"У маёй душы няма злосцi". — Мужчына паўтараў медытацыйны сказ у розных станах, разнастайнымi iнтанацыямi, уголас i сам сабе столькi разоў, пакуль не адчуў, што злосць нарэшце пакiнула душу. Толькi новы стан не дадаў радасцi. Iдучы па праспекце, мужчына знайшоў формулу ачышчэння: "У маёй душы няма смутку". Узрадаваны, ён наведаў букiнiстычную краму — цемнаватую, пыльную, поўную танных кнiжак i пастарэлых прадаўшчыц, якiх ведаў з дзяцiнства. Нiводнае выданне яго не зацiкавiла. Адно незанавешанае акно крышку развеяла сум. Нават не само чысцюткае акно, а краявiд за iм: двор, засаджаны вербамi, арэлi-гушкалка i лiмонная лаўка.
Паўтараючы запаветны сказ — "У маёй душы няма смутку", — мужчына даволi далёка адышоў ад букiнiста, але выгляд жоўтай лаўкi пад нахiленай вярбою нiяк не выходзiў з галавы. Ён вярнуўся. Двор быў пусты, чыста вымецены, цiхi. Раптам з праспекта праз арку ў двор забеглi двое сямi-васьмiгадовых дзяцей. Хлопчык уцякаў, дзяўчынка даганяла. Дзецi шумна пераляцелi двор. Уцякач схаваўся за пад’езднымi дзвярыма, а задыханая Ганiцелька села побач з мужчынам.
— Думаеце, я не змагла яго дагнаць? — Ганiцелька цiкавала рэакцыю. Яна была падобная да акуратнай лясной жабкi: лупаценькая, смуглявая, шырокая.
— Не ведаю.
— Магла i хацела ўдарыць i пабiць, але енку было б на ўвесь горад, з пад’езда выскачыў бы ягоны старэйшы брат. Удвух яны мацнейшыя.
— Ты разумна зрабiла, бiцца не трэба. У чалавека не павiнна ў душы кiпець злосць.
На Ганiцельцы спраўна сядзелi белая куртачка, сiнiя нагавiцы i чорныя красоўкi. Яна па-мужчынску трымала рукi на каленях.
— Цi можаце вы паверыць, што старэйшы брат гэтага хлопца, за якiм я гналася, адразу пайшоў не ў першы, а ў трэцi клас?
— Цяжка верыцца. Гэта тое самае, як пераканаць сябе, што ў душы няма смутку.
— I я сумняваюся. Гэта я пайшла адразу ў трэцi клас, а ён, як дазнаўся, прыдумаў гiсторыю з разумным братам. Проста, праўда?
— Здагадацца нескладана.
— Я так i сказала: падманшчыкi.
— А яны пакрыўдзiлiся?
— Азлiлiся. Я залезла на вярбу i з дрэва крыкнула ашуканцам: "Вы хлусы!". Яны пачалi трэсцi вярбу, я звалiлася i зламала дзве рукi. Я займалася акрабатыкай, таму паспела згрупавацца i прызямлiцца на чатыры кропкi, як котка. Каб не асфальт, абышлося б.
— А чым скончылася?
— Над букiнiстычнай крамай жыве мая бабуля, яна хiрург, займаецца пераломамi. Мне наклалi гiпс. Замест рук былi белыя заечыя лапкi.
— А што зрабiлi з братам?
— Нiчога. Я не сказала, хто разгойдваў вярбу.
— У цябе няма злосцi?
— Няма. На неразумных, як на жывёл, нельга крыўдзiцца. Калi вы нешта зломiце, нагу цi руку, абавязкова прыходзьце да маёй бабулi.
— А калi б ты забiлася?
— Смерць нiчога не змяняе. Вось зараз браты выйдуць з пад’езда i пойдуць да гушкалкi. Малодшы залезе на седала, а старэйшы пачне яго разгойдваць да самага неба. Я падыду да iх i скажу: "Пагайдайце мяне". "Калi ласка", — адкажа старэйшы i падштурхне мяне да арэляў. Жалезная труба разаб’е мне галаву. Такое здараецца ў любым горадзе раз цi два на год. Можаце спытаць у моргу. Распаўсюджаны трагiчны выпадак.
Ганiцелька не паспела дагаварыць, як у двары з’явiлiся хлопчыкi, старэйшы i малодшы. Яны пабеглi да арэляў. Двор запоўнiла жалезнае рыпенне i воклiчы ўцекача: "Вышэй! Вышэй!! Вышэй!!!"
"У душы няма смутку", — падумаў мужчына, назiраючы, як у акне ў букiнiста пакупнiкi гартаюць кнiгi.
— Пайду...
— Не смуткуйце...
Мужчына накiраваўся да аркi. Ганiцелька пабегла да арэляў.
На праспекце мужчыну дагнаў двухгалосы хлапечы крык, i знайшоўся новы супакаяльны сказ: "Душа пустая".
10.11.1996