43

Неўзабаве пасьля Новага году Нік наведаў Мантрэал. У першы дзень палагоджваў бізнэс, а на другі пайшоў заглянуць у мясцовы тэатр барлеску. У сваіх тэатральных упадабаньнях Нік меў просты смак. Падабалася яму шорсткая камэдыя больш чым нейкая складаная і сур’ёзная драма, мэлядыйная апэрэта брала верх над гранд-опэрай. Часта заглядаў у барлеск.

У раньні час, калі ён прыйшоў, на залі пуставала многа крэслаў дык Нік прымасьціўся ля самай сцэны. Нейкае маладое гарлапаністае стварэньне прасьпявала пару папулярных нумароў пап-музыкі, выступаў штукар. Канфэрансье рэклямаваў гурт уежджаных, не адну вупраж знасіўшых «цудоўных маладых прыгажуняў». Гэныя прыгажуні, што выбеглі пабрыкаць на сцэне, пад тоўстымі слоямі пудры й памады на сваіх тварах маскавалі сваю «маладосьць».

Нік ужо пазяхаў у нейкай нудзе і разважаў, ці ўжо выйсьці, калі канфэрансье, пасьля колькіх грубых анэкдотаў пра сэкс, прапанаваў зорку атракцыі.

— А цяпер, паважаныя спадарыні й спадары, — урачыста гаварыў ён, — маю прыемнасьць прадставіць вам галоўную атракцыю сяньняшняга шову, замаскаваную цудоўную прыгажуню. Ніхто ня ведае адкуль яна ў нас зьявілася й куды пойдзе. Залежыць ад вас, ці вы тут яе затрымаеце, ці ў новую дарогу адправіце. Вось даю вам зорку — «Замаскаваную Прыгажуню»!

Бляндынка сярэднягя росту, на твары мела надзетую ружовага колеру маску. Калі павольнымі й плаўнымі рухамі пачала яна хадзіць па сцэне й распранацца пад саладжавую мэлёдыю флейты, Нік захапіўся формай надзвычайна прыгожай фігуры. Просты, без амаль заўсёды прысутнай у такіх паказах вульгарнасьці, танец. І маўчала, у захапленьні ад гожай формы на сцэне, мужчынская грамада. У рухах танцоркі пракідвалася для Ніка нейкая надзвычайная паэзія. Маладое, пругкае цела. Не, гэта яна ня з тых уежджаных прыгажуняў, што раней выбеглі на сцэну пабрыкаць. Цудоўная! — захапляўся Нік Лок.

Калі танцорка прыблізілася на край сцэны, Ніку здалося, што ён распазнаў абрысы твару яе… нейкія, недзе бачаныя. Дзяцюк пачаў уважней прыглядацца. Дзяўчына, калі зноў апынулася блізка яго, зрабіла рух, мімалётны рух распазнаньня, ці што… Ці гэта магчыма? Так, гэта мусіць быць яна, а ня хто іншы. Трэба будзе праверыць, пастанавіў Нік. Калі не асьмеліцца, ня будзе мець супакою. А навошта-ж маска? Калі на паказ выстаўляеш усё цела, за выняткам толькі эратычнай зоны, дык якая прычына, каб схаваць твар? Сарамлівасьць? Нешта іншае. Хочаш грошы зарабляць і быць інкогніто. Вось яно. Пабачым.

Нік меркаваў, што да загадчыка трупы дарэмна ісьці, прозьвішча дзяўчыны ў масцы ён, пэўне-ж, не назаве. Што аставалася? Спрабаваць заглянуць за сцэну? Рызыка невялікая. Калі прагоняць, ну дык што…

Як толькі апусьцілася занавеса, Нік шмыгнуў праз левыя дзьверы за сцэну. Ён апынуўся ў вузкім калідоры і пазіраў на некалькі дзьвярэй, мяркуючы ў каторыя пастукаць. Дзьве жанчыны з тых размаляваных і напудраных прыгажунь, што брыкалі раней на сцэне, выйшлі з аднаго пакою і Нік спытаўся ў іх дзе знайсьці «маску». Адна зь іх паказала дзьверы якраз у той час, калі ў канцы калідору зьявіўся мускулясты выкідайла. Нік хутка адчыніў паказаныя дзьверы і ўвайшоў. Ён апынуўся ў малым пакоі, дзе ў кутку, ля камоды зь люстэркам і рознай касмэтыкай і прыладамі для прыхарошваньня валосаў і твараў якраз і ўбачыў дзяўчыну, але бяз маскі. Яна ўжо апранула сябе ў джынсы й ружовую разьлятайку. Дзяўчына павярнулася да Ніка ад люстэрка на камодзе. Устала.

