Ён любiў дзён дзесяць адпачыць зiмою. З’ехаць за горад, у якi санаторый цi дом творчасцi, каб удосталь пахадзiць па заснежаным лесе: нiшто так не супакойвае, як iльдзiстае паветра ў сасновым бары.
Дом творчасцi лiтаратараў "Iслач" мужчына не вельмi каб i любiў, але ў iншыя дамы адпачынку i санаторыi на той час цi то зусiм пуцёвак не было, цi кошты i тэрмiны не задавальнялi.
Вось i давялося з усiх кепскасцяў выбiраць найменшую. Выбраўся невялiчкi нумар на другiм паверсе з гаўбцом, душам i лядоўняю. Каб канчаткова не зайсцiся ад iльдзiстага паветра, мужчына прыхапiў з дому электрычны камiн. Цяпло, утульнасць i добры стол (а кармiлi на "Iслачы" проста i дастаткова) рабiлi адпачынак прыемным i пустым, як лёгкi лiпеньскi ветрык.
Мужчына, абуўшы валёнкi з высокiмi халявамi, цэлымi днямi гуляў у сасновым бары, а ўвечары, перад сном, падоўгу, ажно за поўнач, чытаў. Нiякiх iншых задавальненняў ён не шукаў, i маладую прастытутку, што ў першы вечар паспрабавала навязаць эратычныя паслугi, адаслаў нi з чым.
Вось так павольна i прамiнула палова тэрмiну, так бы прайшла i другая палова, каб не адна неверагодная акалiчнасць...
Як i заўсёды пасля сняданку, мужчына выйшаў на шпацыр. Ён абмiнуў будынак дома творчасцi, якi быў стылiзаваны пад сярэднявечны замак, i сцежкаю, пратаптанай у глыбокiм снезе, спусцiўся да рэчкi. Сцежка, вывеўшы да кладкi, вiлася на другi бок i знiкала ў чорным яловым лесе. Мужчына не стаў пераходзiць рэчку. Ён пастаяў каля кладкi, паслухаў пералiўнае вуркатанне вады i шархаценне сухога чароту. Чыстая крынiчная рэчачка плыла ў ледзяных карунках. I так яна была ўся прыбраная ў сумёты i лёд, што мiжволi згадваўся строй нявесты-каралеўны. Мужчына ж — зацяты халасцяк — страшэнна не любiў вясельныя рытуалы, а таму паспяшаўся адысцiся ад рэчкi ў бок завоiны.
Завоiна была старая, зарослая па берагах чаротам i трыснягом, а пасярэдзiне шапаткога зараснiку ляжала круглая i гладкая, як люстэрка, азярынка. Мужчына прашарахцеў, прадзёрся праз сухi i ломкi чарот i выйшаў на люстраны круг. Пад ягонымi чорнымi валёнкамi ляжаў паўметровы слой празрыстага лёду. Пад iльдом мужчына разглядзеў доўгiя касмылi цёмна-зялёнага ды ёдзiстага багавiння, за якiмi хавалiся сонныя жабкi. Мужчына прайшоў да сярэдзiны завоiны i спынiўся. Ён спынiўся так рэзка, нiбыта пачуў удар травеньскага перуна...
Пад iльдом, на смарагдавай купiне водарасцяў, ляжала жаночая рука. Вочы самi слiзганулi па руцэ да пляча, па шыi i спынiлiся на мярцвяна-белым твары. Русалка, што ляжала ў вадзе пад паўметровым iльдом, паварушыла вуснамi, нiбыта прамармытала ў сне нешта няўцямна-таемнае.
Разгублены мужчына пачаў медзведзекавата адступаць на край ледзянога круга. Ягоны пагляд быў прыкуты да мёртвага жаночага твару. Мужчына хацеў быў павярнуцца i кiнуцца бегчы ад праклятай завоiны, i тут мёртвыя вочы расплюшчылiся, i з-пад вады, з-пад лёду, зiрнуў такi сцюдзёны блакiт, што палахлiвае адступленне было спынена.
Русалчыны вусны варушылiся. Як мужчына зразумеў, што палоннiца молiць яго аб вызваленнi, ён не ведаў i не здагадваўся. Ён адчуў, што трэба праламаць, прабiць лёд i вызвалiць паланёную Русалку.
Праз iмгненне мужчына ляцеў у бок дома творчасцi, дзе на аўтапляцоўцы зламаў замок на пажарным шчыце, каб, зняўшы з крукоў цяжкi, пафарбаваны ў крывяны колер лом, вярнуцца на завоiну са зброяй.
Лёд быў як камень. Вострыя аскепкi пырскалi ва ўсе бакi i секлi чарот. Мужчына ўзмакрэў i скiнуў шапку з курткаю. Праз колькi хвiлiн ён ужо быў з аголеным торсам. Над блiскучымi ад поту плячыма ўздымалася пара. Нарэшце лом прабiў лёд, але ў тое ж iмгненне ён выслiзнуў з потных рук i знiк у водарасцях.
