41 — Часавiк


Часавiк перакулiў невялiчкi пясочны гадзiннiк i сказаў:

— Жыццё — гэта толькi iмгненне. А калi пасля смерцi цябе чакае iснаванне, дык яно будзе драбочкам у параўнаннi з велiччу вечнасцi, як i ў тым выпадку, калi пасля другога скону ты апынешся ў трэцiм жыццi.

— А што ўкладаецца ў iмгненне, якое вы называеце жыццём? — спытаўся вучань у Часавiка, якi неадрыўна сачыў за струменьчыкам пяску ў настольным гадзiннiку.

— Iмгненне жыцця складаецца з сямi крокаў — як для жанчыны, так i для мужчыны, але ёсць адна рознiца: жанчына ступае сямiгадовымi, а мужчына васьмiгадовымi адрэзкамi часу. Пра першыя, як i пра апошнiя, гады чалавечага iснавання гаварыць не мае сэнсу, бо яны не належаць уласна асобе, iмi распараджаюцца i апякуюцца бацькi, дзяды, дзецi, унукi — адным словам, iншыя людзi.

Таму варта не звяртаць увагi на першы крок i не заўважаць апошнi.

Часавiк замаўчаў.

— Працягвайце, калi ласка, — шэптам папрасiў вучань.

— Зараз, я засяроджваюся, бо ў далейшым аповедзе павiнна быць толькi адна якасць, ён мусiбыць кароткi, як жыццё.

Перакулiўшы, Часавiк зноўку запусцiў старажытны гадзiннiк i прамовiў:

— У 7 гадоў у дзяўчынкi змяняюцца зубы, адрастаюць досыць доўгiя валасы, з’яўляецца вiльгаць ва ўлоннi.

У 8 гадоў у хлопчыка выпадаюць малочныя i вырастаюць сапраўдныя зубы, валасы гусцеюць i цямнеюць, а чэлес пачынае зрэдчас напiнацца i выпускае першую кроплю насення.

У 14-гадовым узросце ў дзяўчыны пачынаюцца месячныя, такiм чынам яна робiцца здатная да нараджэння дзiцяцi. I калi ўдары сэрца падчас плоцкае любовi ў яе моцныя i роўныя, дзiця народзiцца здаровае.

У 16-гадовым узросце хлопец страчвае здольнасцi Чараўнiка, канчаткова абрываюцца сувязi памiж ягоным цяперашнiм iснаваннем i мiнулымi жыццямi. Насення ў хлопца выпрацоўваецца шмат. Ён гатовы да кахання i любовi з дзяўчынаю i можа дасягнуць з ёю суладдзя, мiру i шчасця.

У 21 год жаночае цела выспявае цалкам, напаўняецца энергiяй, валасы дасягаюць максiмальнай даўжынi, а ў роце з’яўляюцца зубы мудрасцi.

У 24 гады мужчынскiя цяглiцы робяцца цвёрдыя, косткi набываюць моц, насенне выштурхоўваецца пругка i часта, а ў роце вырастаюць апошнiя зубы.

У 28 гадоў жаночыя цяглiцы, як нiколi, пругкiя, яна з лёгкасцю нараджае дзяцей, а яе ўлонне поўнiцца жыццядайнымi сокамi i святлом.

У 32 гады мужчына дасягае вяршынi ўласнай спеласцi: плоць ягоная моцная. У iм нязгасна палымнее агонь любоўных жаданняў.

Калi жанчыне спаўняецца 35, бiццё сардэчнага пульсу пачынае затухаць, твар пакрываюць зморшчынкi, а валасы губляюць бляск.

Калi мужчыну спаўняецца 40, яечкi выпрацоўваюць меней насення, валасы радзеюць, зубы псуюцца.

У 42 гады ў жанчыны слабне жыццядайнасць грудзей, жывата i похвы. Твар амаль цалкам пакрываюць зморшчынкi, а валасы пачынаюць сiвець.

У 48 гадоў у мужчыны жыццёвыя сiлы моцна змяншаюцца, на твары з’яўляюцца зморшчынкi, а валасы выбельвае сiвiзна.

Калi жанчына пражыве 49 гадоў, месячныя ў яе спыняцца, пульс у вагiне канчаткова ацiхне, i мужчына не сустрэне радасцi ў запаветных веснiцах. Але менавiта ў гэтым веку жанчына набудзе здатнасць да сувязяў памiж яе цяперашнiм жыццём i жыццём будучым, яна займее вартасцi Чараўнiцы. Людзi навокал пачнуць казаць на яе: старая.

Калi мужчына пражыве 56 гадоў, ён перастае выпраменьваць жыццядайную субстанцыю. Хваробы накiнуцца на яго, нiбыта сабачая гайня, вантробы выпетраюць, а сiлы скончацца. Людзi пачнуць называць яго: стары.

Па гэтых словах Часавiк паклаў пясочны гадзiннiк на бок, даючы зразумець, што размова скончылася.

14.02.1996

Загрузка...