёнд валосы. Вялікія, блакітныя й разумныя вочы. Сьціпласьць і поўная канцэнтрацыя. Быццам мастаком вылітая фігура ў тугой белай блюзцы, шэрага колеру андарак у складкі. Вочы ўпіліся ў чалавека, што ў мяккім крэсьле расьсеўся з другога боку камінка.

Сонечнае сьвятло хлынула ў пакой праз вэнэцыйскія заслоны. Ля сьцяны пакою полка з кнігамі дэманстравала сябе вялікім зборам твораў Леніна, партрэт якога вісеў побач на сьцяне. Каля Леніна і творы Горкага, Маякоўскага ды й іншых бальшавіцкіх зброяносцаў. У куце, на стале — руды самавар і пара кубкаў, а на камінку, побач парцалянавых балерынаў, пачарнелы мядзяны конь трымаў кампанію электрычнаму гадзіньніку. Пісьмовы стол зь бізнэсавым старым Рэмінгтонам і купай кнігаў ды папераў займаў абшырнае месца ля сьцяны. Савецкія газэты, мясцовы «Рабочий», часапіс «Тайм» і радфардзкаялевалібэральная «квактуха» «Стар» зь нейкай прычыны добрым ладам пастроіліся на нізкім кафэйным століку.

Нягеглы з выгляду мужчына належаў да тых, пра якіх агульна гавораць, што «нічым ня вырозьніваўся ў натоўпе». Лысаваты, сівы. Прадаўгаваты, з вострым падбародкам твар. Блізка асаджаныя каля простага чырванаватага носу шэрыя вочы, малыя вушы й зморшчаны лоб. Гавайская спартовая кашуля й пакорчаныя штаны, чорныя чаравікі. Рудыя вочкі пільна сачылі дзяўчыну.

— Але-ж і прыгожая вы, міс Мак.

Нізкі голас, на твары лёгкая ўсьмешка. І ўва ўсім гэтым, у голасе і ўсьмешцы нейкая казёншчына, штучнасьць. Сказанае здалося пустым і бясколерным, быццам нехта дэкляраваў устаноўленую вышэйшай уладай цану. Рыгор Капшун напіхаў сваю люльку багатай араматам галяндзкай табакай ды аглядаў дзяўчыну скваплівым зрокам цыгана, што ацэньваў чужога каня. Вера Мак адчувалася ніякавата пад пільным зрокам гаспадара гэтага пакою. Яшчэ ня ведала якія тайніцы гнязьдзіліся пад тэй лысінай.

— Але ваша прыгажосьць ня ёсьць прычынай нашай сустрэчы. Магу спытацца, як вам спадабаўся наш Радфорд?

— Ведаеце, таварыш Капшун…

— Лепш пакінем збоку гэтае «таварыш». Жывём у буржуазным грамадзтве і асьцярожнасьць нас абавязвае. Проста называйце мяне Грыша.

— Ці не занадта фамілярна? Я мяркую…

— Няважна. Рабіце як кажу, — тонам поўнае фінальнасьці сказаў Капшун.

Размаўлялі парасейску. Капшунова мова плыла вольна, без намаганьняў, а ў Веры Мак пракідвалася ваганьне.

— Окэй, Грыша.

— Вось так лепш. Дык пра што мы гэта?

Капшун прыкурваў табаку ў люльцы даўгой запалкай, ізь нейкім задаваленьнем, як быццам гэтая дзейнасьць была найважнейшай для яго на сьвеце і таму поўнасьцю паглынала ягоную ўвагу.

— Ага, пра тваю красату, — гаварыў далей, пусьціўшы клуб пахучага табачнага дыму. — Не магу ня выказаць надзеі, што гэта твая прыгажосьць, калі ўжыць буржуазны тэрмін, ня будзе замінаць у тваёй рабоце, а наадварот…

— Якой гэта рабоце? — перапыніла яго Вера Мак.

— Пра гэта даведаешся ў адпаведны час. Цяпер-жа я толькі хацеў з табой пазнаёміцца, міс Мак. Казалі мне, што там у Балтаве ты займалася карыснай для нашага дзела работай.

— Старалася, як умела.

— За тую адданасьць цябе належна ацанілі, нават паездкай у Савецкі Саюз узнагародзілі. Прашу мяне зразумець, міс Мак: я ня пустазвон і не трапло. Аддаю належнае тым, што на гэта зарабілі. А цяпер прашу сказаць: ці маеш сваякоў у Канадзе?

— Не, ня маю. Ад часу, як замардавалі бацьку…

— Ведаю, ведаю. Вялікае няшчасьце, — перарваў дзяўчыну Грыша. — Але ведаеш нашу рускую прыказку: дзе дровы сякуць, там трэскі лятуць. Спадарыня Мак, ты павінна быць гордая за свайго бацьку. Ён назаўсёды станецца гэроем у анналах змаганьня рабочых-рэвалюцыянераў за лепшую будучыню.

Капшун памаўчаў, сачыў клубы табачнага дыму.

— Значыцца, ня маеш сваякоў. Можаш усіх нас, наш цесны кружок, лічыць сваякамі. На выпадак патрэбы, кліч каго з нас. Ці ты ведаеш беларускую мову, міс Мак?

Дзяўчына задумалася.

— Можа тое, што ад маткі й бацькі. А ў нас у клубе вучылі расейскую.