— Я цябе чакала, — сказала такім тонам, быццам яна ўчора з табою бачылася.

Нік прыгадаў змарнелага, худога, рашчараванага і горам зьбітага ды зьбянтэжанага чалавека, якога бачыў пару дней назад. А вось перад ім, у роўным пульсе свайго пругкага цела, з пышнымі хвалямі валосаў, выклікам маладосьці ў прамяністых вачох стаяла Алесева цацанька, ідэал ягонага каханьня, нібыта сьціплая цнотка, за якую дзяцюка і цяпер морыць бяссоньніца.

— Ты сука! — гаркнуў на яе Нік і навотмаш правай рукой сьцебануў Веру па твары. Яна абапёрлася на верх камоды.

Ззаду скрыпнулі дзьверы і Нік азірнуўся. Здаравенны выкідайла затрымаўся ў дзьвярох.

— Джан! — зьвярнулася да яго Вера, гладзячы шчаку, якая смылела. — Гэта мой сябра. Не чапай яго!

Выкідайла выйшаў.

— Сядай, Нік, — паказала дзяўчына рухам рукі канапу.

Яе ўпэўненасьць голасу і ўсьмешка на твары зусім абяззброілі Ніка. Ён сеў.

— Цяпер, мне здаецца, што табе выпадае выясьніць тую аплявуху і зьнявагу мяне.

— Прашу цябе, Вера, выбач мне. Мяркую, ты дагадваешся, чаму я руку на цябе падняў. Я хацеў-бы пачуць выясьненьне ад цябе. Павер мне, што калі-б я нават шукаў цябе, дык ня ў гэткім тэатры ды яшчэ як нейкую зорку ў стрыптызе. Калі я цябе пазнаў, пастанавіў з табой пагаварыць. Я прыгадаў пакрыўджанага і зруйнаванага табой Алеся. Рука засьвярбела. Разумееш?

— Бачыш, дык усё-ж праўда была мая?

— Якая гэта праўда?

— Ты сказаў, што калі-б шукаў мяне, дык ня ў гэткім тэатры і не ў такой ролі. Затое я і ёсьць тут.

— Ты хочаш сказаць, што хаваешся? У масцы?

— А як ты думаеш? Але цяпер, калі ты мяне ўжо знайшоў дык няма патрэбы больш хавацца. Так ці не?

— Слухай, зайдземся ў рэстаран, там пагамонім.

— Окэй, пачакай, я надзену пальто.

Зайшліся ў суседні рэстаран і селі пры стале ў куце. Гэтта было ціха. Замовілі напіткі і па гамбургэру на кажнага. Нік уважна аглядаў дзяўчыну. Падумаць адно, у стрыптыз палезла. Якім гэта чынам? Нешта тут загадкавае. Ад каго яна хаваецца?

— Можа-б ты мне расказаў перш пра яго? — запрапанавала Вера, калі прынесьлі напіткі.

Прынаднасьць ейнага твару, як і раней, — заўважыў Нік, — амаль не аздобленая касмэтыкай, натуральная.

— Можна й так, — пачаў дзяцюк, — хоць, запраўды, ня ведаю ад чаго пачынаць. Скажу адразу самае найважнейшае: сяньня Алесь амаль зусім зруйнаваны чалавек. І найгоршае ў тым, што ён пра нічога ня дбае, адным словам напляваць яму на ўсё. У яго амаль няма грашовых сродкаў…

— Чаму ён так? І чаму ў яго няма сродкаў?

Нік уважна зазірнуў у дзяўчыніны вочы. Там, дзе калісьці было недаўменьне ці дзявочая сарамлівая прывабнасьць, цяпер вылузвалася самаўпэўненая зухаватасьць.

— Дзіўна чуць такое пытаньне ад цябе, — Нік падкрэсьліў «цябе», — каторая сталася прычынай ягонай дэградацыі. Ён-жа не працаваў амаль ад таго часу, калі ты зьнікла.

— Чаму? Што зь ім? Давід яго выкінуў?

— Ніхто яго ня выкідаў. На працу ён не пайшоў, а зачыніўся ў сваім апартамэньце й гарэлкай пачаў залівацца. Мы ўсе намаўлялі яго, каб апамятаўся, сам Давід наведаў яго. Ён нікога не паслухаў. Казаў, што хоча, каб гэты сьвет пакінуў яго ў супакоі, у адзіноцтве, бо ён мусіць сам усё абмеркаваць, перагледзець, параацаніць. Выглядаў ён як чалавек, што вось-вось у абдымкі сьмерці наважыўся йсьці. Апроч таго ўдару, які ты яму зрабіла, быў у яго іншы крызіс. Камуністы пачалі шантажаваць яго празь ягоную бедную і запалоханую матку. І гэты другі ўдар яму, відаць, волю адабраў. Маці пісала яму пару разоў, прынагляла, каб дамоў вяртаўся.

