Звычайны Попельнiк вядзецца ў гатэлях найвышэйшага кшталту. З выгляду ён падобны да станiстага маладзёна, чые генеалагiчныя каранi цягнуцца ў арабскiя пяскi паўночнай Афрыкi.
Попельнiк займаецца выключна попелам дый попелкамi. Ён абыходзiць пакоi, калiдоры, прыбiральнi i замяняе поўныя недапалкаў пасудзiны на выключна чыстыя. Найулюбёнейшы занятак гэтай сцiплай iстоты — разносiць па фае круглыя, выдзеўбаныя з шэрага каменю дыскi, да споду ў якiх, каб бясшумна сунуцца па шкляных столiках, прыклеены лямец. Калi ўпусцiш такую рэч на нагу, верагоднасць калецтва i страты пальцаў стопрацэнтовая.
Попельнiк ператварыў працу ў шматгадзiнны, няспынны, грацыёзны танец. Хада нагадвае рух авангардовага балетнага майстра. Каб нехта з абазнаных харэографаў хоць раз пабачыў Попельнiка, дык на сцэне абавязкова з’явiлася б лiрычная мiнiяцюра пра служку, якi вытанцоўвае памiж столiкамi аматараў тытуню.
Нiхто нiколi не заўважаў, каб Попельнiк стаяў, сядзеў цi ляжаў. Вечны рух у мройлiвых пасмах тытунёвага кайфу. Пра што ён думае, здагадацца няцяжка. Агеньчыкi, попел, i нiводнай аддаленай ад тытунёвага тла думкi.
Попельнiк ганарыцца сваiм прызначэннем, здольнасцямi i лёсам. Ён носiць попелкi так, нiбыта мае справу з рытуальнымi, чароўнымi, святымi рэчамi, да якiх дапускаюцца адно царкоўныя iерархi. Гледзячы на такога, робiцца ясным: адлегласць мiж прэзiдэнтам Амерыкi i Попельнiкам меншая, чым рознiца памiж пустой i поўнай сметнiцаю. А ў мастацтве харэаграфii найдрабнейшы Попельнiк не саступiць найбуйнейшаму танцору з Брадвея.
Нiякага харчавання арганiзм Попельнiка не патрабуе. Для нармальнай працаздольнасцi яму дастаткова дзе-небудзь у цiхiм закутку выпалiць раз на дзень ёмiсты касяк з марыхуанаю.
04.01.1997