14 — Жартаўнiк


Жартаўнiк пасля вялiкай п’янкi на хаўтурах пачаў малiцца смуродным ротам. Ён так доўга, задраўшы галаву, звяртаўся да Бога, што той не вытрываў, высунуўся з-за аблокаў i сказаў:

— Акрамя сiлаў нябесных, ёсць сiлы зямныя i падземныя, iм таксама не зашкодзiць тваё шанаванне i твая малiтва.

Жартаўнiк пакрыўдзiўся на Бога i пайшоў спаць.

Яму прыснiўся сон: нiбыта ён угаворвае Прастытутку пайсцi маркiтавацца за 50 талераў, а тая нахабна патрабуе 100.

Не захацеўшы развiтацца з сотняю, Жартаўнiк прачнуўся, але iмгненна зноў заплюшчыў вочы i закрычаў:

— На твае 100 талераў, i хутчэй пайшлi ў ложак!

У наступную ноч Жартаўнiку прыснiўся сон, у якiм ён памаркiтаваўся з Прастытуткай i захварэў на пранцы.

Ранiцай Жартаўнiк пайшоў у аптэку, дзе назапасiў кандомаў.

З таго часу ён пачаў спаць, заправiўшы чэлес у кандом.

З-за гэтага Жартаўнiк захварэў на нетрыманне мачы, але не пакiнуў хадзiць да жанчыны ветраных паводзiнаў.

Аднойчы ў Прастытуткi Жартаўнiк намаркiтаваўся да непрытомнасцi i заснуў. А сон быў такi: нiбыта прыйшоў ён да Прастытуткi, а яна гаворыць:

— Нельга маркiтавацца з поўным сiкуновым пухiром. Вазьмi пад ложкам гаршчок i хуценька зрабi малую патрэбу.

Жартаўнiк паслухаўся парады i нарабiў у ложак.

Прахапiўшыся, ён памяняў прасцiны, зноўку намаркiтаваўся да бяспамяцтва i заснуў. А сон быў другi: нiбыта Прастытутка запрапанавала зрабiць у гаршчок, а Жартаўнiк сказаў:

— Цяпер нi ты мяне не падманеш, нi я не падмануся, бо пайду на вулiцу i спраўлю патрэбы ў прыбiральнi.

Жартаўнiк аблегчыўся ў прыбiральнi, толькi зноў забыў прачнуцца i адпаведна запаскудзiў ложак.

Пасля змены прасцiн балбатлiвая Прастытутка спыталася:

— Як цябе пакахаць?

— Моўчкi! — зазлаваў Жартаўнiк i распачаў маркiтаванне.

Яны намаркiтавалiся да самазабыцця i заснулi.

На золку Жартаўнiк спытаў у юрлiвай Прастытуткi:

— Што зробiм спачатку: паснедаем цi?..

— Што заўгодна, дарагi, — адказала яна i соладка пазяхнула, — толькi сняданку няма.

Жартаўнiку давялося паснедаць дома.

Падмацаваўшыся, Жартаўнiк паклiкаў Слугу i загадаў:

— Знайдзi мне для забаўкi дзвюх сакаўных трыццацiгадовых кабетак!

— Добра, — адказаў той, — але як раптам не знайду, дык прывяду адну шасцiдзесяцiгадовую.

— Не трэба. — Жартаўнiк махнуў рукою i пайшоў у жончыну спачывальню.

— У гэтую ноч я бачыла цябе ў сваiм сне! — усклiкнула тая, пабачыўшы мужа.

— Не можа быць! — здзiвiўся Жартаўнiк, — якраз усю гэтую ноч я прабыў у Прастытуткi.

— А як яна цяпер жыве? — асцярожна запыталася Жонка.

— Цяпер яна жыве добра, бо на мiнулым тыднi пахавала Мужа.

Пасля размовы з Жонкаю Жартаўнiк выправiўся разам з Суседам на шпацыр.

— Я з тваёй Жонкай маркiтаваўся ў гэтую ноч, — паведамiў Сусед падчас шпацыру.

— Божа! — Жартаўнiк ускiнуў рукi да неба, але ўспомнiў апошнюю размову з Богам, i рукi апусцiлiся. — Мне гэты занятак наканаваў злы лёс, а табе хто?

Сусед прамаўчаў.

Жартаўнiк жа, заўважыўшы чорную курыцу, уголас зазначыў:

— У гэтай курыцы памёр певень.

Сусед узрадаваўся, што размова пацякла ў iншым накiрунку, i ўсклiкнуў:

— А вунь Кастрат размаўляе з Жанчынаю...

— Гэта ягоная Жонка? — запытаўся Жартаўнiк.

— Кастрат не можа мець Жонкi, — паведамiў Сусед.

— Ясна, гэты Кастрат размаўляе з Дачкой...

Пасля гэтых слоў тэма Кастрата страцiла для Жартаўнiка цiкавасць, яго захапiла тэма Сына-юнака.

— Гвалтаўнiк зганьбiў у лазнi майго Сына, — шэптам паведамiў Суседу Жартаўнiк.

— I што далей?

