Алесь жыў у паўночным прадмесьці. У тым дзесяціпаверхавым будынку жылі пераважна людзі зь сярэдняе вышыні заработкамі. Арэнда тут высокая. Алесяў апартамэнт меў добра ўмэбляваную сьвятліцу, спальню, кухню й ванну з прыбіральняй. Дзьверы са сьвятліцы выходзілі на балькон чацьвёртага паверху. Адсюль раскрывалася велічная панарама гораду, што цяпер рос як на дражджох.
Летні дзень, з дробнымі хмаркамі ў вышыні, лёгкім ветрыкам і тэмпэратурай каля сямідзесяці Фарэнгайта спанукаў Алеся на балькон. У кухні нарыхтаваў сабе сёе-тое, каб «замарыць чарвяка»: віскі, ваду, лёд, аліўкі, копчаныя устрыцы, пару кавалкаў жытняга хлеба й кіслы агурок. На бальконе паставіў паднос з гэтым дабром на пераносным століку побач крэсла-гойдаўкі. Любіў гэтае крэсла. Як хораша з кніжкай у руцэ адпачываць ці думаць, гойдаючыся ў ім, калі намагаешся апынуцца ў іншым сьвеце чымся той, што бяз стомы наступае на цябе з усіх бакоў.
З гэтага балькону можна было назіраць хуткі рух на тэй супэрэкспрэсвэй — вялізнай дарозе, што перасякала горад. Вочы вандруюць далей на поўдзень да вялікага прастору цяпер шэра-сіняга возера. Там групы ветразьных лодак, магчыма ў нейкіх спартовых гонках. Налева крыху — цэнтар гораду, горб найвышэйшых будынкаў расьце ўверх і ўшыр. Зь вялізнага лётнішча на захадзе чуваць гул.
Якімовіч ня думаў пра тое, што бачыў з выгаднага крэсла-гойдаўкі. Выпіў паўшклянкі віскі зь лёдам, закусіў устрыцай з агурком і хлебам. Сяньняшнія падзеі змусілі яго зірнуць у мінулае — адкуль і як пачаў тут, у гэтым горадзе, — ды падумаць і пра будучыню.
Гады ці ня тры назад пачаў працаваць у Трыфты Тоні. Прыгадваецца душны ліпеньскі дзень. Падбіты, змучаны, смага ў горле, душнае-парнае, — характэрнае ў раёне вялікіх вазёраў Амэрыкі, — надвор’е. Зьнямога. Карціць прылегчы дзесьці ў цяньку пад дрэвам у парку. Спакуса! Лепш прэч, вон яе! Там бамы. Гэта мясцовыя гультаі-абібокі, што мала чым, апроч пошукаў бутэлькі віна й якога гат-дога, цікавіліся. А гэтта побач іх зладзеі, прастытуткі, наркаманы. Не, Алесю туды нельга. Ён верыць, што нейкую працу сабе абавязкова знойдзе. Ходзіць гэтак па горадзе ўжо ня першы дзень, у шматлікія дзьверы стукае. Бегае па многіх адрасох, што з абвестак у газэтах. Дарэмна. Ломаная ангельская мова, ніякай канкрэтнай прафэсіі. Што ты хочаш у вялікім чужым горадзе?! Гэта ўсё пасьля таго, як адгакаў год кантракту ў пушчы на поўначы. Цяпер-жа — падбітыя ногі, зьнямога духовая і фізычная. Трэба шукаць сваіх. Недзе-ж яны тут ёсьць. Але тымчасам… што гэта вось тут на рагу? Гляньце, людцы мілыя! Дзівосы нейкія. Падыйдзем, прыгледзімся.
Разінуўшы ад зьдзіўленьня рот, стаяў перад рэклямай, падобнай якой і ў гэтым горадзе ня знойдзеш. Наверсе будынку, што на рагу вуліцаў, на цэлую даўжыню, можа мэтраў дваццаць, франтавой сьцяны вялізнымі літарамі напісана:
Пабеларуску гэта гучэла так: Трыфты Тоні ня ёсьць абібокам. Ён цяжка працуе, каб заашчадзіць табе грошы!
