51 — Вернiк


Вернiк заплюшчыў вочы i ўбачыў царкву. Белая, пераробленая з касцёла, яна ўзвышалася на зялёным грудзе. Вернiк пачаў уздымацца на груд i прачнуўся. Позiрк упiнаўся ў пустую столь. Ад безнадзейнасцi i маркоты Вернiк вырашыў схавацца ў сон. Царква рэанiмавалася. Вернiк зайшоў у храм, набыў свечку, падышоў да калоны, на якой свяцiўся золатам абраз Божай Мацi. Калi Вернiк запальваў свечку, гарачы воск закапаў на пальцы. Ад апёку ён прачнуўся пад высокай гладкаю столлю, але ўставаць не захацеў, лёг тварам у падушку i апынуўся ў тым самым кафедральным саборы. Свечка цiхмяна гарэла пад абразом. З-за калоны выйшаў чырвоны Анёл. Нават крылы ў яго былi чырванапёрыя. Вернiку заманулася пачуць анёльскi голас, i ён зрабiў рукою лёгкi прывiтальны жэст. Чырванакрылы Анёл схаваўся за царскай брамаю. У душы ў Вернiка засталася пустэча. Ранiцай ён наведаў царкву, дзе замест Анёла спаткаў дзяўчынку, прыбраную ў чырвонае. Яна ставiла запаленую свечку пад абраз Дзевы Марыi. Вернiк заплакаў.

13.07.1996

Загрузка...