12

Спачатку новая пазыцыя на працы замінала шматлікім плянам прыватнага жыцьця. Трэба было пераарганізоўваць, перайначваць, перамяшчаць, устанаўляць новае. Доўгія гадзіны працы. Алесь нават сябе занядбаў. За ўсякую цану новую пазыцыю трэба было замацаваць, наставіць на непахісную аснову. Не пасьлізьніся, бо Зэлман хутка на тваё месца знойдзе іншага. На працягу чатырох тыдняў Алесь апынуўся на добрым шляху. Цяжкая праца прыносіла плёны. Нават ня пытаўшыся ўласьніка Трыфты Тоні Алесь ведаў, што Зэлман быў зь яго задаволены. Вера выдатна спраўлялася на сваёй дзялянцы.

У адну сонечную, Богам блаславёную, нядзелю Алесь пастанавіў, што трэба, як ён жартаваў, праветрыцца. Запрасіў Веру й тая адразу згадзілася. Вярнуўшыся з царквы й парафіяльнага збору, каля гадзіны трэцяй пасьля паўдня націснуў званок пры дзьвярох памешканьня дзяўчыны. Блюза ў кветкі, спадніца гармонікам у складкі, валосы ў пучок, ружовенькі, незапэцканы ніякімі штучнымі прыкрасамі тварык распрамяніўся на прывітаньне.

— Куды паедзем? — спыталася.

— Куды хочаш. Кажы, завязу.

— Чакайце, зараз, — усьміхнулася Вера. — Я-б хацела паехаць туды, дзе многа зелені й вады, дзе можна пахадзіць і паплаваць, і нічога не рабіць а толькі з сонейкам гуляць…

— Добра, — згадзіўся Якімовіч. — Калі йдзе пра тое, каб нічога не рабіць, дык пабачым на месцы.

Алесь завярнуў свой Олдсмабіл, лёгка ўціснуўся ў вулічную хвалю, што плыла ў кірунку возера, а там шмыгнуў на той вялікі экспрэсвэй у захаднім кірунку. Хвілін дваццаць пасьля зьехаў на малую дарогу, якая прывяла да возера. Калі-ж і тая дарога згубілася недзе ў высокай, дзікай траве ў старым, што адміраў, садзе, дзяцюк спыніў аўтамабіль пад старой разложыстай яблыняй. Зьдзіўленая дзяўчына вылезла з аўтамабіля, разглядалася.

— Эй, гэта цудоўна! — усклікнула яна. — Я спадзявалася, што мы едзем некуды дзе ёсьць цывілізацыя.

— Яе, гэтай цывілізацыі, поўна й тут, — адказаў Алесь. — Толькі глянь навокал.

Вера заўважыла яшчэ два аўты, што стаялі воддаль. З-над возера далятаў гоман. Алесь узяў ваўнянае пакрывала із свайго аўта, Вера прыхапіла падарожную торбу. У траве вышэй каленяў ледзь пратаптаная сьцежка абрывам спушчалася да пляжы. Ля вады сядзелі старэйшыя, дзеці гулялі ў пяску й боцькаліся ля берагу ў вадзе. Няшмат людзей, раскошна тут. Лёгкі вецярок з паўдня ледзь варушыў ваду. Возера гэта, якое фактычна ёсьць морам, бо праз раку Сан Лорэнс лучылася з Атлянтычным акіянам, гэтае несалёнае мора сяньня даволі спакойнае. Воддаль на гарызоньце застылі, здавалася, пярынкі ветразяў лодак зь мясцовага яхт-клюбу.

— Як тут цудоўна! — захаплялася Вера. — Поўна месца, адзін другому на нагу не наступіць.

— Я задаволены, што табе падабаецца. Добрае месца, дый мала хто сюды прыяжджае. Цяпер што будзем рабіць? Хочаш купацца?

— Што за пытаньне! Недзе мой купальнік тут узяла. А дзе перапрануцца?

— Можаш у аўтамабілі.

— Окэй, пачакай.

— Я нікуды не ўцякаю.

