56 — Самазабойца


Ён курыў на гаўбцы другога паверха. Настрой быў адпаведны, суiцыдальны. Тытунь супакойваў, таму ад адной скончанай цыгарэты прыпальвалася другая.

Пад гаўбцом праходзiў малады чалавек прызыўнога веку. Падстрыжанага пад нуль, яго, пэўна, чакала неўзабаве вайсковая частка.

Самазабойца перагнуўся цераз парэнчы i гукнуў:

— Гэй, хлопец!

Пара вачэй узнялася на голас.

— Ёсць работа, заплачу добра...

— Няма калi, спяшаюся...

— Чакай... Працы на тры хвiлiны, а грошай атрымаеш столькi, колькi скажаш.

— Я з мужчынамi не пераштурхоўваюся.

— Не бойся, нiякага сексу i не прапануецца. Пастой хвiлiнку, я выйду. — Самазабойца знiк з гаўбца, а праз iмгненне апынуўся побач з хлопцам. — Не палохайся i не ўцякай. Я смяротна хворы i пакутую ад боляў. Рак. Мне трэба сысцi. Разумееш? Пакiнуць свет. Нiякiх сяброў i сваякоў у мяне нямашака. Чалавек я заможны. Усё, што маю, аддам табе. Грошы, золата, каштоўныя камянi, усё стане тваiм, калi дапаможаш мне перайсцi ў лепшае вымярэнне.

— Не, не, я пад такiмi гульнямi не падпiсваюся. — Хлопцаў твар стаў бялець, у носе заказытала, i ён чхнуў.

— Нiчога цяжкага не патрабуецца. Падымемся ў кватэру. Пакажу цыдулку: у маёй смерцi нiкога не вiнавацiць. Ты з пiсталета застрэлiш мяне. Укладзеш зброю ў нежывую руку...

— Вам трэба звярнуцца да доктара...

— Ты не зразумеў. Да доктара я не магу звярнуцца, ён забярэ ўсё чыста i здасць у вар’ятню, дзе я сканаю ў страшэнных пакутах. А твой доктар адно рукi пацiрацьме. — Сухi твар схуднелага ўшчэнт Самазабойцы перакрэслiла ўсмешка.

— Колькi каштуе нацiсканне на курок? — душу маладога чалавека запоўнiў азарт гульнi ў рускую рулетку.

— Дамовiмся. Мы — разумныя людзi.

У кватэры быў парадак. Мэбля i рэчы займалi належныя iм месцы.

— Перадсмяротны лiст на стале. Грошы i каштоўнасцi ў дыпламаце. — Самазабойца паказаў на скураную валiзку. — А вось i безадмоўная "Берэта"... Цяпер сядаю ў фатэль. Ты страляеш у скронь, бярэш маю правую руку, укладаеш пiсталет i адпускаеш. Зброя вывальваецца з рукi трупа. Забiраеш заробак, сыходзiш. Рабаваць кватэру не раю. Пакiнеш сляды i пападзешся за забойства. Зрэшты, ты трапiў у пастку. Калi не застрэлiш мяне, дык я заб’ю цябе. Зразумеў?

— Так! — маладзён напружыўся.

Кропля поту намалявала блiскучы пiсяг праз лоб да брыва.

— У мяне няма намераў раскручваць карусель перажыванняў. Наймiт-забойца мусiць быць хуткi, рашучы i бессардэчны.

— Ведаю.

— Бяры зброю... — Самазабойца сеў у фатэль.

Хлопец узяў "Берэту", падышоў да ахвяры i стрэлiў. Самазабойца сканаў. Забойца забраў заробленае i пакiнуў нiчыйную кватэру.

21.11.1996

Загрузка...