23 — Практыканцiк


— Рукi памыў? — мурлаты ўчастковы зiркнуў на зялёнага Практыканцiка.

— Ясная справа. — Той бадзёра сунуў далонь у новенькi партфельчык i зашамацеў паперамi.

— Добра памыў цi толькi апаласнуў? — участковы схаваў у стол тэчкi з дакументамi i разаслаў свежую газету.

— Тры разы намыльваў... А вы, таварыш старшына? — з партфельчыка дасталася ўкручаная ў кальку сабойка.

— I я ажно чатыры разы з мылам шараваў да самых локцяў, але душок застаўся. — На газету леглi прыгатаваныя жонкай участковага канапкi з сырам i каўбасою.

— Гэта вам, таварыш старшына, падаецца. Нiчым нашы рукi не пахнуць, ну хiба гаспадарскiм мылам крышачку тхне. — Практыканцiк павыкочваў з калькавага кулёчка зграбныя памiдорынкi.

— Не ведаю, як ад тваiх, а ад маiх пальцаў душок iдзе. Во, панюхай самыя кончыкi. — Участковы паставiў на стол дзве пляшкi пiва "Стары замак" i выцягнуў рукi.

Практыканцiк нахiлiў галаву i прынюхаўся спачатку да начальнiкавых, а потым i да сваiх пальцаў:

— Нiчым не пахнуць.

— А мне смярдзiць. — Участковы разлiў шумлiвы бурштын па шклянках.

— Кiньце выдумляць, таварыш старшына. У вас пазногцi кароткiя, да самага мяса абрэзаныя, пад iх, каб i хацела нешта ўбiцца, дык не ўваб’ецца, няма куды. — Практыканцiк укiнуў у рот памiдорынку.

— У мяне такое адчуванне, што скура набрыняла смуродам. — Участковы, зрабiўшы вялiкi глыток, абцёр пiўную пену з рудых натапыраных вусоў.

— Гэта ў галаве, у памяцi смурод застаўся, а ў сапраўднасцi яго няма. — Практыканцiк каўтаў пiва дробнымi глыточкамi.

Участковы, чвякаючы, жаваў канапку з каўбасою.

— I як вы, таварыш старшына, з такой уражлiвасцю столькi ў органах праслужылi? — яшчэ адна памiдорынка схавалася ў Практыканцiкавым роце.

— Смачны сыр. Мая жонка ведае, у якiх цётак сыры купляць. Я, дарэчы, страшэнна люблю сухi сыр пагрызцi з пiвам. — Участковы падлiў у шклянкi "Старога замка".

— Далiкатны вы занадта, таварыш старшына. — Практыканцiк выцягнуў запалкаю з зуба кавалачак мяса.

— Ну не загiнай, ну хiба рукi не смярдзелi? Далiкатнага знайшоў. Ты ж не будзеш казаць, што за тыдзень на гарачынi труп не пратухае. Гэтая ж старая зусiм аплыла, як васковая свечка. I трэба было ёй у прыбiральнi на унiтазе сканаць. Не каб у ложку, па-чалавечы. — Участковы праглынуў апошнi кавалачак салямi.

— Гэта для нас рознiца ёсць, дзе сканала, а ёй усё адно. — Практыканцiк паставiў на газету белую ад пены шклянку. Участковы падняўся i адвярнуўся ад стала, каб адчынiць фортку, а ў гэты момант Практыканцiк нахiлiўся над ягонай шклянкаю з недапiтым пiвам i плюнуў у пухкi шум. Плявок схаваўся ў пухiрчатых карунках. Участковы пусцiў дымны струмень у начную прахалоду.

— Ведаеце, таварыш старшына, я шчыра прызнаюся, — Практыканцiк падышоў да акна. — Пакрыўдзiўся я на вас. Ну чаму гэта я адзiн павiнен быў труп з унiтаза здымаць i на насiлкi класцi? Удвух мы б старую лёгенька паклалi на насiлкi. А так я ўвесь у гной перапэцкаўся.

— Ды кiнь ты гiдкае ўспамiнаць. Калi старая з насiлак ледзь не кульнулася ў калiдоры, хто яе падхапiў i ўтрымаў? Я! Прыбяры са стала. — Участковы шпурнуў папяросу ў акно, зачынiў фортку i дапiў пiва з пляўком.

19.04.1995

Загрузка...