— Я падаў скаргу ў суд i паклiкаў у сведкi Масажыста. Усё рабiлася законна, але Гвалтаўнiк зрабiў заяву ў судзе: маўляў, такi дробны нячысцiк, як Масажыст, не можа залiчвацца ў праўдзiвыя сведкi. Тады я раз’юшыўся i закрычаў: "Каб ты, смярдзючы пацук, гвалцiў майго Сына-юнака на вачах у Бога, я паклiкаў бы ў сведкi Бога; але ты зладзейнiчаў у лазнi, i я паклiкаў Масажыста".

— А з маiм Сынам-юнаком здарылася iншая гiсторыя, — распачаў Сусед. — Яго пакахалi дзве жанчыны: адна са смуродным дыханнем, а другая з такой самаю скураю. I калi адна з iх казала: "Пацалуй мяне!", а другая прапаноўвала: "Абдымi мяне!" — Сын уцякаў з крыкам: "Я не магу выбраць лепшае з найлепшага!"

— Не бядуй, — падбадзёрыў Суседа Жартаўнiк. — У тваёй гiсторыi выдатны канец, а ў маёй не... Пазаўчора ўночы мой Сын палез пад коўдру да сваёй Бабулi, маёй Мацi. За гэта я збiў яго на горкi яблык. А ён, гад печаны, пакрыўдзiўся i сказаў: "Колькi разоў ты залазiў пад коўдру да маёй Мацi, i я цябе нi разу не папракнуў; а варта мне было паспрабаваць залезцi да тваёй, як ты пачаў бiцца".

Пакуль Жартаўнiк i Сусед шпацыравалi па вулiцах роднага мястэчка Фiлагелос, Жартаўнiкова Жонка адчула прыцягненне да прыгожага i дужага Слугi. Схаваўшы твар пад маскаю, яна пачала флiрт. Слуга не разгубiўся i залез да яе пад спаднiцу...

Тым часам Сусед распавёў наступную гiсторыю пра Сына-юнака:

— Аднойчы праз замочную шчылiну я ўбачыў, як да майго Сына прыйшлi дзве старыя шасцiдзесяцiгадовыя жанчыны. Сын сказаў iм: "Пакуль з адной я буду маркiтавацца, другая можа выпiць вiна". Вiно было сапраўды добрае i, вядома, бацькава.

Але старыя юрлiвыя стварэннi закрычалi ў адзiн голас: "Я не хачу вiна!"

На гэты момант Жартаўнiк з Суседам праходзiлi паўз лазню. Жартаўнiк, пабачыўшы праз адчыненае акно, як Масажыст расцiрае алеем Прастытутку, сказаў:

— Калi ты, Масажыст, так клапоцiшся пра вонкавае аблiчча Прастытуткi, дык, глядзi, не паруш ёй сярэдзiну.

I тут да акна падбег Вырадак, якi звярнуўся да Прастытуткi:

— Я так марыў пабачыць цябе аголенай!

На гэта быў адказ:

— А я хацела, каб ты, Вырадак, аслеп.

Пасля гэткiх зняважлiвых слоў Масажыст шчыльна зачынiў акно i зашмаргнуў фiранкi.

А Жартаўнiк з Суседам пасмяялiся з Вырадка i пайшлi ў карчму, дзе нажлукцiлiся гарэлкi.

Вярнуўшыся дамоў, Жартаўнiк спаткаў Слугу, якi належным чынам усмiхнуўся i прашаптаў:

— Сышоўся я тут на маркiтаванне з адной Маскаю, а пад спаднiцай у яе знайшлася вашая Жонка.

— Як у казцы, — уздыхнуў Жартаўнiк, — знайшоў тое, чаго не шукаў.

Са спачывальнi выйшла Жартаўнiкова Жонка.

— Чаму ты мяне не любiш? — смуродлiвым пасля п’янкi ротам запытаўся Жартаўнiк.

— Таму што ты мяне любiш! — адказала яна.

Жартаўнiк пайшоў у ложак.

Уночы яму зрабiлася кепска з сэрцам.

Жартаўнiкова Жонка сказала:

— Калi з табою здарыцца непапраўнае, я таксама жыць не буду. Я задаўлюся!

— Зрабi гэта зараз, — прашаптаў ледзь жывы Жартаўнiк.

На золку Жонка памерла.

Жартаўнiк вырашыў не закопваць i не палiць жончынага цела, а аддаць нябожчыцу Бальзамiроўшчыку.

Праз пэўны час Жартаўнiк запатрабаваў вярнуць яму жончына цела.

У Бальзамiроўшчыка было шмат замоваў i, адпаведна, нябожчыкаў. Таму ён даручыў пошукi патрэбнага цела свайму памочнiку Вырадку.

— А цi не было ў вашай Жонкi асаблiвай прыкметы? — спытаў Вырадак.

— Была, — адказаў Жартаўнiк, — мая Жонка ўвесь час кашляла.

Атрымаўшы забальзамаванае цела i змясцiўшы яго ў сямейнай каплiцы на фiлагелоскiх могiлках, Жартаўнiк зарганiзаваў шыкоўныя хаўтуры.

Выпадковы Чалавек, якi праходзiў паўз застаўлены сталамi двор, спытаў у Жартаўнiка:

— Хто ж гэта знайшоў супакаенне?

— Гэта я нарэшце, пасля Жончынага скону, займеў супакаенне, — зусiм спакойна паведамiў Жартаўнiк.

12.11.1994

Загрузка...