5

У спакойных часох і нармальных абставінах Алесь Якімовіч ніякім чынам не апынуўся-бы там, дзе цяпер знаходзіўся. Але-ж апошняя пара дзесяцігодзьдзяў прынесла вялізныя катастрофы. Алесь апынуўся ў Новым Сьвеце, у гэтай аграмадзіне і ў бальшыні незаселенай краіне, амаль у самым цэнтры, — як ён любіў жартаваць, — гармідары вольнага рынку. У гэны дзень раніцай Алесь выгадна сядзеў у так званым экзэкутыўным крэсьле бюра свайго боса (шэфа) Давіда Зэлмана. Выгаднае, абабітае скурай крэсла, на шпяні, можна было седзячы павярнуць у які хочаш бок. Алесь спрабаваў, як кажуць, паамэрыканску палажыць дзьве нагі на пісьмовы стол. Некалі пасьля вайны бачыў ён як гэтак рабіў ці адзін амэрыканскі жаўнер у нейкай піўнушцы вызваленай Эўропы. Праўда, такі Амэрыканец абавязкова дыміў здаравеннай цыгарай, або чвякаў гумай-жвачкай з фірмы Рыглея. У Зэлманавым бюро ў Алеся ня было цыгары, ён рэдка калі курыў, а Рыглеявых жвачак ня любіў. Алесь паставіў на належнае ім месца свае ногі ды паглыбіўся ў разважаньні пра сваю сытуацыю. Ён адно пачаў падарожжа ўверх па экзэкутыўнай, ці, — калі хочаце, — начальніцкай драбіне. Але-ж, калі згадаць адкуль ён прыйшоў, дык абавязкова за помач у тым падарожжы Богу трэба падзякаваць. Яшчэ як трэба!

Ззаду — суцэльны кашмар. Неяк, як гавораць, палюдзку жылі хлебаробамі. Зямлю любілі. Яна шчодра адплачвала за добрую працу, за цьвёрды мазыль. Навалач пачалася ад часу як трэснула пад нямецкімі ўдарамі «рэч паспалітая», а «братнюю руку» падаў маскаль… На сьпіну працавітага чалавека ўзьлез абібок-гультай-паразіт. У іхнай вёсцы паўстаў калгас. Бацька стануў на дыбкі. Неяк уночы яго забралі. Быў працавіты, у Бога веруючы, сумленны, беларускі селянін. Быў!.. ня ведаў-бы ў той час Алесь як пісаць эпітафію на магіле таго, каторы быў… Няведама дзе была ягоная магіла, і ці не ляжалі ягоныя астанкі ў масавай…

Алесева ўвага затрымалася на пільнасьці цяперашніх неадкладных спраў. Ягоныя вочы прабеглі па прыгожа абшаляваных сьценах пакою ды затрымаліся на бронзавай, залатым блескам зьзяючай ручцы дзьвярэй. З-за дзьвярэй даляталі прыглушаныя гукі гандлёвага вэрхалу. Алесява праца — вышукоўваць на шырокім рынку найбольш выгадныя і ходныя тавары. Алесь Якімовіч — купляньнік кампаніі Трыфты Тоні. На гэтай пазыцыі трэба было мець добрыя сувязі зь людзьмі, ведаць гандлёвую тэрыторыю ня толькі сваёй краіны, але й суседа-сланя з паўдня, ведаць якасьці й цэны масы тавараў, значыцца быць неабыякім пранырам. У рукі спажыўцоў кажны дзень Трыфты Тоні намагаўся даць выгадныя й даступныя па цэнах прадукты. Праца нялёгкая. Частыя падарожжы, агляд і ацэнка тавараў, закупы разьлічаныя на вялікі ход. Пакуль што Алесю спадарожнічалі посьпехі, сам бос Давід Зэлман прызнаваў ягоныя ўдалыя махінацыі, сувязі і гешэфты.

