4

Ніна Ляскін наймала трохпакаёвую кватэру на трэцім паверсе чатырохпавярховага дому на бочнай вуліцы недалёка Квін, — галоўнай вуліцы гораду, што перасякала яго простай лініяй з усходу на захад. Адсюль было вельмі зручна добрым гарадзкім транспартам дабірацца да камэрцыйнага цэнтру.

У адчыненых дзьвярох перад Верай стаяла дзеўка дзесьці ў веку сярэдзіны трыццатых гадоў. Цёмныя валосы, закручаныя ў плястычныя качалкі, якія тубыльцы называюць «кэрлерамі». Твар круглаваты, нос просты, немаляваныя вузкія вусны й цёмна-рудыя вочы. Лагодная сяброўская ўсьмешка. Сярэдняга росту, з малымі грудзьмі. Белая мужчынская кашуля абвісала над тугімі ясна-сінімі абношанымі джынсамі. У гэным месцы й часе дзеўка выглядала зусім мадэрнай. На голых ступнях сядзелі новыя індыянскія скураныя «макасыны», папулярныя мясцовыя шлёпкі.

— Гляньце хто тут! Вітаю, Вера, вітаю, прашу заходзьце.

— Дзякую. Грыша Вам ужо паведаміў пра мяне?

— Так. Але гляньце, што за красотка! — усклікнула дзеўка, аглядаючы Веру. На ейным твары зьявілася запраўднае зьдзіўленьне. — Скажы мне, дзе ты здабыла ўсе гэтыя свае прычындалы?

Вера меркавала як рэагаваць на гэта.

— Ого, што за прывітаньне! Можна да вас, ці не?

— Заходзьце. Будзем знаёміцца: я — Ніна Ляскін, а ты, як мне казалі, Вера Мак.

— Але. Вельмі прыемна.

Вера зайшла ў скромна ўмэбляваны пакой. У куце на тэлевізары спартовы камэнтатар гучным голасам распавядаў пра ўчарашнюю гульню ў вялізным мясцовым гакэйным палацы.

— Сядай. сядай, — запрашала Ніна. — Можа хочаш што выпіць з дарогі? Пастаў свае рэчы, пасьля ўпарадкуем. Што прынесьці?

— Калі маеш, джынджэр эйл.

Неўзабаве Ніна вярнулася з кухні, паставіла на кафэйны столік пляшку віскі, джынджэр эйл, дзьве шклянкі і міску зь лёдам.

— Ты можа галодная? — спытала Веру.

— Ды не, я ела ў цягніку.

— Напэўна скупіньдзя Грыша цябе не накарміў?

— А Грыша скупіньдзя? — зьдзівілася Вера.

— Ну, як табе сказаць? Я не заўважыла, каб ён калі-небудзь раскашэліўся, каб пагрэць нас, дзяўчат, як некаторыя…

Вера разважала, ці гаспадыня гэтага памешканьня дэманстравала сваю дэклярацыйнасьць ці шкадавала, магчыма, што Капшун ня бегаў за ёй.

— Пытаўся ён мяне, ці магу ўзяць пад сваё апякунчае крыло адну нашу асобу, што прыедзе сюды з паўночнае дзічы, — прадаўжала Ніна, напаўняючы шклянкі напіткамі і лёдам. — Прабач мне, ці ты казала, што сам джынджэр эйл, ці і віскі?

— Калі ты ўжо наліла, то вып’ю, — усьміхнулася Вера.

— Дык я тады пытаюся Грышу: а якога-ж кавалера ты мне прышлеш? Ён расказаў мне пра цябе, што патрабуеш памешканьня й працы, добрага нагляду… Дык давай, вып’ем за нашае здароўе і знаёмства.

Стукнуліся шклянкамі.

— За здароўе!

Выпілі па палове налітага. Ніна села побач.

— Грыша гаварыў пра нагляд за мною? — спыталася Вера.

— Ды не, зусім ня тое. Проста прасіў табе памагчы. Ай-я-яй, але-ж зь цябе й цаца! — бясцырымонна разглядаючы прыгожую дзяўчыну, захаплялася Ніна. — Колькі табе гадоў?

— Адгадай.

— Дам табе… ну… дваццатку.

