44 — Настаўнiк


У Настаўнiка беларускай мовы i лiтаратуры з’явiлася iдэя — стварыць у мястэчку англамоўны тэатр. Як кожны аматар, ён вырашыў ставiць "Гамлета". Настаўнiк сабраў гурт школьнiкаў, павёў iх на старажытныя курганы, на бераг Русалчынага возера, дзе i адбылiся чытанне драмы, раздаванне роляў i наладжванне першай рэпетыцыi.

Мерапрыемства трымалi ў таямнiцы. Настаўнiк не хацеў, каб пра тэатр даведалася школьнае начальства i замест Шэкспiра параiла разыграць зубаскальствы Макаёнка. Настаўнiк не хацеў смяяцца — анi першым, анi апошнiм. Таемнасць, сусветная культура i драма жыцця — вось на якiх кiтах будаваўся новы тэатр. I таму па нядзелях школьнiкi iшлi крадком з розных канцоў мястэчка на латгальскiя курганы, дзе iх чакаў дзiвакаваты Настаўнiк.

Пацiху сабраўся рэквiзiт; апранахi выцягвалiся з куфэркаў, а рэчы збiралi на гарышчах i закiнутых хутарах. Актораў анi не засмучала, што старажытныя дацкiя магнаты i каралi ходзяць у беларускiх строях пачатку ХХ стагоддзя i гавораць па-ангельску. Тэатр — мера ўмоўнасцi i мера рызыкi.

Настаўнiк пайшоў нават на тое, каб уночы ўласнаручна раскапаць латгальскi курган, бо спектаклю патрабаваўся чэрап ёрыка, толькi нiчога апроч вугальнае праслойкi, якая сведчыла пра трупаспаленне, у магiле не адшукалася. Каб суцешыць любiмага Настаўнiка, двое старшакласнiкаў вырашылi пазычыць чэрап у фамiльным склепе тутэйшых графаў Плятараў. Напярэдаднi рэпетыцыi, у суботу звечара, яны падалiся на могiлкi, дзе цвiкадзёрам збiлi замок з каплiцы. Спусцiўшыся у сутарэннi, вучнi пачалi дзяўбцi цынкавую труну. Нечакана край скляпенняў абрынуўся. Уваход у каплiцу засыпала цагляным друзам. Падлеткi апынулiся ў задушлiвай пастцы.

Ранiцай разам з акторамi на бераг возера прыбеглi мацеркi знiклых школьнiкаў. На шчасце, трэцi хлопчык, якi меўся з сябрамi рабаваць труну графа Плятара, не здолеў уцячы з дому: бацька прымусiў нацягваць плёнку на парнiк. Ён i расказаў, дзе шукаць небаракаў.

Каля графскай каплiцы сабраўся натоўп. Нiхто не ведаў, як пачаць раскопкi, каб не нарабiць большай бяды.

Дэрыктар школы, замест таго каб узначалiць выратаванне, зачынiўся ў кабiнеце i ўласнаручна аддрукаваў загад аб звальненнi Настаўнiка беларускай мовы i лiтаратуры. А вось завуч павёў сябе спакойна, загадаў спынiць разграбанне друзу, бо каплiца ледзь лiпела i ў кожнае iмгненне магла развалiцца канчаткова i пахаваць дзяцей.

Раптам Настаўнiк прапанаваў дзiўны шлях выратавання: з хаты аднаго з засыпаных падлеткаў ён прынёс ката i запусцiў яго ў вентыляцыйную адтулiну, якую тут жа заткаў дзёрнам. Пад зямлёю кот знайшоў гаспадара i, кiруючыся незаўважнымi для чалавека проймамi, вывеў падлеткаў падземным лазам з каплiцы, праз лабiрынт, у касцёл, якi ўзвышаўся пры самых могiлках.

Здарэнне абышлося без ахвяраў, калi не лiчыць Настаўнiка, якому не далi паставiць "Гамлета", а звольнiлi са школы. Ён пакрыўдзiўся на ўсё мястэчка i пайшоў працаваць рэстаранным швейцарам, каб уночы падпольна гандляваць гарэлкаю ды раз на тыдзень есцi лыжкаю з мiсы чырвоную iкру i запiваць яе шампанскiм.

10.03.1996

Загрузка...