Ды пры гэтым босавым экзэкутыўным стале, — Алесь ужо раней пераканаўся, — доўга крэсла на шпяні не пагрэеш. Якімовіч мог амаль дакладна прадбачыць, што вось гэтта неўзабаве здарыцца. За дзьвярмі, абабітымі чырвоным каліфарнійскім дрэвам, пачуюцца борздыя крокі, некалькі слоў між босам і сакратаркай, тады пакруціцца ў дзьвярох вышліфаваная да блеску золата ручка і перад ім зьявіцца сярэдняга росту хударлявая, лысагаловая постаць энэргічнага й заўсёды непаседлівага ўласьніка кампаніі Трыфты Тоні.

— Галё, мой бой, як маешся! — мэталічны голас пры стрыманай усьмешцы прывітае Алеся. Паздароўкаюцца рукамі. — Павязло?

Тут і ня будзе часу адказаць на тое «як маешся?», бо бос ужо хоча ведаць, ці павязло. «На якім гэта верацяне яму баба-спавітуха пуп абразала?» — думаў ці раз пра Зэлмана Алесь.

— Крыху, — пачне сваю справаздачу наўмысна сьціпла Алесь. Можа здарыцца, што задаволены бос і ўласьнік крамы пасяброўску з адабрэньнем дакранецца лёгкай рукой да Алесявага пляча, пасуліць свае заўвагі адносна гандлёвага гешэфту, магчыма нават, што спытае свайго купляньніка пра іншыя асабістыя ўражаньні. Пасьля Алесь, голасна падсьвістваючы сабе, пойдзе дамоў, каб адпачыць перад новым падарожжам у нейкую іншую гандлёвую джунглю.

Гэна ўсё, уяўленае Якімовічам, здарыцца зараз. Цяпер-жа Давід недзе заняты. Як пчолка ў летняй квецені пералятае з аднае кветкі на іншую, гэтак і бос, па дарозе ў сваю кантору, намагаецца зьбіраць плёны папярэдняга дасьветчаньня, бачыць розныя дробязі, трымаць усіх і ўсё на сваім воку. Тымчасам Алесь мае час падарожнічаць у згадках і меркаваньнях. Думкі ягоныя пабеглі да дзяўчыны, якую спасьцярог у куце жаночае вопраткі. Яна памагала старшай жанчыне выбраць нешта патрэбнае. Дзяўчына, відаць, адно пачала тут працу. Алесь ведаў бальшыню працаўнікоў, асабліва жанчын і дзевак. Як-ніяк, Алесь-дзяцюк наглядаў сабе нейкую ўяўленую прыгажуню на будучыню. Не, ён не сумляваўся, памяць меў добрую. Тры дні назад, калі выяжджаў на чарговы рэйд, гэтай лялькі тут на было. А ўчора бос быў недзе заняты, абяцалі што сяньня раніцай абавязкова знойдзе для яго час. Алесь меў крыху часу папахадзіць па краме, заглянуць у некаторыя куткі, пагутарыць зь людзьмі, зачарпнуць апошніх мясцовых навінаў. І вось тады трапіла яму на вока новая дзяўчына.

Трэба было зрабіць разьведку. Хто-ж яна такая і адкуль узялася? Прывабна-прыгожая. Хараство сьціпласьці: поўныя вусны без памады, валосы — роскаш. Грудзі… Стан… Там сярод радоў жаночага тавару цяжка было бліжэй прыгледзецца. Вочы… У іх, магчыма, разгадка, калі блізка ў іх заглянуць. Трэба праверыць, пазнаёміцца безадкладна.

Гэты кут крамы, дзе працавала тая гожая, якую ўбачыў Алесь учора, дзяўчына, трэба было трымаць на воку. Розныя найнавейшыя цудоўныя матар’ялы, прызначаныя для ласканьня жаночага цела, прыцягвалі, быццам магніт, розных так званых «пэрвэртаў», такіх скажоных абэлтусаў мужчын, што мелі дзіўныя погляды на плоць і самі насілі жаночую бялізну. І Алесь, пасьля гутаркі з босам, пайшоў зноў, як казаў сам сабе, у разьведку. Прыглядаўся разьвешаным на стаяках сукенкам, пасьля спыніўся каля рознакаляровых ліфчыкаў, наўмысна сканцэнтраваўся на іх.

