На шашы Мiнск-Мазыр стаяў мужчына ў чорных акулярах. Перад фiрмовым аўтобусам ён ускiнуў руку. Аўтобус спынiўся. На кодабе зiхацеў надпiс "Тэатр моды".
— Вы на свята? — мужчына ўладкаваўся каля дзвярэй на фатэлi-круцёлцы.
— Едзем на Мазырскi нафтаперапрацоўчы камбiнат, — адказала мадэлька ў лiсiным футры.
— Столькi прыгажунь, i ўсе на завод?
— А што дзiўнага? — мадэлька сцепанула плячыма.
На твары ў пасажыра заружавела ўсмешачка:
— Вас, мусiць, нiхто не папярэдзiў, што здараецца з маладымi жанчынамi на камбiнаце?
— Са мною ўсё кепскае ўжо здарылася, — адрэзала прыгажуня ў футры.
— Памыляецеся! Мазырскiя жахi ёсць толькi ў Мазыры.
Мадэлька скептычна пераглянулася з шафёрам. Пасажыр тым часам працягваў:
— На будоўлi камбiната працавала кладаўшчыца. У яе нарадзiлася дзiця. Пра хлопчыкавага бацьку нiхто нiчога не ведаў. Казалi рознае: i што жыд, i што цыган, i што чэчэнец... Пляткарам раты не закрыеш. Плявузгалi i плявузгалi. У радзiльнi дактары адхiленняў i анамалiяў у бязбацькавiча не заўважылi. Кладаўшчыцу выпiсалi. Яна вярнулася ў iнтэрнат. I тут суседзi пачалi скардзiцца, нiбыта па начах з яе пакойчыка чуюцца нялюдскiя крыкi. Кладаўшчыца адмоўчвалася цi даводзiла, што так плачуць звычайныя дзецi. А праз якi месяц яна пацiху некуды з’ехала. Калi камендант iнтэрната зразумеў, што мацi-самотнiца ўцякла i не вернецца, — узламалi пакой i жахнулiся: мэбля, падлога i нават лiштвы былi пагрызеныя, нiбыта бабрыная зграя шалела там цэлы тыдзень. Тады нiхто нават i не падумаў на маленькага бязбацькавiча. А кладаўшчыца, уцякаючы з Мазыра, пакiнула тое пачварнае дзiцятка на сметнiку; бо праз тыдзень пасля нараджэння ў хлопчыка выраслi пацучыныя зубы. Дзiця грызла ўсё чыста. Маладая мацi спачатку навязвала хлопчыка на брызентавыя лейцы, але лейцаў хапала на гадзiну. Жанчына здагадалася прымацаваць да батарэi сабачы ланцуг; тады суседзi i пачулi нялюдскае скавытанне. Мацi навязвала сына, бо баялася, каб не загрыз яе ўначы. А калi зразумела, што неўзабаве не дапаможа i ланцуг, пасадзiла бязбацькавiча ў мех, занесла на сметнiк, укiнула ў кантэйнер, зачынiла, сабрала ў iнтэрнаце рэчы i з’ехала.
А на сметнiку вырасла з таго байструка пачвара, якую мазыране назвалi Нафтавiк, бо бязбацькавiч любiць прагульвацца вакол нафтаперапрацоўчага камбiната. Цяпер Нафтавiк палюе на самотных жанчын. I колькi нi лавiлi гэтага гада, нiчога не атрымалася; Нафтавiк, як здань, няўлоўны. Аднойчы... — Мужчына ў чорных акулярах перарваў апавяданне, папрасiўшы шафёра спынiцца.
Калi апавядальнiк сышоў, мадэлька ў лiсiным футры падсумавала:
— Правiнцыйныя байкi, лухта.
— Але цiкава, — запярэчыў ёй малады шафёр.
Пасля выступленняў на свяце горада Мазыра змучаныя мадэлькi Тэатра моды пасялiлiся ў гатэлi "Прыпяць"... Прыгажуня, якая насiла лiсiнае футра, займела аднамясцовы люкс. Калi яна змыла сцэнiчны макiяж i зiрнула ў люстэрка, то ўбачыла: за спiнаю стаiць чарнатварая пачвара. Мадэлька адчула атрутны дух бензiну.
— Няпра-а-а-ўда! — прыгажуня звярнулася да люстэрка, дзе адбiваўся цёмны, аблiты нафтаю твар.
— Пр-р-р-аўда! — правуркатаў Нафтавiк.
Пераляканая мадэлька памкнулася ўцячы, але Нафтавiкова рука ў гумовай пальчатцы схапiла яе за горла.
— Не люблю гвалцiць мерцвякоў! — рукi ў пальчатках сарвалi з жанчыны вопратку. У вачах у знябожанай мадэлькi заззяла жудасць.
— Упрыся рукамi ў сцяну!
Жанчына скарылася. Чэлес трапiў у похву. Нафтавiк заторгаўся, жанчына заплюшчыла вочы, закусiла нiжнюю губу i засапла.
Анi ахвяра, анi гвалтаўнiк не чулi, як у нумар зайшоў малады шафёр з шампанскiм у руцэ.
Удар бутэлькаю па шыi звалiў Нафтавiка на падлогу. Жанчына абсунулася па сцяне, пад таршэр.
— Няўжо забiў? — шафёр паклаў шампанскае ў рукамыйнiк i пусцiў ваду. Згвалтаваная мадэлька захiнулася ў прасцiну.
— Што рабiцьмем з трупам?
Шафёр набраў у шклянку вады i пляснуў Нафтавiку на твар. Той расплюшчыў вочы i паспрабаваў устаць, але не змог.
— Ляжаць! — загадаў шафёр. — А я цябе i не пазнаў з такiм чорным, нафарбаваным нафтаю тварам. Гэта ж ты Нафтавiком мазырскiм палохаў жанчын у маiм аўтобусе?
— Я-я-а, — прысеў гвалтаўнiк.
— Прэ-э-э-ч! — завiшчала мадэлька. — Прэч! — ад вас абодвух смярдзiць бензiнам.
Шампанскае жанчына выпiла на адзiноце.
10.03.1996