20 — Збiральнiк


Да Збiральнiка завiтаў Тэлевiзiйнiк. Запарылася гарбата. Сябры ўладкавалiся ў фатэлях i размаўлялi.

— За дзвярыма — будучыня! Кампутары, касмiчныя антэны. Сiгнал можна прымаць з любой кропкi Зямлi. А ты зачынiўся ў кабiнецiку i думаць не думаеш пра наступны дзень.

— Чаму гэта не думаю, — Збiральнiк смачна сербануў духмянай гарбаты. — Я пiшу, займаюся лiтаратурай.

— Лiтаратура... — Паблажлiва паўтарыў Тэлевiзiйнiк. — Ну што такое лiтаратура сягоння? Служка, Папялушка пры тэлевiзii. Заяўкi, прамовы, дыялогi, сцэнарыi i даклады. Хто чытае кнiгi? Колькасць кнiгарняў толькi ў Мiнску паменшылася ўдвая. Каму патрэбны грувасткi фалiянт, калi дастаткова ўкiнуць маленечкую дыскету ў кампутар, каб на манiторы засвяцiўся тэкст. Ты скажаш: папера, кардон, фарба, штапель. А я скажу: непатрэбныя сантыменты. Варта рэальна ўспрымаць рэчы. Тэлевiзiя збiрае, гуртуе, канцэнтруе ўсе вiды мастацтва, разам з лiтаратурай. I хай сабе не арганiчна, а толькi сiнтэтычна тэлевiзiя кампануе i насычае любiмую народную цацку. Але ж напаўняе. Тэлевiзар глядзяць, на яго рэагуюць, яго любяць, баяцца, паважаюць, слухаюць. А кнiга? Адны ўспамiны пра былую велiч!

— А падручнiкi?

— Гэта пакуль у школьнiка няма персанальнага кампутара. А з’явiцца, i можна будзе развiтацца з падручнiкам; так аўтамабiль адсунуў на сметнiк брычку. Прагрэс няспынны.

Ну вось выдаў ты 66 казак "Дамавiкамерона", ходзiш па горадзе i раздорваеш даволi дарагiя асобнiкi. I што маеш у адказ? — Тэлевiзiйнiк укiнуў у рот цыгарэту.

Пухкi струмень дыму выплыў з бэзавых вуснаў Тэлевiзiйнiка, узняўся да голай лямпачкi i распоўзся па кабiнеце хiсткiмi касмылямi.

— Адказ просты, я маю магчымасць павялiчыць збор казак, паданняў, мiфаў. Кнiгi раздаюцца з патаемнай мэтаю: за атрыманы асобнiк, хай сабе ў адным выпадку з адзiнаццацi, але я пачую працяг сваёй кнiгi.

Напрыклад, адзiн барадаты Рэдактар пасля першай публiкацыi "Дамавiкоў" у часопiсе "Лiтаратура-1" расказаў...

"Калi прыязджаю да жонкi з Мiнска ў Наваполацк i доўга, не перапыняючыся, званю ў дзверы, дык, пачуўшы "хто там?", нiзкiм голасам кажу: "Я Дамавiк. Усё, што ў гэтым доме ёсць, належыць мне. Ты таксама належыш мне!" Жонка смяецца, зачыняе дзверы i кажа: "Толькi не тут!" — "Тут!" — настойваю я, але ў перадпакоi мы нiколi не займалiся сексам".

А пасля выхаду васемнаццацi "Дамавiкоў" пад назваю "Зданi" ад знаёмага Плакатыста я прыняў у калекцыю Вагоннiка...

"Вагоннiк жыве на станцыi "Бальнiца" ў загнаным у тупiк старым вагончыку. Зрэдку, калi ў гуморы, Вагоннiк дапамагае праваднiцам здаваць шклатару i несцi ў пральню клумкi з бруднай бялiзнаю. Праваднiцы любяць i шкадуюць Вагоннiка. Прыкормлiваюць яго "заечым" хлебам i зрэдку, пад настрой, даюць задаволiцца, як мужчыну".

А калi я падараваў Плакатысту кнiгу "Дамавiкамерон", дык пачуў аповед пра Прымяральнiка...

"Ён жыве ў ЦУМе, у секцыi жаночага адзення, за прымерачнай кабiнкай. I калi жанчына здыме спаднiцу, мяккiя далонi Прымяральнiка кладуцца ёй на талiю, спускаюцца пад калготкi, сцягваюць iх разам з плаўкамi, разводзяць клубы i дапамагаюць чэлесу ўвайсцi ва ўлонне. У адрозненне ад звычайных мужчынаў, Прымяральнiку не трэба рабiць тры сотнi штуршкоў. Насенне выходзiць адразу, як толькi Прымяральнiкаў чэлес дасягае задняй сценкi ўлоння. Карацей, ён спускаў, як толькi засоўваў на максiмальна магчымую глыбiню".