Дзяўчына падыйшла да Алеся.

— Магу служыць вам, спадару? — спыталася ў яго.

— Гм, здаецца мне…

Алесь захапіўся дзяціннай нявіннасьцю на гэтым немаляваным рознымі пудрамі ці памадамі твары, ён прыглядаўся пары блакітных прамяністых вачэй, якім ці льга было знайсьці параўнаньне. Дзяўчына із свайго боку добра трымала позірк. На твары — ласкавая ўсьмешка, а ў вачох — пытальнік. Ужо пасьля ў будучыні Алесь намагаўся прыгадаць ці ў гэну першую сустрэчу, вочы ў вочы, запалілася іскра, якая пасьля разгарэлася неабдымным полымем.

— Ёсьць у мяне вялікая праблема, якую я павінен неадкладна вырашыць, — гаварыў Якімовіч. — Можа-б вы памаглі?

Ён ледзь-ледзь усьміхнуўся.

— Калі гэта нейкім чынам адносіцца да маёй працы, — адказала дзяўчына ўпэўненым і лагодным голасам.

— Якраз вашыя веды могуць быць мне памочнымі. Я маю знаёмую і хачу купіць ёй, як вось, — ён паказаў рукамі на грудзі, — называюцца гэтыя жаночыя, што на грудзі йдуць?

— Ліфчыкі?

— Ага, яны…

— Дык у чым тая вялікая праблема?

Гэтта надыйшоў момант. Алесь цяпер надзвычайна ўважна аглядаў дзяўчыну, што стаяла ля яго амаль упрытык.

— Такая, ведаеце, паўстала ў мяне нязручнасьць. Ня ведаю ейнага разьмеру дый не выпадала пытацца. Спадзяюся, што вы можаце зразумець у якой шчапятлівай сытуцыі я апынуўся…

— Разумею, — распрамяніўся дзявочы твар шчырай усьмешкай. — Значыцца так, якога яна росту?

— Ооо, я-бы сказаў… — Алесь аглядаў дзяўчыну ад чубка валасоў, затрымаўся на яе поўных грудзях, што напэўна выгадна чуюцца ў ліфчыку «крос май гарт» пад белай блюзкай. — Я-бы сказаў, прыблізна вашага…

— У такім выпадку вам патрэбны ліфчык майго разьмеру.

Прафэсійны голас прадаўшчыцы. Алесю здалося, што лёгкі румянец каўзануў па ейным твары.

— Вы пэўныя? — спыталася ў яго дзяўчына, што прыглядалася ліфчыкам дзясятага разьмеру.

— Ну ведаеце, — завагаўся Алесь, — мусіць я гэтага самага, ня зусім. Можа мне лепш спытацца ў яе сяброўкі… Тады я зноў да вас загляну.

— Калі ласка. Я заўсёды да вашых паслугаў.

На ейным твары зьявілася ўсьмешка, якая, здалося, гаварыла: каго-ж ты, дзівак, зводзіш? Пасьля Алесь прыгадваў і ацэньваў тое першае пра дзяўчыну ўражаньне. Бяз сумлеву, яна належала да тых, якіх усе хлопцы трымалі-б у абдымках так, як добрыя бацькі сваіх перадшкольных гадоў дачушак. Дзяцінны й сьвежы выгляд. Дадай да гэтага бадзёрасьць. Мясцовыя спартовыя «балельнікі» такіх вось ахвотна рознымі спартовымі прыгажунямі (місамі) выбіраюць.

Алесь трымаўся старое мудрасьці, што недахопу прыгажосьці штучнымі сродкамі не ліквідуеш. Адно можна добра замаскавацца для падману чужога вока. І між касмэтыкай размаляваных масак, што нахабна дэманстравалі сваю штучную красу, проста захапляешся й славіш Богам створаную дасканаласьць, якая не на павадку разрэклямаваных гіганцкімі касмэтычнымі фірмамі тавараў. Алесю здавалася, што гэтая дзяўчына зьявілася нямаведама адкуль, каб быццам падкрэсьліць кантраст між штучным і прыродным. Трыфты Тоні быў перапоўнены і маскамі-тварамі, і штучнымі грудзьмі, і…

— Хочаш паглядзець як запраўды яна выглядае? Зацягні ў ванну, адмый усе тыя памады-шмінкі ды розныя мудрыя пудры! — жартавалі дзяцюкі.

