Ён не пракладае тунеляў. Ён працуе ў кавярнi — доўгай, як пенал гiмназiсткi-выдатнiцы. Каб установу не ахрысцiлi "Бар-тунелем", нiкому i ў галаву не прыйшло б называць яго iначай, як бармен. А так уся Барселона кажа: Тунельнiк. I хай сабе. Ён не супраць. Ён паважае клiентаў i любiць свой даўжэзны, як працоўны панядзелак, "Бар-тунель". Ён увiшны. Ён гнуткi, як браслаўскi вугор. Ён увесь час у вiбрацыi, у трымценнi, у напрузе. Тунельнiк вiтаецца з мiнакамi, працiрае танканогiя келiхi, гатуе каву-экспрэс, налiвае мурыну скоч, падае сiвагаловаму мастаку пiва, адмервае прыбiральшчыку бурбон, лiчыць песеты, усмiхаецца суседцы, падмiргвае студэнтцы-кiтаянцы, прытанцоўвае на вытаптаных да белi дошках, насвiствае турэцкi марш i ўсё гэта — адначасна. Ён таленавiты i здатны зрабiць адразу сто адну кавярную справу. Ён — увасабленне гасцiннасцi, ветлiвасцi, зычлiвасцi, удзячнасцi i надзейнасцi, але да пэўнай мяжы. Тунельнiк можа, як захоча, зрабiцца жорсткiм, упартым i неадступным.
Вось ты ўзяў i паквапiўся на ягоную шыракабровую жонку. Ты штодня прыходзiў у "Бар-тунель" выпiць ранiшняе капучына з тостамi. А Тунельнiкава жонка зманлiва падмiргвала з акенца над кавярняю. Яна — вульгарная, як курортная паштоўка, — запрасiла цябе. I ты крадком, як шкодны гiмназiст, праз двор i чорную лесвiцу прабраўся ў цёплы пакойчык — ложак, камiн, рукамыйнiк. Ты спехам скiнуў нагавiцы, хуценька памыўся, выцерся насоўкаю. Ты павалiў чужую жонку на неразабраны ложак. Ты паглыбiўся ў нетры каталонскай жыццядайнасцi. Ты захлынуўся ў асалодзе.
За паглыбленнямi цябе i заспеў Тунельнiк. Пабачыў, спалатнеў, стаiўся. Ён не кiнуўся бiцца. Ён не выхапiў кiнжал i не працяў табе сэрца. Ён не пабег i не зняў з музейнае сцяны алебарду i не рассек шыйных пазванкоў. Ён счакаў, пакуль тваё сексуальнае змесцiва перальецца ва ўлонне спакуснiцы. А потым ветлiва запатрабаваў разлiчыцца. Ён не папрасiў болей, чым даюць звычайнай прастытутцы. Ты радасна развiтаўся з трыма тысячамi песетаў. Усё выдатна. У кожным бармене жыве сутэнёр. Хай сабе жыве.
Ты спусцiўся ў бар, i Тунельнiк запрапанаваў будзённы кубачак капучына за кошт "Бар-тунеля". Ты выпiў. Кава крышку гарчыла i мела прысмак мiндалю. Дробязi. Неiстотна. Тунельнiк усмiхаецца. У яго белазубая ўсмешка. У барменаў павiнны быць iдэальныя зубы i дагледжаныя пазногцi. Тунельнiк з такiх. Толькi чаму ўстанова зачыненая? Дзе наведвальнiкi? Нашто ты пiў горкую каву? Ты не адкажаш. Ты павалiшся на белыя дошкi i памрэш. Тунельнiк атруцiў цябе мыш’яком.
Ён перацягнуў цела ў сутарэннi, а там загарнуў у пыльны мех. З такiм мехам Тунельнiк ездзiць па вугаль для маленькага камiна. Ён любiць увечары пасядзець у крэсле i паглядзець у агонь. Аднаго разу, седзячы з келiхам марцiнi, ён згадае, як уночы вывез цябе ў лес i закапаў. I ад той згадкi ў Тунельнiка пацяплее на душы.
03.10.1995