У Гатэльнiка пусты прасторны кабiнет, бязмежны стол i станiстая, заўсёды мiнорная сакратарка. Апранаецца ён ва ўсё iтальянскае — ад гальштука да шкарпэтак. Падуладны яму гатэль "Iнтэркантыненталь" стаiць адначасна на беразе пустэльнi Сахары i Чырвонага мора. З такой пасадай i адпаведным заробкам можна дазволiць сабе штогод наведваць вечны горад Рым з мэтаю поўнага абнаўлення гардэроба. Улюбёны колер Гатэльнiка — глыбока-радыкальна-канчаткова-чорны. Ягоны ўзрост спынiўся на адзнацы: за пяцьдзесят. Ён мажны, самаўпэўнены, з дыктатарскiмi звычкамi, на пасадзе галоўнага iнакш i быць не можа.
Гатэльнiка баяцца. Рэстаран, гараж, спартыўны комплекс, бары, крамы i ўласна гатэльная абслуга — ад рэцэпцыi да Электрыка i Попельнiка — перад iм трымцяць i калоцяцца.
Працоўны дзень ён распачынае з кубачка нямоцнай чорнай кавы i чытання нецiкавай мясцовай газеты. Пасля абыходзяцца ўсе куткi, залы, калiдоры, падсобкi, незанятыя нумары, каб самому паглядзець, памацаць, панюхаць i пакаштаваць гаспадарку. I не дай Алах — знойдзецца парушэнне. Звальненне зойме не больш за хвiлiну.
У зацiшны кабiнет раздражнёны Гатэльнiк дабiраецца апоўднi. Стаiць пад душам. Адказвае на тэлефонныя званкi. Праглядае дакументацыю.
Недзе а трэцяй ён робiцца вольнай пташкаю. Выклiкаецца сакратарка, якая мые з мылам i масiруе грувасткага начальнiка ў патаемнай лазенцы, за кабiнетам. Супакоены, памыты, голы, ён сядае за працоўны стол i прымушае пакорлiвую падначаленую поўзаць на жываце па кiлiме. Жанчына благальна зазiрае ў шалёныя гаспадаровы вочы i ўсялякiмi найбрыдчэйшымi словамi зневажае сябе i ўсю жаночую палову чалавецтва. Гатэльнiк узбуджаецца, i на стале спазнае смак жаноцкае вiльгацi i слодыч глыбiннае гарачынi.
Сакратарку ён мяняе не радзей як раз на паўгода, i не таму, што непакорлiвая цi нязгодная поўзаць на жываце i ў нязручных паставах зазiраць у жахлiвыя, чорныя, жорсткiя вочы працадаўцы. Проста ў Гатэльнiка традыцыя: раз на год абнаўляць гардэроб i два разы мяняць жанчыну.
06.01.1997