— Аж гэтак! О, мой дарлінг, мой міленькі Алесь!

У голасе дзяўчыны турбота, а ў вачох спагада.

— І што яшчэ?

— Ён быў і, я веру, цяпер ёсьць шалёна ў цябе закаханы. Некалькі разоў, калі пра цябе была згадка ў гутарцы, ён круціўся-вярцеўся быццам чарвяк на кручку. Напінаўся, гарачыўся, так эмацыянальна цярпеў, што нам здавалася можа мець удар сэрца. Прашу цябе мне верыць, замаскаваная прыгажуня.

— Нік, будзь добры, не называй мяне гэтак.

— Выбач, мне здавалася, што ты гэта любіш.

— Не, ня люблю, ані таго, што на сцэне паказваю…

— Таму й замаскавалася?

— Так і не. Але мне не залежыць, каб людзі ведалі, што займаюся такім… мастацтвам.

Апошняе слова дзяўчына вымавіла зь нясмакам.

— Ага, мне няясна было. Дык пра што гэта мы? — Ты апавядаў як Алесь цярпеў з-за мяне.

— Чуў пра гэта зь ягоных вуснаў, Алесь меў да цябе сур’ёзныя намеры. Ты была ягонай марай, а тут аказалася, што ты ня толькі зьяўляешся спрытнай абманшчыцай, але нават нейкім чынам зьвязаная з забойствам пісьменьніка Шпака. Уяві ягоны боль. Я ня ведаю колькі ў тым праўды…

— Раскажы мне пра ягоную матку.

— Выглядае, што камуністы на яе населі. Алесь проста забівае сябе турботамі бо ня можа старой і беднай жанчыне нічым дапамагчы. Пачкі дзьве, з вопраткай, здаецца, выслаў. Загад адтуль просты і ясны: вяртайся дамоў без адвалокі!

— Мяркуеш, што ён паедзе? — спыталася Вера з трывогай у голасе.

— Ня ведаю. У такой сітуацыі, як ён цяпер знаходзіцца, дык цяжка нешта прадбачыць.

— Так хацелася-б яму памагчы, — сказала дзяўчына.

Нік ледзь не падскочыў з радасьці, схапіў яе за руку.

— Верачка, дарагая, хочаш? Скажы слова. Ты адзіная, што можаш вярнуць яго да нармальнага жыцьця.

— Так думаеш?

— Я пэўны гэтага. Праўду табе сказаць, дык ён быццам цябе зьненавідзеў. Абвінавачвае цябе за тваю долю ўва ўсіх ягоных няшчасьцях. Зь іншага боку ён кахае цябе як і раней, прападае безь цябе. Людзі кажуць, ведаеш, што каханьне й нянавісьць — блізкія сваякі. Ня ведаю. Асьмелюся сказаць, ведаючы яго добра, што ён аднаго дня спадзяецца твайго вяртаньня.

— Бедны хлапец, — шчыра й паволі сказала Вера. Яна заказала яшчэ адзін напітак, канчала свой гамбургэр.

Нік прыглядаўся ёй і думаў, ці яна апынулася ўжо ў тых учэпістых руках, якія зацягнулі яе ў сьвет распусты, зь якога няма назад дарогі.

— Мне прыкра чуць, што ён на мяне за ўсё віну звальвае. Бачыш, Нік, я таксама закаханая ў яго, як раней, а можа й больш. Справа ў тым, што цяпер яшчэ не магу да яго вярнуцца…

— Чаму не? Твая праца?

— Гэта ня ёсьць галоўнай прычынай. Ты, Нік, мяне поўнасьцю ня ведаеш. Гэта даволі скамплікаванае, цяпер ня буду выясьняць… Адно магу сказаць, што я цяпер на раздарожжы, ня зусім ведаю, што маю далей рабіць. Пэўныя рэчы патрабуюць разьвязкі. Я старалася знайсьці выхад, але тымчасам не магла.

— Што за праблемы ў цябе? Што можа быць важнейшага за тое, чымся памагчы чалавеку, каторага кахаеш?