— Я маю на ўвазе вось што: ці маеш даволі асноваў і дастатковы запас словаў, каб вясьці інтэлігэнтную гутарку пабеларуску?

— Мяркую, што не.

— Гэты недахоп мы абавязкова зьліквідуем. Ты павінна валодаць гэтай мовай так, каб чулася як удома між людзей, якія пабеларуску гавораць.

— Магу спытацца якая ў тым патрэба?

— Як я раней сказаў, гэта ўсё будзе выясьнена табе пазьней. Цяпер я павінен ведаць вось што: ці ты згодзішся навучыцца гэтай мовы? Якая была ў цябе пасьпяховасьць у школе, міс Мак?

— Найлепшыя ацэнкі.

— Добра. Ці маеш яшчэ ахвоту да навукі?

— Ахвоту? Мяркую, што так. Калі патрэбна, дык навучуся, чаму не. А ці вялікая розьніца між расейскай і беларускай мовай?

— Даволі значная. Вядома, што ёсьць дзьве вэрсіі, так сказаць, беларускай мовы. Першая, гэта тая, што ўжываецца ў школах і адміністрацыі ў Савецкай Беларусі. Ёсьць на гэнай мове даволі вялікая літаратура. Дык тая вэрсія бліжэй расейскае. Беларускія буржуазныя нацыяналісты ўзводзяць паклёп на тую мову й называюць яе маскоўскім жаргонам. Другая-ж вэрсія, каторай карыстаюцца бебурнацы, стаіць далей ад расейскай. Ты, бязумоўна, будзеш вучыцца першую.

Капшун устаў, падыйшоў да пісьмовага стала, узяў кнігу зь зялёнай вокладкай і даў яе Веры.

— Тут вось, пачытай крыху з пачатку.

Дзяўчына пачала паволі чытаць. Ейнае вымаўленьне патрабавала шмат паправак. Пазіраючы на двор праз вэнэцыянскія заслоны, Капшун уважна слухаў.

— Гэтага даволі, — спыніў ён дзяўчыну. — Бачу, што нейкі пачатак ёсьць. Пачнеш вучыцца адразу пасьля таго, як тут на месцы ўстроішся. Згода?

— Так, окэй. Ці магу цяпер штосьці вас спытаць?

— Калі ласка.

— Адносна працы. Я-ж мушу на сябе зарабіць.

— Гэта ўсё наладзім. Ці ты мяркуеш, што можаш працаваць у якой краме?

— Магу спрабаваць.

— Добра. Заўтра пойдзеш у Трыфты Тоні й там атрымаеш працу. Адна з нашых дзевак, зь якой сяньня пазнаёмішся, табе паможа. Яна там працуе.

— А хто такі той Трыфты Тоні?

— Гэта вялікая ўнівэрсальная крама, уласнасьць Жыда Зэлмана, нашага імігранта. Ён робіць аграмадны бізнэс.

— Добра. А колькі ён плаціць?

— Нешта каля трыццаці пяці на тыдзень для новых, здаецца. Будзеш старацца, заробіш болей.

Дзяўчына маўчала. У бюро капальні ў Балтаве зарабляла больш пяцідзесяці ў тыдзень.

— І гэта, здаецца ўсё, калі няма якіх пытаньняў, — сказаў Капшун.

— Адносна майго пакою. Дзе буду жыць?

— Коля завязе цябе да дзяўчыны, пра якую я ўспамінаў. Зваць яе Ніна Ляскін. Яна нашага паходжаньня, бацькі недзе з Адэсы, ужо ня жывуць. Я пэўны, што вы добра наладзіце супольнае жыцьцё. Заўтра паведамі мяне, як там пойдзе.

— Окэй, Грыша.

Дзяўчына ўстала і ўзяла сваю сумачку.

— Яшчэ адно, пакуль пойдзеце, міс Мак. Раю вам усё тое, пра што мы гаварылі, трымаць пры сабе, — перасьцярог Капшун, адчыняючы дзьверы.

— А як зь Нінай Ляскін?

— Яна — адна з нашых. Што ёй скажаш, мяркуй сама.

— Добра, Грыша.

— Цяпер пачакай тут, а я паклічу Колю.

Неўзабаве ён зьявіўся з-за дзьвярэй із тым самым шустрым, пад вожыка падстрыжаным маладым хлопцам, які сустрэў яе раніцай на чыгуначнай станцыі. Капшун падаў руку.

— Жадаю табе посьпехаў, спадарыня Мак.

На ягоным твары паказалася нешта наводля ўсьмешкі.

— Дзякуй, Грыша. Буду ў кантакце.

Коля ўзяў ейную валізку. Рэшту багажу пакінула на станцыі і мае яго забраць пасьля. Яны спусьціліся па сходах і пайшлі да аўтабуснага прыпынку. Пад захмараным ліпеньскім небам вуліца чмыхала й гула вялізнай хваляй аўтамабіляў у «раш аўр» — сьпешную гадзіну. Гэтак тут назвалі час, калі мільёны людзей рана й вечарам сьпяшаць на працу ці з працы дамоў. Гвалтоўныя рыўкі ветру тузалі маладое лісьцё кляновых прысадаў, замяталі парэпаны цэмант вуліцы і забаўляліся рознакаляровымі сукенкамі жанчынаў.

— Як далёка да Ніны Ляскін?

— Якіх мінут пятнаццаць аўтабусам. Яна жыве каля цэнтру гораду.

Загрузка...