Гутарку вялі ў сяброўскім тоне. Адразу ў іх так пайшло, безь якіх-небудзь намаганьняў. Алесь чакаў няшмат, разаслаў тое пакрывала, ляжаў на жываце, цешыўся сонцам. Калі дзяўчына зьявілася з саду, дзяцюку карціла добра сьвіснуць з захапленьня, але стрымаўся.

— Ого! Якая ты прыгожая!

Вера пазірала на Алеся ўважна, быццам каб упэўніцца ў ягонай шчырасьці.

— Ці можаш мне сказаць якім плянам яны карысталіся, калі цябе праектавалі?

— Захоўваешся так, як быццам ніколі дзяўчыны ў купальніку ня бачыў! — дакарала Вера зь ледзь выразнай усьмешкай, што кружыла навокал выдатна аформленых вуснаў.

— Мне здавалася, што ты не запярэчыш шчыраму захапленьню. Ляля, цаца, спакуса! Ты належыш у казачныя прыгажуні, табе хвалу павінны сьпяваць розныя гарлапаны-маестры са сцэнаў, а красой тваёй павінны насалоджвацца мільёны!

— Гэта хто так сказаў?

— Я кажу! І прысягаю, што зусім шчыра.

Захоплены Алесь бачыў перад сабою рэдкую красу. Вочы ягоныя, як загіпнатызаваныя, вандравалі ад пальчыкаў на ступнях, па лытках, сьцёгнах, даўжэй затрымаліся на грудзёх. Выдатны экспанат тварэньня геніяльнага майстры дасканаласьці. У дзяцюковым уяўленьні, для параўнаньня, мільгалі мадэлькі, уключна зь мітычнымі Вэнэрамі ды Афрадытамі. А гэтая вось, што перад ім, — сьціпласьць у абдымках прыгажосьці, — павярнулася бокам, правакацыйая іскра ў прамяністых вачох, усьміхнулася.

— Ну як, здала я акзамін?

— Акзамін? — прысьвіснуў Алесь. — У мяне атрымаеш найвышэйшую ацэнку.

Купальнік з двух кавалкаў, ружовага колеру плястыковая шапачка на валосах таксама прыйшліся Алесю да спадобы.

— Калі ласка, прашу, пачакай мяне. Я пайду купальнік надзену.

Калі вярнуўся, дзяўчыны ня было. Заклапочаны, ён аглядаў пляжу. Нехта, хіхікаючы, ззаду закрыў яму рукамі вочы.

— Адгадай хто!

Алесь крутануўся, каб яе злавіць, але дзяўчына хутка высьлізнулася зь ягоных рук, бегла да возера.

— Лаві мяне!

Пакуль Алесь змог нагнаць, яна хутка прабегла плыткую ваду і дала нурца. Алесь даплыў да месца, дзе яна зьнікла. Вада холадам трымала. Раптам дзяцюка нехта ўшчыкнуў за жывот. Алесь раптоўна нырнуў пад ваду. Яе ня было нідзе. Калі ён выплыў, разглянуўся, Вера ўжо ішла па пляжу.

— Гэй там, разява! — памахала яму рукой.

Алесь кінуўся ёй наўздагон. Дзе яна гадавалася? У лесе? Якая хуткасьць, гожасьць цела! Дзяўчына затрымалася і лягла на пакрывала, спакусьлівай усьмешкай вітаючы запыханага дзяцюка.

— Ого-го! Ты запраўды, як маланка. Дзе мне з табой справіцца!

— Можа ты ўжо састарэўся? — кпіла Вера.

— Скажы мне, ці ты вырасла ў лесе, ці ў вадзе?

Ён лёг побач яе, падпёрся правай рукой, прыглядаўся ейнаму твару.