— Нік, прашу, не насядай на мяне. Не магу сказаць… Ці ты думаеш, што я вось цяпер адразу не пабегла-бы да яго, калі-б магла? Такая, як я ёсьць цяпер, яму не змагу памагчы.

— Але-ж некалі да яго вернешся?

— Спадзяюся, Нік. Шчыра гавару.

— Скажы мне, калі ласка: ці ты яшчэ цяпер скрываешся ад паліцыі і чырвоных?

— Хто сказаў, што я скрываюся ад паліцыі і чырвоных?

— Наколькі памятаю, Алесь так сказаў. Ён нават прадугледзіў магчымасьці небясьпекі для цябе ад камуністаў.

— Аж так? Ну, можа я й скрываюся…

Наступіла маўчаньне. Нік зірнуў на гадзіньнік.

— Сьпяшыш, Нік?

— За гадзіну сядаю на аўтабус.

— Ілгун ты, Нік. Ад якога гэта часу вы, з экзэкутывы, езьдзіце аўтабусам?

— Твая праўда. Самалётам еду.

— Вось так лепш. Дык ня маеш часу?

— Для цябе часу ў мяне хопіць. Хочаш яшчэ віна?

— Я ня супраць.

Нік заказаў напіткі.

— Цяпер твая чарга. Як-жа ты знайшла такую цудоўную працу? Я ніколі не падазраваў, што ты здольная да такой, як гэта, сьціпла гаворачы, паказухі… Я-бы прысягнуў… Табе гэта падабаецца?

— Я ненавіджу гэткую працу, — скрывілася Вера. У вачох зьзяла шчырасьць. — Усе гэтыя мужчыны цябе проста праглынаюць, няведама што ўяўляюць, — у вачох такая юрлівасьць… Між іншым, як я табе спадабалася?

— Надзвычайна! Ці маю выразіць сваё захапленьне з кветкамі?

— Нік, прашу цябе, ня зьдзекуйся! Мне нялёгка. Добра, што маска…

— Дык ты хочаш быць ананімнай? Калі такую працу гэтак ненавідзіш, дык хто цябе змушае да яе?

— Ніхто, Нік, ніхто. Абставіны… Мне прыкра, Нік, шмат рэчаў не магу табе высьніць. Я паехала ў Ню-Ёрк, спадзявалася знайсьці там недзе працу ў якой канторы сакратаркай. Мела там сяброўку. Не ўдалося мне. Аказалася, што адна знаёмая працуе ў гэтым барлеску. Калі пабачыла мяне, пачала хваліць мой выгляд і раіла мне паспрабаваць стрыптыз. Я кпіла зь яе, каб адчапілася ад мяне. Яна сур’ёзна пераконвала мяне, што гэта зусім паважная прафэсія.

Нік уважна пазіраў у ейныя вочы. Ня бачыў у іх ценю хвальшу.

— Я апынулася ў цяжкім становішчы. Бяз працы, у пазыкі залезла. Даходзілі слухі, нібыта мяне шукаюць. Які-ж тут маеш выбар? Аднаго дня я лістала нейкі журнал і пабачыла жанчыну ў масцы. Голад і даўгі — не сябры. Нарадзілася ідэя… ў масцы. Сяброўка мяне завяла.

Вера спынілася.

— Ну і?

— Нік, запраўды я не прадбачыла, што там ёсьць аж так многа кандыдатак. Ніколі не ўяўляла. Ну, я меркавала, што й тут будзе завал. Калі-ж ёсьць, як відаць, такі вялізны выбар, дык ты мусіш пэўна таму энтрэпрэнеру сэксам адгадзіцца, ці што… Усё гэта мне здалося агідным.

Падалі напіткі. Вера перастала апавядаць, быццам чакаючы, каб Нік яе спанукаў.

— Дык, за тваё здароўе! — Нік падняў келіх з брэнды.

— На здароўе.

Вера ледзь памачыла вусны віном і прадаўжала.

— Калі прыйшла мая чарга, я пайшла на інтэрвю. Праўда, гэта цяжка назваць словам «інтэрвю». Той агент намякаў, рукамі лез, можаш уявіць сабе. Здавалася мне, што памру з сораму. Я ўцякла дамоў і плакала…

І запраўды сьлёзы наплылі ў ейныя вочы. Выняла хустачку, выцерла іх. Ніку зрабілася няёмка.

— Ведаеш, — прадаўжала Вера, — усё-ж ня было выхаду. Пайшла назад і, пасьля спробаў на сцэне, мяне ўзялі.

— Прабач за пытаньне: мусіла ты яму сэксам заплаціць?

