Асноўная якасць Басейнiка — ён мурын, блiскучы, як патушаная ў вадзе галавешка. Алейная вульгарнасць постацi ў шортах вельмi пасуе да глянцавай кафлi i марской вады.
Басейн у яго закрыты, з вялiкай шкляной сцяною, за якой зелянее сад з вадаспадам. Вада бруiцца па каменнай, выкладзенай з брусочкаў трапецыi ў неглыбокi стаў, дзе сноўдаюць шэраспiнныя рыбiны. Над ставам схiлiлiся вастралiстыя пальмавыя вееры i хмызы рададэндранаў у цнатлiвай квеценi.
Калi наведнiкi сыходзяць, у басейне гасiцца святло, а над вадаспадам запальваецца блакiтны лiхтар. Басейнiк сумуе, седзячы ў крэсле. Воднае царства таемна ззяе калыхлiвымi сапфiравымi пералiвамi.
Басейнiк нiкога не чакае, не спакушае, не клiча. Наведнiцы самi напрошваюцца вярнуцца ўночы з бутэлькаю вiна i двума келiхамi. Басейнiк адно ўдакладняе час. Ён не шукае непрыемнасцяў на плыткiм месцы. Нашто адначасна адкаркоўваць дзве бутэлькi? Нязручна.
Басейнiк бярэ жанчын па чарзе. Распранаецца каханка сама. Дзеля купання аголенымi яны i прыходзяць а дванаццатай, а першай цi а другой ночы. Жанчына плавае, п’е вiно, клiча ў ваду гаспадара. Той спускаецца ў сiнiя хвалi i насаджвае лёгкае ў вадзе цела на доўгi i тонкi стрыжань. Гульнi ў халаднаватым басейне зазвычай не прыносяць каханцы чаканага наталення. Улонне не атрымлiвае гарачага ўсхвалявання. Каханка паспешлiва сыходзiць, не ведаючы, што саступае месца наступнай купальшчыцы, якая будзе любавацца зялёна-блакiтным вадаспадам. Наступнiца, як i папярэднiца, пачне канвульсiўна сцiскаць похву i не зможа шчыльна абхапiць тонкi, як аловак, чэлес. Устрывожанасць каханкi зменiцца страхам, i яна пакiне начны басейн.
Абслугоўванне клiентак доўжыцца да ранiцы. Толькi з усходам сонца Басейнiк гасiць садовы лiхтар, i вада ў рукатворным вадаспадзе спыняецца. Стомлены i незадаволены, ён iдзе адпачываць.
Працоўны дзень Басейнiк пачынае апоўднi з кармлення прыручаных рыбiн.
Новыя наведнiцы прыходзяць а палове на першую, i распачынаецца флiртаванне. Звычайна жанчына наiўна просiць Басейнiка знайсцi на дне нiбыта незнарок упушчаны ёю пярсцёнак.
05.01.1997