59 — Рызыкант


У начной варэльнi густа напалiлi, хоць дзве сякеры вешай. Памiж Рызыкантам i ягоным братам на засмечаным столiку тырчала недапiтая пляшка. Нядзельныя сабутэльнiкi заглядалi адзiн аднаму ў брутальныя вочы i разважалi.

— Бяром банк?

— Бяром! — запэўнiў брата Рызыкант.

— У Баранавiчах?

— А дзе яшчэ мы зможам сарваць банк, як не ў нашых Баранавiчах?

— Сведак мочым?

— Нiякiх сведак!

— Дзецi?

— Якiя дзецi ў банку?

— Раптам нехта прыйшоў з дзiцёнкам? Трэба адразу вырашыць: забiваем малых цi пакiдаем жыць?

— Мяркуеш, пакiнуць?

— Будуць крычаць.

— Стрэлiш у пашчу, i змоўкне навек.

Апахмялiўшыся панядзелкавым пiвам, браты завiталi ў BELARUSBANK. Рызыкант паспрабаваў пераканаць касiрку мiрна аддаць грошы. Тая залямантавала i непрытомная спаўзла з крэсла. На крык прыскочыў ахоўнiк. Ён стрэлiў у Рызыканта. Брат параненага кiнуўся на ахоўнiка i злавiў кулю ў пераноссе.

— Здохлi? — касiрка ўзнялася з шахматнае падлогi i абцягнула спаднiцу на неабдымных клубах.

— Гатовыя. — Ахоўнiк дзьмухнуў у чарнату рэвальвернае рулi.

Чарната азвалася тугiм свiстам, так адгукаецца недапiтая пляшка.

— Абодва? — грувасткая касiрка з недаверам скасавурылася на скурчанае цела Рызыканта i прапанавала: — Памацай пульс на шыi ў скурчанага.

Ахоўнiк мiрна, нiбыта доктар, нахiлiўся i атрымаў удар шылам у кадык. Сталёвая дзюба прабiла раскормленае горла i спынiлася ў хрыбетцы. Ахоўнiк зарохкаў i схапiўся няпэўнымi пальцамi за лакiраванае дзяржальна швайкi. Выцягнуць шыла ён не здолеў, павалiўся на падлогу, паторгаўся, выпруцiўся i адразу зрабiўся ненатуральна вялiкi, як усе мерцвякi.

Рызыкант паспрабаваў узняцца на локаць, але жыццёвая энергiя пакiнула яго разам з крывёю, што палiлася праз рот на чорна-белую падлогу.

— Што нарабiлi?! — касiрка высмаркалася ў ружовую хустачку i прашаптала: — Зусiм дзецi...

Як i звычайна, панядзелак у Баранавiчах надарыўся нешчаслiвы.

30.04.1997

Загрузка...