63 — Срэбнiк Белы


Срэбнiк арандуе шкляную крамку ў гатэльным фае. На вiтрыне раскладзена процьма светлай бiжутэрыi: ад гальштукавай запiнкi да мусульманскага, шрыфтавога, метровага пано. Побач з касавым апаратам мiгцiць i мармыча маленечкi белалобы тэлевiзар.

У Срэбнiка сiвыя скронi i бестурботны твар аматара футбольных баталiй. Ён добразычлiва вiтаецца i, у адрозненне ад Злотнiка i Вопратнiка з суседнiх крамак, не нахвальвае тавар. Ён спакойны i чысты, як метал, якiм гандлюе.

Жанчыны любяць хусткi i дыяменты. Мужчын прываблiваюць масiўныя гадзiннiкi. Срэбнiку застаюцца падлеткi: хлопчыкi i дзяўчынкi, у якiх хапае кiшанёвых грошай толькi на срэбны ланцужок з крыжыкам цi срэбную брошку ў форме гнуткай коткi. Для непаўналетнiх пакупнiкоў Срэбнiк такi ж важны, як Злотнiк цi Дыяментнiк для дарослых. Падлеткi купляюць упрыгожаннi з вераю ў бессмяротнасць. Дарослыя, абцяжараныя практыцызмам, ведаюць пра немiнучы скон i выбiраюць памiж каштоўнасцямi i задавальненнямi. Падлеткi, маючы наперадзе бясконцае жыццё, набываюць срэбра безразважна. Толькi ў пяцiзоркавым гатэлi "Iнтэркантыненталь" падлеткi амаль не з’яўляюцца. Ёсць дзецi, iх няшмат, але ёсць. А клiентаў для Срэбнiка катастрафiчна не хапае. Даводзiцца праседжваць вечары, гледзячы тэлевiзар.

Палову мiзэрнай выручкi Срэбнiк адкладае на кватэры для будучых жонак. Ён вырашыў набыць адразу дзве кватэры i завесцi дзвюх жонак, каб адну ноч баляваць у адной, а другую — весялiцца з iншай. Срэбнiк лiчыць, што варта выбраць адразу пару жанчын, бо, пасялiўшыся з першай, другую ўжо не прыдбаеш. Не дасць жанчына так неразумна патрацiць грошы.

Каб не патануць у бесперапынным самазадавальненнi, Срэбнiк раз на два тыднi наведвае Распуснiцу. Даводзiцца доўга стаяць у чарзе. Перад самымi дзвярыма ён дастае орган i самаўзбуджаецца. Распуснiца прымае наведнiка толькi на пяць хвiлiнаў. З узнятым чэлесам, па званку, Срэбнiк заходзiць да Распуснiцы, якая ляжыць на высокiм ложку, расхiнуўшы белыя сцёгны. Похва ў яе бязмежная. Срэбнiк i тут дапамагае сабе рукою. Акрамя Распуснiцы, у блудлiвым пакоi прысутнiчае старая прыбiральшчыца з мiсаю цёплай вады для падмывання i белым, пухнатым, мяккiм ручнiком. Наведнiк яшчэ не паспявае ўсцягнуць нагавiцы, а старая ўжо мые гаспадынi натомленае ўлонне.

Пасля наведвання бардэля ў душы ў Срэбнiка робiцца пустэльна, як у Сахары. Ён доўга не спiць, уяўляе верных жонак, вялiкую краму срэбных, дыяментавых i плацiнавых вырабаў i чаргу да касавага апарата.

05.01.1997

Загрузка...