Ён прайшоў уздоўж люстраное сцяны прыярытэтнага банка, перабег на другi бок невялiчкай, абсаджанай каштанамi вулiцы i пашыбаваў па вузкiм асфальтавым ходнiку.
У горадзе палiлi апалае лiсце. Стаяла сонца — яркае, але нiзкае i халаднаватае.
Мiнак склаў рот лiтараю "о" i выхукнуў паветра. Белыя клубочкi пары расталi ў кастрычнiцкiм надвячорку.
Мiнак прыспешыў крок. Ён ледзь не бег па цэментавых плiтах, якiмi выклалi сцежку памiж дашчаным плотам новабудоўлi i каштанавай вулiцаю.
Ён гэтак шпарка i ўтрапёна рухаўся, што, сам не хочучы таго, апынуўся на сярэдзiне завулка, па якiм павольна плыла жалобная працэсiя. Паперадзе рассыпалi кветкi двое дзяцей: цыбаты хлопчык i дзяўчынка з тоўстымi коскамi. Галоўкi гваздзiкоў расцiскалiся ботамi салдат, якiя неслi на плячах труну з сiвагаловым палкоўнiкам. За труною сунулiся на ватных нагах чырванавокiя сваячкi ў чорных хустках i вайсковы духавы аркестр. Ён зайграў нудотна i непрыгожа толькi тады, калi Мiнак быў ужо даволi далёка ад развiтальнай працэсii.
Ён крочыў каля дзiцячага садка, у якiм мужчына з жанчынаю выгульвалi чорных пудзялькоў. Мужчына са смакам курыў цыгарэту, пудзялькi нюхалi адзiн аднаму задняе мiжлап’е, а жанчына, прысеўшы на кукiшкi, спраўляла абедзве патрэбы. Вочы ў Мiнака i сабакаводкi сустрэлiся толькi на iмгненне. Мiнаку зрабiлася нiякавата. Ён адвярнуўся i прыспешыў хаду.
Ён нават пачаў пераходзiць на другi бок завулка, але i там яго падпiльнавала нечаканасць. У блакiтнакрылай легкавой машыне, якая не магла праехаць з-за пахавання, на пярэднiм сядзеннi, вывалiўшы з-пад курткi вялiзную цыцку, ружоватварая маладуха кармiла немаўля.
Мiнак збочыў з завулка ў двор, i ягоная спiна схавалася ў клубах духмянага дыму спаленага лiсця.
28.01.1996