Давід Зэлман быў гэнай раніцай усхваляваны. Толькі што скончыў доўгую гутарку з рыл-эстэйт агентам (рыл-эстэйт займаецца тут гандлем дамоў і зямлі), які таргаваўся з суседзямі. Трыфты Тоні патрабаваў новае тэрыторыі і будынкаў для экспаньсіі. Звыш дванаццаці суседніх дамоў ляжала на дарозе. Прасілі больш паўмільёна даляраў, — паводле Зэлмана, астранамічную суму, — і ані-ні ня спускалі. Пранюхалі ды й ведалі, што Зэлману няма выхаду, паскача, палаецца, а грошы знойдзе.

Купіўшы суседнія будынкі, Зэлман плянаваў іх разбурыць ды на прасторы вялікага кавалка зямлі пабудаваць шасьці ці васьміпавярховы будынак для свайго гандлёвага росту. Давід ня мог пагадзіцца з тым, што ўласьнікі прасілі амаль удвая вышэйшую цану чымся была ў гэтым раёне гораду. І які выхад? Усе казыры трымалі ў сваіх руках суседзі. Сама горш, што яны могуць запаволіць экспаньсію Трыфты Тоні. Зэлман круціўся як чарвяк на рыбным кручку.

— Што за людзі! Яны скуру зь мяне хочуць садраць! Так, скуру садраць хочуць! — хваляваўся, тупаючы па канторы Зэлман. — Ты толькі падумай: за дваццаць футаў шырыні фронту яны просяць па трыццаць тысяч даляраў. Гэта-ж немагчыма, мой бой! Я ведаю, што гэткая маёмасьць на сяньняшнім рынку не каштуе й паловы гэтага. Поўнае абдзёрства з боку гэтых ненажэрна прагавітых, вось яно што!

— Ці агент наш добра іх паціснуў?

— Няўжо-ж! Веру яму. Але што ты зробіш з гэтымі ўпартымі асламі?!

— Боль росту…

Крыху памаўчалі.

— Сяньня пра тваё падарожжа гаварыць ня будзем. Неўзабаве мушу некага пабачыць, — казаў Давід Алесю. — Заўтра раніцай прыходзь на гадзіну дзявятую на сустрэчу экзэкутывы. Мяркую, што цябе пакуль што варта затрымаць каля дому, каб ты мне памог, пакуль я заняты з гэтымі пацукамі.

Пацукамі Зэлман называў суседзяў, што зь яго «скуру хочуць садраць». Алесь Якімовіч думаў пра тое, што ўласьнік крамы сказаў. Як заўсёды ў Зэлмана, усё пыхкала наперад экспрэсам, а часта важнае зьлятала зь ягонага языка незаўважна, мімаходам. Такое разявяка можа лёгка празяваць. Алесь зразумеў адразу.

— Вы што, павышэньне мне даеце? — спытаўся ў боса.

— Але, віншую! — падаў Давід Алесю руку.

— Дзякую, бос, дзякую! — усьцешыўся Алесь.

— Будзеш мець многа нагодаў, каб выказаць мне сваю ўдзячнасьць, — тлумачыў Зэлман. — Мусіш узяць у рукі пэўныя пазыцыі, некаторыя матар’ялы ня йдуць так, як павінны… Вось яно тымчасам. Згода?

— Пастараюся як найлепш, — абяцяў Алесь.

— Ня маю сумлеву, што будзеш намагацца. Цяпер можаш ісьці дамоў і адпачыць. Заўтра пабачымся.

Пакідаючы краму, Алесь прыгадаў, што добра было-бы даведацца ў сакратаркі пра тую новую дзяўчыну. Ды няхай яна пачакае. Трэба насамперш паразважаць, супакоіцца, памеркаваць пра тую новую пазыцыю, якую заўтра мае заняць.

Загрузка...