Мужчына ўзняў вочы да неба, нiбыта яно магло вярнуць страчанае. Можна не сумнявацца: неба не пачула мужчыны. А вось Русалка, вядома ж, дапамагла. Яна злавiла лом у муле i прасунула яго ў маленькую палонку. Мужчына змог працаваць далей i выдзеўб такую вялiкую палонку, што можна было б купацца ўдзесяцярых.
Расчырванелы, разагрэты работаю мужчына чарпануў прыгаршчай вады з лёдам i апаласнуў твар. Вада падалася яму летняй, цёплай, нiбыта ў жнiўнi на плыткаводдзi. Мужчына хацеў быў яшчэ чарпануць вады, каб упэўнiцца ў яе цеплынi i абмыць успатнелыя плечы, але адхапiў руку. У палонцы заварушылася, закiпела, запералiвалася незлiчоная колькасць рыбiн. Яны прыплылi да паветра. Залацiстабокiя карасi кiшма кiшэлi ў прасечанай адтулiне. Яны так танчылi i падскоквалi, што некаторыя апынулiся на лёдзе. Мужчына паскiдаў iх назад. Карасi сышлi з палонкi гэтаксама нечакана, як з’явiлiся. Вада супакоiлася i зацягнулася ледзяной шугою.
Мужчына, адчуўшы холад, ахiнуўся курткаю. Ён чакаў, i недарма: з глыбiнi завоiны ўсплыла Русалка. Спачатку на паверхнi з’явiўся яе правiльны, як рымская маска, твар. Русалка выцерла яго далонню i праз пальцы зiрнула на выратавальнiка. Той не вытрымаў пагляду i адышоўся на колькi крокаў. Русалка лёгка ўзнялася i села на край палонкi. У яе былi ядвабныя зеленавата-русыя валасы, бялютка-блакiтнае аголенае цела i — што больш за ўсё здзiвiла мужчыну — стройныя доўгiя ногi. Русалка пачала бiць iмi па вадзе, пускаючы вееры пырскаў.
— Ты, напэўна, змерз, — загаварыла яна пералiвiстым голасам. — Хадзi да мяне, мой выратавальнiк, я цябе прытулю i абагрэю. У мяне такiя гарачыя, палымяныя, пякельныя абдымкi. Нiякi мароз, нiякая сцюжа-завiруха не страшныя, калi ты будзеш са мною. Хадзi, хадзi блiжэй. Не бойся мяне!
— А чаму ты апынулася пад лёдам? — у пытаннi прагучалi ноткi недаверу.
— Стамiлася i заснула, а мароз накрыў лёдам завоiну. Без паветра я нiяк не магла прачнуцца. Сiлы не было. Толькi дзякуючы тваёй кемлiвасцi, твайму спачуванню i чуласцi я вярнулася да жыцця. Каб не ты — уся завоiна вымерзла б да самага дна. Але цяпер небяспека мiнулася, i настаў час пяшчоты i ўдзячнасцi.
Русалка ўзнялася на лёд i адкрылася перад мужчынам усёй сваёй недаравальнай прыгажосцю. Мужчына пакорлiва дазволiў абняць i пацалаваць сябе.
— Пойдзем са мною, мой любы выратавальнiк. Я пакажу табе свой дом.
На лёд упала мужчынская куртка.
— Не трэба тут, я ненавiджу завоiны. — Русалка паспрабавала выбрацца з дужых мужчынскiх рук. — Ну не трэба...
Мужчына не слухаў Русалку. Ён павалiў яе на лёд. Каленямi рассунуў сцёгны i па-жывёльнаму рэзка заштурхнуў чэлес у похву. Русалка закрычала. Яе ногi ўзляцелi ўгору. Торс мужчыны заторгаўся ў вар’яцкiм рытме. Выкiд спермы ўсцешыў i яго i яе. Мужчына паспрабаваў выняць чэлес з Русалчынай похвы, але не змог. Похвенныя губы шчыльна абхапiлi чэлес нiжэй галоўкi i не выпускалi. Мужчына ўпёрся далонямi ў лёд i паспрабаваў узняцца над Русалкаю. I ў гэтае iмгненне яе доўгiя пальцы пабеглi па ягоных рабрынах пад пахi. Дрыготка i курчы перакасабочылi мужчыну. Рукi ягоныя прымерзлi да лёду, як i каленi. А чэлес моцна трымала Русалчына похва. Адна рука гэтай драпежнай жорсткай iстоты ўпiналася яму ў падбароддзе з такой сiлаю, што, здавалася, вось-вось хруснуць шыйныя пазванкi, а пальцы другой Русалчынай рукi заказытвалi мужчыну да смерцi.
Яго знайшлi дзецi, што прыбеглi на завоiну гуляць у шайбу. Яны страшэнна перапужалiся, пабачыўшы на краi палонкi голага скурчанага нежывога чалавека з выскаленымi зубамi.
Дырэктар дома творчасцi "Iслач" пасля гэтага здарэння не стамляўся паўтараць сваiм i чужым дзецям, што купанне ў палонцы да дабра не давядзе.
Пра Русалку нiхто не думаў.
18.08.1994