46 — Смуроднiк Найменшы


Смуроднiкi крыўдуюць, калi iх называюць Смярдзючнiкамi. Смуроднiкi абавязкова пачынаюць тлумачыць пра рознiцу памiж смярдзючым i смуродлiвым. На думку Смуроднiкаў, iх прозвiшча паходзiць ад назову чарнаплоднай ягады смародзiны, а не ад смуроду. Лагодныя людзi адразу ж пагаджаюцца, а дасцiпныя людзi выбачаюцца, але думаюць: "Смуродзiна таму i смуродзiна, што смярдзiць!".

У сям’i мiнскiх Смуроднiкаў на першае верасня чакалася свята. Смуроднiк Найменшы iшоў у першы клас. Смуроднiха-мацi прапанавала на святочны сняданак высушаных селядцоў. Падмацаваўшыся селядцамi з гатаваным малаком, Смуроднiк-старэйшы i Смуроднiк Найменшы пайшлi на школьны пляц, дзе адбыўся прысвечаны ведам мiтынг.

Пасля ўрачыстасцi Смуроднiк-старэйшы вярнуўся дамоў, а Смуроднiк Найменшы застаўся на першы ўрок.

Настаўнiца пасадзiла Смуроднiка на першую парту, бо той меў кепскi зрок i насiў акуляры.

Смуроднiк сядзеў каля настаўнiцкага стала i цiхенька псаваў паветра газамi, што ўтваралiся ад селядцовых танцаў у пракiслым малацэ. Адчуўшы кiслы дух, настаўнiца абвясцiла: "Калi хто хоча ў прыбiральню, хай не саромеецца, а сходзiць". Смуроднiк пабаяўся ўстаць i пайсцi, тады б клас даведаўся, хто пускаў газы. Ён сядзеў i трываў, а неўтаймоўныя селядцы ўсчалi неверагодны вэрхал i, не зважаючы на супрацiў, выслiзнулi разам з парудзелым малаком з вантробаў у порткi. Настаўнiца загадала Смуроднiку Найменшаму пакiнуць школу. Свята ведаў сапсавалася.

Смуроднiк-бацька доўга суцяшаў сына апавяданнямi пра партызанскую барацьбу, калi даводзiлася хавацца ад ворагаў у конскiм гнаi. Апавяданнi супакоiлi Смуроднiка Найменшага, i ён заснуў.

Сон быў пра першую настаўнiцу, якая трэсла ў паветры ўказальным пальцам i паўтарала: "Нельга запiваць малаком сушаныя селядцы!".

03.05.1996

Загрузка...