— Ці я запраўды выглядаю так молада? — спыталася Вера.

— Выглядаеш вельмі маладой і прыгожай, — сказала Ніна зь вялікім націскам на два апошнія словы.

— Дзякую. Прабач за пытаньне.

— Пытайся.

— Капшун сказаў мне, што маеш для мяне недзе работу… у нейкім Трыфты…

— У Трыфты Тоні. Так называецца фірма, дзе я працую загадчыцай дэпартаманту. Сама я не гаварыла са старым Жыдам, але надзейная асоба шапнула мне, што патрабуюць дзьве асобы на помач, дык я і сказала Грышу, калі была пра цябе гутарка…

— А што-ж яны плацяць?

— Сорак на тыдзень на пачатак. Ведаю, што гэта мала, але калі будзеш старацца…

— Ну няхай сабе… Хіба-ж на кватэру заплаціць хопіць? — усьміхаючыся Вера пазірала Ніне пільна ў вочы.

— За кватэру нямнога, дзясятка хопіць, — адказала Ніна.

І Вера ня ведала, ці Ніна жартуе, ці што. Не выпадала цяпер таргавацца, бо Ніна Ляскін — ейныя першыя адкрытыя дзьверы ў Радфордзе.

— Ня буду цяпер распытвацца пра варункі працы, бо які-ж маю выбар, — гаварыла далей Вера, пільна разглядаючы гэны клубок шпулек на галаве гаспадыні.

— Спадзяюся, што скора ўложышся. Спачатку, вядома, пакуль разгледзішся, будуць розныя пытаньні… Мне казалі, што ты вельмі актыўная і працавітая дзяўчына.

Вера не магла ведаць колькі й чаго яшчэ расказалі Ніне пра яе. Пажывецца, пабачыцца. Ніна Ляскін выглядала вельмі сяброўскай, бадзёрай, практычнай, верацяном актыўнасьці. На вячэру падсмажыла сьвініну — так званыя порк чопы. Елі з варанай бульбай, зялёным гарошкам з банкі. І паўтарылі тосты за сяброўства й супрацоўніцтва.

Падчас перадаваньня вячэрніх навінаў Вера зь цікавасьцю слухала паведамленьні пра рух на галоўных дарогах, якія тут называюць экспрэсвэйс. Найшырэйшая зь іх, дзе можна ехаць максымальнай скорасьцю 80 кілямэтраў на гадзіну, як вялікі вуж цягнецца праз горад з усходу на захад. Яна на дванаццаць палосаў, ці, як мясцовыя называюць, лініяў. У многіх месцах яна то крыху разгаліняецца, то злучаецца. Агульна гаворачы, гэтая адна дарога, — яе можна было-б назваць супэраўтастрадай — абыймае шэсьць дарог у адным і шэсьць у супрацьлеглым кірунку. Іншыя, падобныя, хоць і меншыя аўтастрады, лучылі горад з усходу, і захаду, беглі і ўскосна з паўдня на поўнач. Горад рос з дынамікай малаведамай у якім іншым месцы гэтага кантынэнту. Вялікія грошы ўкладаліся ў разрост сеткі супэрмадэрных дарогаў і падзямельнага мэтро.

У гэны вечар трымала добрая пагода. Вялікіх выпадкаў на экспрэсвэях ня было, усё-ж наглядчык руху, што апісваў яго падчас перадаваньня тэлевізыйных навінаў, прыгадаў, што за сёлетні год у горадзе па дарогах аўтамабільны рух забіў дваццаць сем чалавек. Многа гэта ці мала? Вера ня ведала. Горад расьце, напружвае свае мускулы. Мясцамі тое ды гэна трашчыць, ірвецца, крышыцца, разьбіваецца, лопае. Хутка растучы гігант мае свае зрывы, правалы. Спрычыняюцца да гэтага мясцовыя палітыканы. Пры дзьвярох — маса эмігрантаў з Эўропы, а там далей ужо чуваць вэрхал Азіятаў, Афрыканцаў і шматліках астравоў Карыбіі.

Назаўтра раніцай пайшлі ў Трыфты Тоні. Пасьля гадзіны, што спатрэбілася на фармальнасьці, Вера Мак атрымала месца прадаўшчыцы.

Загрузка...