У Рок-спевака быў шаманскi барытон. Падобныя галасы з’яўляюцца раз на сто гадоў.
Тут ёсць падабенства з тым, як пралятае над светам агромнiстая вогненная камета. Людзi спыняюцца, уздымаюць галовы, шэпчуць:
— Зiрнiце! Паглядзiце на дзiва!
А потым ф’ю-ю-юць, i каметы няма. Цiшыня. Цемра. I нiхто нiколi не пабачыць нiчога падобнага. Але тыя, хто бачыў агнiсты палёт, не змогуць яго забыць.
Ноч стаяла спякотная. Стадыён, падрыхтаваны да выступлення Рок-спевака, болей падыходзiў да правядзення палiтычнага мiтынгу анархiстаў, чым для музычнага шоу.
Нiводзiн з гуртоў, якiя павiнны былi разагрэць i разгайдаць публiку, не дайграў свае праграмы да канца. Пакрыўджаныя музыкi пакiдалi сцэну пад свiст, скавытанне i ўлюлюканне раз’юшанага натоўпу.
Народ шалеў у чаканнi кумiра. Падлеткi, не хаваючыся, пiлi алкаголь, палiлi тытунь i анашу, а найбольш адвязаныя мастурбавалi i займалiся сексам з проставалосымi сяброўкамi. Натоўп перад сцэнаю сабраўся настолькi вялiкi i агрэсiўны, што ахоўнiкi i не спрабавалi наводзiць парадку.
У Рок-спевака быў цёмны настрой. Раздражнялi i бянтэжылi жарты, якiмi музыкi перакiдвалiся з ахоўнiкамi. Рабiлася млосна ад успамiнаў пра сварку з сяброўкаю, якая адбылася за гадзiну да канцэрта. Дзяўчына схавала шпрыц з ампуламi какаiну. I, апрача ўсяго, лiпучая гарачыня. А ягоныя музыкi пiлi колу i бестурботна радавалiся жыццю. Iх iмпэт згас толькi тады, калi першую кампазiцыю давялося пачынаць трэцi раз. Публiка ж паставiлася да правалу найлепшым чынам. Непрафесiйнасць, нязграбнасць, нахабства кумiра яшчэ болей узбудзiлi фанатаў. Рок-спявак толькi напрыканцы другой песнi пачаў трапляць у танальнасць. I чым далей спяваў, тым лепей гучаў боскi голас. Ён лунаў над галовамi юнакоў залатакрылым Анёлам, i душы жывых чулi ягоны поклiч.
Натоўп вар’яцеў i раз’юшваўся. Нарэшце натоўп закiпеў, i пачаўся штурм сцэны. Душачыся, топчучы адзiн аднаго, фанаты лезлi да кумiра. Ахоўнiкi бiлi iх гумовымi дручкамi, лупцавалi кулакамi, мясiлi каленямi i папiхалi чаравiкамi. Аглушаныя, акрываўленыя, абражаныя ахвяры падалi назад у натоўп.
Немаведама чым бы скончылася бойка памiж фанатамi i ахоўнiкамi, каб Рок-спявак не спынiў канцэрт.
— Хопiць! — пачуў ацiхлы стадыён. — Вы прыйшлi не слухаць музыку. Разумею. Вы прыцягнулiся з усiх закуткаў смярдзючага горада, каб павесялiцца, пакайфаваць, папiць пiва, пафачыцца. Якая музыка? Да д’ябла спевы! Галоўнае — паглядзець на дзiвосы. Галоўнае — пабачыць што-небудзь зачаравальнае, чаго больш нiдзе не пакажуць. Што мне рабiць? Я ў вас, вырадкi, пытаюся?..
Стадыён маўчаў. Над галовамi лётаў чорны Анёл злосцi.
— А што, калi я вам, сляпым i глухiм, пакажу фалас? Вы ж гэтага чакаеце! Гэтага? — Рок-спявак выцягнуў з нагавiцаў даўгакрысую кашулю i пачаў танцаваць вакол мiкрафоннай стойкi.
Ён то ўздымаў фалды кашулi, то апускаў iх.
— Вы бачылi? Бачылi? Вось ён, паглядзiце. Гэта найлепшы фалас у свеце. Паглядзiце на яго яшчэ раз.
Натоўп выбухнуў. Пачалася бойка. Музыкi, пахапаўшы iнструменты, паўцякалi. Рок-спявак укленчыў i ашчаперыў галаву рукамi. Гумовы дручок начальнiка стадыённай аховы апусцiўся Рок-спеваку на спiну. Другi ўдар ён атрымаў чаравiкам у скронь. Нi трэцяга, нi астатнiх удараў ён не адчуў. Вярнуўся да свядомасцi толькi пад ранiцу. Ляжаў, апрануты, на ложку ў пакойчыку ў сяброўкi.
— Нашто ты гэта зрабiў? — спыталася яна, убачыўшы, як ён накiроўваецца ў душ.
— Мне было цiкава, што з гэтага атрымаецца. Звычайная цiкавасць!
Распрануўшыся, Рок-спявак прыўзняў накрыўку скрынi пад брудную бялiзну, каб кiнуць туды запэцканую ў кроў кашулю. Там ён i знайшоў шпрыц з ампуламi. Рок-спявак зрабiў сабе ўкол i стаў пад лагодныя струменi. Падвоеная доза какаiну падаравала лёгкую, бестурботную, цiхую смерць.
06.11.1995