А ніжэй на мэтры два ад таго верхняга Трыфты Тоні скардзіўся:
Гэта трэба разумець так: Наш малы даход морыць нас начамі бяссоньніцай.
Апроч гэтых двух галоўных напісаў, па сьценах былі распаўзьліся розныя варыянты гандлёвай этыкі Трыфты Тоні. Агульным назоўнікам, ці, — калі вам падабаецца, — крыкам гэтай прапаганды, быў-бы лёзунг: сьпяшыце да нас, усе людзі добрыя, паадзіночна і разам! Між аграмадных напісаў тырчэлі каляровыя галовы клоўнаў, што быццам рагаталі зь бізнэсавай этыкі Трыфты Тоні. Алесь перайшоў вуліцу, каб прыгледзіцца гэтаму дзівосу зь іншага боку.
Людзі таўкліся ля выставачных вокнаў быццам пчолы ля лёткі вульля ў сонечны вясеньні дзень. Нізы сьценаў абляпіліся здымкамі вялікіх чэргаў у дзьвярох крамы. Побач іх — лісьлівы твар самога ўласьніка крамы падахвочваў гэты шчасьлівы спажывецкі народ. Ура! Хадзіце. паўзіце, налятайце, спажывайце! Няспынным гужам сьпяшыце ў дзьверы крамы!
Надта павялічаныя газэтныя артыкулы, таксама ў гумарыстычным тоне распавядалі пра выдатнага чалавека гэнага самага Трыфты Тоні, каторы адно для твайго дабра на гэты сьвет зьявіўся. Уся гэтая рэклямная кампазыцыя, у вясёлым тоне карнавальная маска вечарам зіхацела й пералівалася-рухалася сьвётламі электрыкі.
Алесь меркаваў ці варта і яму заглянуць у сярэдзіну. З тае пушчы ўжо на спадзе былі ягоныя сьціплыя фінансы, але-ж можна адно паглядзець, не абавязкова купляць. Увайшоўшы ў краму тут-жа сустрэў стоража. Вопратка ягоная, быццам паліцэйская, цёмна-сіняга колеру, з рознымі бліскучкамі, як у нейкага адмірала. І фігура самога дзядзькі гэтага надта-ж аўтарытэтная. Заданьне ягонае, відаць, памагаць ці даваць інфармацыі тым надта добрым кліентам, якіх шчасьлівы лёс сюды прынёс. Пэўне-ж, — і гэта, магчыма, галоўны абавязак вартаўніка, — за зладзеямі трэба сачыць.
Алесь акунуўся ў нейкае сьцюдзянейшае паветра. Ага. Тут, пэўне, у гэтай вялікай краме, быў ахаладжальнік паветра. Магчыма, запраўды, гэты Трыфты Тоні пра кліентаў дбаў! Падбадзёраны, асьвежаны Алесь пастанавіў заняцца разьведкай.
Горы тавараў. Гушча народу. Алесевы вочы разьбягаліся, калі задаволены, што зайшоўся сюды, разглядаўся і меркаваў, што рабіць далей. Прыгадалася яму захапленьне аднаго сябры, калі прыехалі ў Канаду. Той, зачараваны багацьцем усялякага дабра ў крамах, узьнёслым голасам захапляўся:
— Але-ж і Канада! Усяго ўсяго поўна! Абы толькі грошы!
Алесь папытаўся ў таго важнага дзядзькі вартавога ў адміральскім мундзіры дзе Трыфты Тоні мае кантору.
— Шукаю працы, — сказаў ён яснавалосай жанчыне за сталом пры тэлефоне. — Ці маеце што-небудзь?
— Я няпэўная. Магчыма. Сядайце, калі ласка, — ветліва адказала жанчына. — Мушу боса знайсьці.