— Нік, ня ткай носа туды, дзе ня твой бізнэс… Хоць я магу з гордасьцю сказаць, што абыйшлося бяз гэтага. Цяпер твая цікавасьць ужо задаволілася?

У вачох ейных зьявілася перамога.

— І як-жа так скора ты да зоркі дабралася? — насядаў Лок.

— Але-ж ты недаверлівы, Нік. Скажу праўду: трыкі памаглі!

Яна зьдзекліва ўсьміхнулася.

— Ці магу ўсё гэта пераказаць Алесю?

— Нік, барані Божа, не рабі гэтага!

Голас ейны задрыжэў. «Добры знак», — падумаў Нік.

— Чаму-ж ты ня хочаш, каб я твайму дарлінгу ўсё расказаў? Можа ён будзе захоплены тым, што ягоная мара ўжо зоркаю стрыптызу сталася? Можа гэтая вестачка ўваскросіць яго з дэградацыі? Га?

— Нік, навошта тут твая іронія і розныя кручкі? Я не магу гэтага зьнесьці, бо сёе-тое чула пра тваю мараль. Якое права маеш адносіцца да мяне, як нейкі судзьдзя? Ці ты ведаеш маю праблему, ці тыя абставіны, у якіх я была апынулася? Ты расказваеш пра Алеся і спачуваеш яму. Дзякую табе за тое, што ты памагаў чалавеку, якога кахаю. Але пра мяне, упікаць мне? Прабач…

Дзяўчына злавалася і ў гэнай злосьці станавілася надта прывабнай. Іншая, на яе месцы, даўно апынулася-бы між сапсутых наркотыкамі прастытутак. Запраўды, Нік набраў да яе пашаны цяпер, вось у такой адкрытай гутарцы. Алеся якраз вось такая асоба можа выцягнуць назад з дрыгвы дэградацыі.

— Прабач, Вера, я мусіў-бы крыху накш… Можа гэта нешта такое ў маім характары, што пхае, каб іншых крыўдзіць. Выбачыш мне?

— Я табе ўжо прабачыла, — зазьзяў твар Веры.

— Дзякую. Ты — надзвычайная дзяўчына. У адну хвіліну ты ўспыхнеш выбухам злосьці, а ў наступную прамянішся сонечнай усьмешкай. Гаворачы шчыра, я зайздрошчу Алесю.

— Цяпер-жа ты лісьлівы…

— Ды не… Хачу спытацца, вяртаючыся да галоўнага: запраўды ня хочаш, каб расказаў Алесю пра цябе?

— Не цяпер, Нік, прашу цябе.

— Нават не сказаць, што цябе сустрэў?

— Прашу цябе памаўчаць, Нік. Расказ пра мяне толькі прынясе яму горыч і цярпеньне. Я спадзяюся, што яго скора пабачу. Ня пытайся калі, я пастараюся. Вер, Нік, што тут мне працаваць нялёгка. Некаторыя з гэтых сук такія зайздросныя, што, каб маглі, яны-бы мяне жывой зьелі.

— Згода, Вера. Але я мушу змывацца ўжо, мне час. Нешта хачу табе запрапанаваць. Давай, зробім такі дагавор: я нічога цяпер не скажу Алесю пра цябе калі ты прыабяцаеш быць са мной у кантакце й дасі мне свой адрас. Строга, пасяброўску, Вера, кажу табе, што я гатовы табе поўнасьцю давяраць. Спадзяюся, бязумоўна, што й ты мне давяраеш. Дасі мне адрас, ці што?

— Нік, я табе давяраю і тое самае хацела табе прапанаваць. Пасяброўску, зразумела. Верыш?

— Ды што, можа хочаш, каб на біблію прысягнуў?

— Я сур’ёзна, Нік. Не жартуй. Я сур’ёзна хачу ведаць пра Алеся, прашу мяне інфармаваць. Дык давай замяняемся адрасамі.

Так і зрабілі.

— Хачу папрасіць цябе, Вера, сьпяшы да Алеся. Ён ёсьць надзвычайна цэнны, проста высакародны ды вялікадушны чалавек. Я тут не абыякавы. Цаню яго й стараюся дапамагчы яму. Запраўды турбуюся пра яго. Прашу цябе, Вера, памажы яму.

— Добра, Нік, абяцаю, — сказала Вера, калі ўжо ўсталі, каб пакінуць рэстаран. — Жадаю табе і Алесю ўсяго найлепшага. Да наступнай сустрэчы.

Яна лёгка пацалавала Ніка ў шчаку й сардэчна паціснула яму руку на разьвітаньне.

Загрузка...