А гэта распавялi мне дзве сцiплыя Музейнiцы...

"Яны прыйшлi ў атэлье "Алёна", каб пашыць на лета шорцiкi. Аформiлася патрэбная дамова. Да Музейнiц выйшаў Кравец, якi кляёнчатай стужачкай пачаў здымаць памеры. Ён старанна абмяраў клубы i сцёгны, нават прасiў шырока расстаўляць ногi, каб вымяраць шырыню магчымага кроку. Праўда, глыбiню ўлоння Кравец не мераў, адно прапаноўваў пайсцi пакроiць джут, толькi сарамлiвыя Музейнiцы адмовiлiся".

Iх праблемы, iх сумленне, i не мая вiнаватасць, што навела пра Краўца не набыла лагiчнага завяршэння. Не заўсёды атрымлiваеш тое, што хацеў бы мець. Вось i Мiлiцыянт падараваў сюжэт не завершаны...

"На Камароўскiм рынку ў нядзельку пад вечар з’яўляецца Кiрмашнiк. Ён высочвае правiнцыйных маладзiчак, якiя, папрадаваўшы садавiну i гароднiну, падвесялiлiся гарэлiцаю. Салодкiм i лiслiвым словам Кiрмашнiк спакушаў недаверлiвых, але сквапных правiнцыялак. Ягоныя аповеды пра гурбы танных замежных апранах мелi наўздзiў магутную сiлу. Асаблiвае ўражанне рабiла ядомая бялiзна. I маладзiчкi iшлi з чужым чалавекам у незнаёмы раён. А там, у нанятай на суткi кватэры, Кiрмашнiк апойваў жанчын конскiм узбуджальнiкам i ладзiў оргiю-шабас. Па заканчэннi шабасоўкi юрлiвы Кiрмашнiк прападаў".

Мiлiцыянт запэўнiў мяне, што ў хуткiм часе Кiрмашнiка зловяць. Следчая група стварыла некалькi парачак падманных маладзiц. Толькi камароўскi Кiрмашнiк не надта квапiцца на падстаўных гандлярак. Аперацыя працягваецца.

Гэтаксама доўжыцца маё збiранне сучасных казак, мiфаў i паданняў.

Пра апойванне жанчын узбуджальнымi вадкасцямi распавёў мне адзiн хiтрун Сталяр...

"Ветлекар падараваў Сталяру пакуначак з пудраю i сказаў, што, калi яе ўсыпаць у лiманад i даць выпiць жанчыне, дык тая гадзiны тры будзе мець толькi адно-адзiнае жаданне. Сталяр не меў падставы не даверыцца Ветлекару. А таму, пазнаёмiўшыся з Касiркаю крамы "Тарты-цукеркi", наладзiў экскурсiю ў сталярную майстэрню. Касiрка з цiкаўнасцю агледзела драўлянае царства сталярнi i без ценю сумневу села за варштат пiць пяцiдзесяцiградусную гарэлку. На закуску Сталяр прапанаваў адно лiманад "Бурацiна", у якi папярэдне ўсыпаў падораную пудру. Гарэлка пiлася лёгка. Узбуджальны сродак спрацаваў, але не так, як меркавалася. Касiрка пачала мачыцца праз кожныя тры хвiлiны. Яна жудасна ахмялела, яна залiвiста рагатала i пускала шумлiвыя струменi на падлогу. У сталярнi не было прыбiральнi. Рукамыйнiк стаяў, а вось унiтаз адсутнiчаў. Касiрка нарабiла лужын па ўсiх кутках i закутках, а яшчэ паразбiвала аб сцяну ўсе бутэлькi. У дадатак яна пакусала Сталяра i падрапала ягоны хiтравокi тварык пазногцямi. Пасля такога ўзбуджэння Сталяр прагнаў Касiрку i пракляў Ветлекара".

Дзеля такiх вось гiсторый раздаецца кнiга. I пацiху павялiчваецца калекцыя. Яе складаюць вобразы маленькiх хатнiх кумiраў i багоў. А багi, як вядома, — гэта персанiфiкацыi нашых псiхiчных i духоўных памкненняў.

А распачаў я збiранне з аповеду Фотамадэлькi, якая са слязамi ўваччу даводзiла, што раманiлася i сексавалася з сапраўдным Дамавiком.

— Калi так... — Тэлевiзiйнiк глынуў астыглай гарбаты i зацiснуў у зубах фiльтр чарговай цыгарэты.

Колцы духмянага дыму паплылi пад столь.

— Калi так, я далучуся i раскажу гiсторыю пра Сабачнiка, сына Вагоннiка. Толькi не выкарыстоўвай яе адразу, пачакай нагоды...