Неўзабаве ў дзьвярох зьявіўся чалавек сярэдняга росту, хударлявы, смуглы твар, із залысінамі. «Гэта-ж ён, — імгненна спасьцярог Алесь, — той самы, што на рэклямных здымках, сам Трыфты Тоні».
— Вось чалавек да вас, Дэйвід, — сказала сакратарка.
— Шукаю працы, — устаў з крэсла Алесь.
— Працы? Якой хочаш працы? Ты даўно ў Канадзе?
Уласьнік Трыфты Тоні спасьцярог Алесеў акцэнт, а сам гаварыў шпарка, напэўна сьпяшыўся. Алесь наважыўся ісьці на пралом.
— Я хачу працы. Можа ня ведаю чаго, але навучуся… Я ў Канадзе ўжо больш як год. На поўначы ў пушчы кантракт адрабляў…
— Зь якой краіны ты прыехаў? — спытаўся ў яго Зэлман.
— Зь Беларусі.
— Дык ты Беларус?
Уласьнік Трыфты Тоні пераключыўся на беларускую мову, а твар ягоны зазьзяў прыязнай усьмешкай. — Знаеш Пінск?
— Так, знаю Пінск, горад на Палесьсі.
— Я адтуль. Хадзі ў маё бюро, малады чалавек.
Калі Давід Зэлман пасяброўску ўзяў Алеся за руку й накіраваў яго ў сваё бюро, змучаны доўгімі пошукамі працы дзяцюк нарэшце спанатрыў, што здабыў сабе ўжо нейкае месца ў гэтым горадзе. Узяўшыся за працу пры вешалках з гальштукамі назаўтра раніцай, Алесь пастанавіў, што ад гэтага часу ён павінен сканцэнтраваць сваю ўвагу на двух прадметах: вырашыць, дзе была крыніца дынамізму, што няспынна паганяла Давіда Зэлмана ды пазнаць-вывучыць спружыны ягонага бізнэсу.
Сам Зэлман быў няспынна ў руху і такім чынам дадатна ўплываў на іншых. Ён адразу спасьцярог Алесеву пільнасьць пры працы і ці раз ня скупіўся на словы парады.
— Алесь, глянь, — казаў ён, — я прыехаў сюды перад вайной. Нічога ня меў апроч яснай галавы і ахвоты да працы. Былі цяжкасьці, рызыка. Бяз гэтага нічога ня бывае. І помні: гэта ёсьць вялікая краіна із многімі пэрспэктывамі для тых, што ўмеюць працаваць і рызыкаваць. Я зрабіў сваё і бачыш, што ўжо нешта маю. Але гэта толькі пачаткі, найбольшае ўсё наперадзе. Працуй, хлопча, працуй, вучыся, мей розум. Гэты бізнэс будзе расьці і мы будзем расьці разам зь ім. Я бачу, што стараешся. Гэта добра. Помні, што ў гэтым гешэфце няма месца для разявякаў. Ясна?
Алесю падабалася тое ўсёабдымнае «мы». Адчуваў сябе ўжо жывой часткаю няспынна растучай машыны. Два гады хадзіў на вячэрнія гандлёвыя курсы, здабыў асноўныя і зусім неабходныя бізнэсавыя веды. Цяпер іх можна пашырыць у практыцы і адтуль ужо накіравацца ў матар’яльна больш бясьпечную будучыню.
Нейкі час Алесь працаваў на складзе. Адсюль выгадна можна было прасачыць рух тавараў, што прыходзілі ў краму. Закуп тавараў даручылі Якімовічу пазьней. Спачатку Зэлман накіраваў яго на жартаўліва названыя ім скаўцкія падарожжы. Алесь наведваў шматлікія крамы, параўноўваў цэны розных тавараў. Пабі канкурэнтаў! — галоўны дэвіз Трыфты Тоні. Адпаведная сэлекцыя тавараў, хуткі іх рух і мінімальны адміністрацыйны кошт — вось тыя тры кіты росту Трыфты Тоні. А карнавальная маска на рагу двух вуліцаў блізка цэнтру гораду прынаджвала шмат кліентаў.