— Ведаеш, як тут цудоўна! Я ня люблю вялікага шумнага гораду. Я вырасла ў абдымках цудоўнае, хоць часам і капрызнае прыроды. Не гавару пра тыя горы скалаў, але-ж там побач была чысьцюсенькая вадзіца вялікага возера ды багатая флёрай і фаўнай, ледзь не бяскрайная пушча. Ох, як гэна ўсё мне падабалася! А ў адной сям’і жыла я ў глыбокім лесе, побач цудоўнага возера і рэчкі зараз-жа за хатай. І ракун, і лось, і казулі былі мне сябрамі. Летам зьбірала грыбы і ягады. Я нядоўга ў гэтым горадзе, што расьце, як звар’яваны, жыву, але мне ўжо тут — адчуваю гэта кажнай клеткай свайго цела, — занадта цесна. Ніколі не замяніла-б таго ды на гэта!

— Дык чаго прыехала ў Радфорд? Ты-ж хіба ня мусіла?

— Захацелася мне пабачыць вялікі й гулкі сьвет, — хлусіла дзяўчына.

Што Алесь Якімовіч сказаў-бы, калі-б ведаў праўду? Але гэты прыгожы хлапец ніяк не падыходзіў да таго тыпу нягоднікаў страйкбрэйкараў, нацыстаў і ваенных злачынцаў, пра якіх гаварылі ў рабочым клюбе Максіма Горкага. Гэткімі-ж ейныя клюбныя сябры і інструктары малявалі амаль усіх пасьляваенных імігрантаў, што не вярнуліся ў Савецкі Саюз пасьля вайны, а апынуліся на гэтым беразе Атлянтычнага акіяну. Да Алеся хопіць часу прыглядзецца. Яна ўжо добра спанатрыла, што бос ёю зацікаўлены. З часу, калі сьвяткавалі ягонае павышэньне, неяк адразу пайшло ўсё на добры лад. Магла чакаць. Першы ход ягоны.

— Ты, пэўне-ж, ня ведаеш краіны, зь якой я паходжу?

Дзяўчына заўважыла, што вочы ягоныя глядзелі дзесьці ў нейкую далёкую, можа перапоўненую імглою, адлегласьць, магчыма, што ў мінуўшчыну.

— Я люблю прыроду, пераважна тую, якую пакінуў удома. Там ёсьць і салавейка, і жаўранак, і бусел, і нават тая нягодніца сарока-белабока, якіх тут няма. Гэта птушкі. А нашы гоні, а нашы пушчы! Белавеская, напрыклад. Некалі каралеўскія і розныя кайзэраўскія ды царскія вяльможы ды розныя меншыя шышкі-магнаты з цэлай Эўропы прыяжджалі туды паляваць на нашых зуброў, дзікоў ды ўсякую іншую дзічыну. А людзі нашы! Добрыя, працавітыя, сумленныя, у Бога веруючыя… Ці ты, Верачка любіш паэзію?

— Так, люблю.

— Ці ты калі чула пра Максіма Багдановіча, беларускага паэта?

— Не, мяркую, што не.

— Выдатны пісьменьнік і паэт. Калі зацікавішся ім, некалі больш раскажу. Цяпер мне на памяць прыйшоў ягоны выдатны і надта вымоўны сымбалічны твор у прозе. Называецца «Апокрыф». Моцна люблю гэты твор, бо ён, як ніякі іншы, найлепш выявіў душу Беларуса.

— Можаш расказаць мне пра яго? — спыталася ў Алеся Вера.

— Аднойчы Ісус Хрыстос, наш Збаўца, зацікавіўся як жыве ягоны народ і зыйшоў на зямлю, каб папахадзіць і паглядзець. І побач зь ім былі сьвяты Пётра і сьвяты Юр’я. І хадзілі яны па ўсіх землях Беларусі, але людзі не спасьцерагалі іх. Хрыстос і сьвятыя бачылі вялікую бяду, глум і цярпеньне. Але заўважылі, што гэтыя запрыгоненыя людзі ўсюды жылі зь песьнямі.