"Адна Прымальнiца шклатары сiмпатызавала Вагоннiку i адпаведна некалькi разоў дала яму спатолiць цiск у пахавiннi. Прымальнiца асаблiва не засцерагалася, а таму неўзабаве панесла. Пабрацца шлюбам з цяжарнай жанчынаю Вагоннiк не захацеў. Вось Сабачнiк i гадаваўся байструком. Скончыўшы школу i адслужыўшы ў войску, Сабачнiк паступiў ва унiверсiтэт на аддзяленне гiсторыi, бо прагнуў стаць гiстарычным пiсьменнiкам. Ва унiверсiтэце Сабачнiк пазнаёмiўся з Тэлевiзiйнiкам. Яны сябравалi, але аднойчы вельмi моцна паспрачалiся, хто вышэй скочыць. Скакалi ў спартыўнай зале праз алюмiнiевую планку, якую паступова ўздымалi вышэй i вышэй. Нарэшце Тэлевiзiйнiк скемiў, што "нажнiцамi" не возьме выстаўленую вышыню, а таму скочыў "рыбкаю". Сабачнiк гэтаксама вырашыў скокнуць "рыбкаю", але збiў мыском красоўкi алюмiнiевую планку. Тая выгнулася, ударыла Сабачнiку па скiвiцы i высадзiла верхнiя зубы. Вiдавочна, Тэлевiзiйнiк не быў вiнаваты, але адносiны з Сабачнiкам сапсавалiся. Праўда, зрэдку — раз на тры гады яны сустракалiся i загаворвалi пра лiтаратуру. Падчас апошняй сустрэчы Сабачнiк расказаў, што працуе над цыклам раманаў пра жавёл. Наступны раман Сабачнiк вырашыў напiсаць ад iмя кабеля-гвалтаўнiка... Лётае кабель па мiнскiх сметнiках i гвалцiць нявiнных сучак, лётае i гвалцiць, гойсае i трахае, паскача-паскача i маркiтуецца-маркiтуецца... I раптам высвятляецца, што не сабака гойсаў па сметнiках, а чалавек — Гiцаль. I не сабака гвалцiў сучак, а вычварэнец сыходзiўся з беспароднымi чатырохногiмi брахлiўкамi. I Сабачнiк запэўнiў, што Гiцаль вельмi перажываў i плакаў, калi здаваў сабачае мяса на мылаварню. А яшчэ ён перажываў, бо не мог знайсцi адказу, чаму гэта яго цягне не на жанчын, а на сучак. Адказ знайшоўся ў японскiм гараскопе. Аказваецца, Гiцаль нарадзiўся ў год гарэзлiвага сабакi, як i сам Сабачнiк, дарэчы".

Тэлевiзiйнiк папстрыкаў ледзь жывой запальнiчкай i сказаў:

— Толькi я цябе прашу, без нагоды не чапай Сабачнiка, пакусае...

— Устаўнымi зубамi моцна не ўкусiш.

Тэлевiзiйнiк падзякаваў за гарбату i сышоў з таемнай надзеяй, што казка пра Сабачнiка трапiць у кнiгу.

А вось Збiральнiк сапраўды вырашыў пачакаць якой-небудзь нагоды, i яна неўзабаве надарылася.

Збiральнiк iшоў у букiнiстычную краму "Вянок", дзе сярод тысячы i адной кнiгi прадаваўся i ягоны, зроблены разам з Тэлевiзiйнiкам комiкс "Дзiкае паляванне". Збiральнiк, вядома, не збiраўся купляць сваю кнiжку, ён намерваўся набыць расейскае васьмiтамовае выданне казак Шахразады, расказаных Шахрыяру за тысячу i адну ноч. Iдучы праз рэчку, Збiральнiк убачыў пад мостам няўклюдную постаць у сiнiм плашчы i шэрай, насунутай на бровы кепцы. Збiральнiк пазнаў Сабачнiка. Той крышыў хлеб i кармiў каналiзацыйных качак, якiя лянуюцца лётаць у вырай, а забiваюцца на зiмоўку ў трубы, па якiх цячэ старажытная беларуская рэчка Нямiга, апетая ў "Слове пра паход Iгаравы". Качкi сноўдалi па бруднай вадзе i прагна глыталi пачастунак. Задаволены Сабачнiк ускiдваў галаву i падстаўляў сакавiцкаму сонцу шыракароты твар. Прамянiста паблiсквалi шкельцы люстраных акуляраў i ўстаўныя залатыя зубы.

Сабачнiк паблажлiва шпурнуў галоднаму голубу чорную скарынку, i ў гэтае iмгненне яго трапна накрыў Збiральнiкаў сак.

19.02.1995

Загрузка...