Дзяўчына марыла стаць кiнаакторкаю. Яна хацела здымацца ў серыялах i займела ўпэўненасць, што неўзабаве зробiцца зоркаю.
На першым iспыце ў Акадэмiю мастацтваў дзяўчына атрымала нездавальняючую адзнаку. Настрой прапаў. Жыць расхацелася. У роспачы яна затэлефанавала свайму хлопцу, якога, мiж iншым, запланавала кiнуць адразу, як толькi атрымае першую ролю ў кiно. Кiне, каб не замiнаў весцi багемнае жыццё. Хлопца не было. Таксафон давялося пакiнуць у спакоi.
Iшоў другi тыдзень, як у Мiнску трывала спёка. Сонца стаяла такое, што нават за чорнымi акулярамi даводзiлася прымружваць вочы. Чаму не закiпала вада ў рэчцы, нiхто не ведаў. А вось бiтум, якiм залiлi шчылiны ў старым асфальце, пульхiрыўся, выцякаў i пэцкаў абутак. Гарачы вецер гнаў па мяккiх ходнiках пасохлае, згарэлае лiсце.
Доўгая прагулянка па распаленым горадзе не прынесла дзяўчыне анiякай палёгкi. Толькi вяртацца дамоў усё адно не хацелася. Яна iшла, не хаваючыся ў цень, не шукаючы ратунку ад немiласэрных жнiвеньскiх промняў, i незаўважна для сябе апынулася ў чужым i далёкiм раёне. Перад вачыма ляжаў школьны стадыён, пасярод якога ўзвышаўся стары самалёт. Дзяўчына прысела на край лаўкi, што цягнулася ўздоўж футбольнага поля. На пляцы не было нiводнай, нават жоўтай сцяблiнкi, толькi на ўскрайку шарэла колькi чубкоў шэрай травы. Выгляд пустога стадыёна нагнаў на дзяўчыну такую смяротную роспач, што тая не вытрымала, паклала галаву на каленi i заплакала.
Праз гэта яна не адразу пачула шолах пылавога слупа, што пачаў вiхурыцца i ўздымацца пасярод пляца.
— Д’ябал, — вымавiла дзяўчына, размазваючы слёзы па шчоках. — Трыццаць тры няшчасцi ў адзiн дзень i яшчэ брудны слуп пылу на маю галаву.
Дзяўчына была ўстала, каб уцячы, але з пылавога слупа загучаў голас i прымусiў яе зноў сесцi на стадыённую лаўку.
— Ты вымавiла слова "Д’ябал", i гэта добра. Калi табе няцяжка згадаць яго, ды паклiкаць мяне, Вiхурнiка, будзе яшчэ лягчэй. Паклiч, паклiч мяне... Вiхурнiк, Вiхурнiк, выйдзi да мяне, i я не раскаюся, што вызвалiла цябе з бруду i пылу...
— Якi Вiхурнiк! Я, пэўна, звар’яцела ад спёкi, — прамовiла дзяўчына.
— Вядома, звар’яцела, — пагадзiўся пылавы слуп. — Iнакш i быць не магло, сонца такое, што ў пекле большая прахалода. Промнi ў цемя напяклi, вось i мроiцца абы-што, вось i бачыцца табе Вiхурнiк у пылавым слупе. Паўтарай за мною... Вiхурнiк, Вiхурнiк...
— Вiхурнiк, Вiхурнiк, — прамармытала няспраўджаная акторка ўслед за нябачным суфлёрам. — Выйдзi да мяне, i я не раскаюся, што вызвалiла цябе з бруду i пылу.
На якое iмгненне дзяўчына адышла ад свядомасцi. А калi розум i яснасць вярнулiся, дык нiякага пылавога слупа не было. Перад вачыма бялеў адно школьны пляц са старым самалётным корпусам.
"Насланнё... Ператамiлася... Трэба вярнуцца дамоў i легчы паспаць. Д’ябал... Вiхурнiк... Замарачэнне нейкае", — з такiмi думкамi дзяўчына села ў аўтобус.
Дамоў яна даехала без прыгод. Толькi вось адпачыць не атрымалася.
Яшчэ не пераапрануўшыся, яна пачала тэлефанаваць хлопцу, i той, на гора горкае, быў дома.
— Прывiтанне, — пачала дзяўчына. — Куды ты знiк?
— А якая каму справа, дзе я бываю, куды хаджу?
— У мяне непрыемнасцi. — Дзяўчына паспрабавала не заўважыць напружанасцi. — Я правалiла iспыт, атрымала двойку па сцэнiчным майстэрстве. Выкладчыкi палiчылi мяне бяздарнай.
Дзяўчына сабралася заплакаць, але нечаканы паварот у размове спынiў слёзны прыступ.
— I правiльна. Яны слушна зрабiлi. Ты — бяздарная. I пра гэта ведалi ўсе, акрамя цябе. I добра, што двойка. Цяпер i ты даведалася пра ўзровень уласных здольнасцей. I — на развiтанне — больш, калi ласка, не тэлефануй. Я даўно вырашыў пакiнуць цябе, толькi нагоды не было. Я ўсё не мог сказаць, што мы розныя людзi. А цяпер сказаў. Пакуль.
Сувязь абарвалася. Дзяўчына злосна ўкусiла чырвоную тэлефонную слухаўку. Але гэтага падалося замала, i тэлефонны дрот быў жыўцом выдраны з насценнае разеткi.
На гаўбцы дзяўчыне не стала лягчэй. Яна зiрнула долу. На бетонным ходнiку стаяў высокi маладзён з доўгiмi светлымi, як дарожны пыл, валасамi. Ён глядзеў на яе.
— Ты вызвалiла мяне, i я табе дапамагу.
"Вар’яцею. Так нядоўга i ў лякарню патрапiць. Я вызвалiла Вiхурнiка, i ён абяцае дапамогу".
Дзяўчына зноў зiрнула долу. Вiхурнiк стаяў на тым самым месцы.
— Выйдзi з кватэры i падымiся на дах, я буду чакаць цябе.
Нарэшце дзяўчына па-сапраўднаму спалохалася, але замест таго, каб застацца ў кватэры i зачынiцца на ўсе засаўкi ды кручкi, яна разулася, пакiнуўшы красоўкi на гаўбцы, i пайшла крадком, нячутна на дах свайго шматпавярховiка.
Вiхурнiк стаяў на самым краi даху. Абцасы трывала замацавалiся на бетонным гзымсе, а мыскi вастраносых чаравiкаў навiсалi над дваццацiпяцiметровай вышынёю.
— Хадзi сюды, дай мне руку, — ласкава прашаптаў Вiхурнiк.
I дзяўчына падышла i працягнула вузенькую далонь.
— Вось i ўсё. — З гэтымi словамi Вiхурнiк скочыў з даху.
Яны закруцiлiся ў эратычным падзеннi. На адно iмгненне дзяўчына адчула палёгку, радасць, супакаенне, i свет згарнуўся ў чорны блiскучы сувой.
Вядома, што каля распластанага на ходнiку дзявочага цела нiякага Вiхурнiка не знайшлi.
А вось на могiлках усiх напалохаў каханы хлопец дзяўчыны-самагубцы. Ён крычаў, пускаў з рота зялёную слiну i драў пазногцямi пясок i дзёран.
31.07.1994