Тады зьдзіўлены сьвяты Пётра спытаўся ў Хрыста, чаму гэтыя людзі, якія на дне галечы, жывуць зь песьнямі. І пачуў такі адказ: — Ты ня бачыш, што гэтыя прыгнечаныя горам людзі песьняй сваю душу выражаюць? Яны сьпяваюць вясной і летам, сьпяваюць калі аруць поле й зьбіраюць ураджай, на дажынкі і ў дзень Уваскрасеньня, зь песьнямі сустракаюць нованароджаных і таксама тады, калі адпраўляюць блізкіх на той сьвет, сьпяваюць на вясельлях і хрэсьбінах, на працы і падчас адпачынку. Сьпеў для іх — значэньне, сэнс жыцьця.

Пётра зразумеў. Яны йшлі побач жытняй нівы і апостал заўважыў, што будзе дрэнны ўраджай. Надта-ж шмат васількоў расло між нягеглых каласоў жытніх. Тады ён спытаўся ў Госпада: — Чаму тут расьце так шмат васількоў у жыце? Ці-ж гэтыя людзі ня ведаюць, што бедная глеба абаіх ня выкарміць? Ці-ж яны такія няведы?

І адказаў яму на гэта Ісус Хрыстос: — Гэтыя людзі, каторыя адкрылі прыгажосьць песьні, таксама ведаюць цану працы. Ды яны ня менш цэняць і красу, а таму й ня вырвуць сьціплага васілька, каб расло жыта. Што-ж гэта за жыцьцё без красы? Для іх васілёк і зьявіўся ўвасабленьнем красы, сьціпласьці і ўзьнёсласьці душы. Яны гэту кветку абагаўляюць. Праўда, што мала ім дадзена цяпер. Ці-ж ты хацеў-бы, каб яны мелі яшчэ менш? І калі яны, Хрыстос і ягоныя спадарожнікі, нябачныя для людзей, праходзілі побач руплівых жнеек то пабачылі, як жанчыны й дзяўчаты спыніліся ды ізь сярпамі ў руках, сьпявалі:

няма лепш цьвяточка над васілёчка.

Лёгкі ветрык падхапіў тую песьню і іншыя галасы жнеек зь іншых ніваў далучыліся да таго хору, які ўслаўляў сьціплы васілёк.

— Гэта запраўды прыгожа, яно натхняе чалавека. Так мне здаецца, як чую пра гэных людзей з Багдановічавага твору. Ці запраўды яны такія, Беларусы?

— Багдановіч ведаў пра каго пісаў. Ён быў геніяльным.

Вера зірнула бліжэй у вочы дзяцюка. Спасьцерагла там нейкі цень, якога раней ня бачыла. Пра бацькаўшчыну, відаць, думаў. Вочы напоўненыя тугою, можа таксама па тым Багдановічавым васільку. Хто ведае… Цяжка зразумець, што гэты чалавек, які, пэўне-ж, любіў свой край і народ, не астаўся там між сваіх такіх добрых людзей. Вера добра зразумела і асэнсавала глыбіню Багдановічавага «Апокрыфу». Дзяўчына цікавілася расейскай літаратурай. У некаторых творах Горкага, якія падсоўвалі ёй у клюбе, прыгадала падобныя элемэнты пра бяду, красу й песьні, якія так умела згарусьціў у адзін кароткі твор Багдановіч. Праўда, той Пешкаў-Горкі бяз Бога абыходзіўся неяк…

Вера не адважылася адчыніць рот для таго кардынальнага пытаньня. Час надыйдзе. Лепшая будзе нагода, каб гэтага цікавага дзяцюка выпытацца пра што трэба. Недзе ззаду маячыўся цень Капшуна, ягонае ганьбаваньне гэтых новапрыбылых, каторыя быццам жывых матак і іхных малых дзетак падчас вайны ў агонь кідалі. А тут вось побач яе чалавек із такой, як выглядае, адкрытай душой і чулым сэрцам… Нешта тут не пасуе — гэты дзяцюк і Капшуноў партрэт…

Больш таго. Гэты прыгажун закрануў і ў ейным сэрцы нейкую чулую струну. Ледзь крыху, але закрануў. Ужо там недзе ззаду можа падасьпець трывога, што яна ня зможа быць да гэтага чалавека, як тыя людзі з клюбу вымагаюць, зусім абыякавай… Адчувала, што нешта, — а што гэта магло быць? — скранулася ў ейным сэрцы.

— Вера, — зьвярнуўся да яе Алесь надта ласкавым голасам, — хацеў-бы і я цябе назваць маёй кветкай, можа не васільком, але нейкім рамонкам…

— Ты што, таксама нейкі паэт, ці як?

— Ды не. Але прызнаюся, што я ня меншы паклоньнік красы, чымся быў наш слаўны Максім, ці, — калі ўжо пашукаць далей, — стварыцель мадоннаў слаўны Рафаэль.

— Во, во, зараз зробіш зь мяне Вэнэру Мілоскую, паставіш на п’едэстал і пакланяцца будзеш. Ха-ха! — шчыра зарагатала Вера.

Спроба сьпіхнуць Алесева прызнаньне на жарт не ўдалася. Румянец разьбегся па твары і вочы ейныя пазьбягалі сустрэчы з Алесевымі.

— Мая прыгожая кветка Вера? Васілёк ці рамонак? Скарэй усяго рамонак.

Алесь насалоджваўся дзявочым зьбянтэжаньнем. Выкрывалася цнатлівая, нікім магчыма незакранутая дзявочая нявіннасьць. Нясьмеласьць, няпэўнасьць у ціхім голасе, які, хаця-нехаця, мусіў гамаваць азарт першых парываньняў каханьня. І тут-жа, у гэтым голасе, нейкі дысананс.

— Алесь, каб ты ведаў мяне, запраўдную…

Гэтта яна завагалася.

— Але-ж, але, зараз раскажаш мне страшную гісторыю, падобную да тых юрлівых апавяданьняў часапісу True Confessions (Запраўдныя споведзі).

— Пачакай, я схаджу да свайго возу й нешта прынясу, — сказаў Алесь. Ён ускочыў, пабег да аўта, выняў спад сядзеньня бутэльку брэнды, другую бутэльку вады «Канада драй». Неўзабаве прыбег да дзяўчыны й зноў сеў побач. Напалову наліў брэнды ў плястыковыя кубкі, з папяровага мяшка выцягнуў загорнутыя ў паперы канапкі, паставіў побач бутэльку з вадой.

— Вып’ем, — запрапанаваў, падаючы Веры гарэлку.

— Ня п’ю я, прабач, — сказала ціха Вера.

— Прашу. хоць крыху, вусны памачы.

— Глядзі, напоіш мяне, бяду будзеш мець, — усьміхнулася дзяўчына.

— За нашае здароўе!

— Добра, за нашае здароўе.

Яна запраўды ледзь вусны памачыла і Алесю давялося колькі разоў спанукаць, каб выпіла тое да дна.

— Так што ты запраўды ня хочаш слухаць пра мяне? — спыталася, гледзячы Алесю ўважна ў вочы, кусаючы канапку.

— Калі маеш нязвычайную, нейкую надта цікавую гісторыю з жыцьця свайго дык напішы ў той часапіс «Тру канфэшанс», куды ўсе пакрыўджаныя ці азартныя дзеўкі пішуць, — жартаваў Алесь.

Вера не сьмяялася.

— Магчыма, што некалі раскажу й зразумееш…

Алесь уважна зірнуў на яе. Што такое яна можа яму расказаць? Можа пра першае і катастрафальна-няўдалае каханьне? А можа пра тое, як яны тут цярпелі падчас слаўнае вялікае дэпрэсіі, ці пра тое, як за іхныя рабочыя клюбы заступаліся камуністы?

Пасьля таго, як Алесь выпіў другую брэнды, гэтым разам на солё, адчуў што хлынула цяпло ў галаву.

— Дык што, можа пабяжым зноў паплёхацца?

Ледзь скончыў, а дзяўчына ўжо была на нагах.

«Але-ж і дурань я, мусіць закахаўся!» — сьмяяўся сам зь сябе Алесь пад вечар, калі адвёз дзяўчыну й вярнуўся на кватэру.

Загрузка...