31 — Парасоннiца


Пачало накрапваць. Мужчына ўзняў каўнер. Ён стаяў на трамвайным прыпынку пад лiхтаром i чытаў газету. Ён мог бы перайсцi пад лiпу цi схавацца пад брылём шапiка "Саюздруку", але застаўся на месцы, бо спадзяваўся на хуткi трамвай, якi выверне з-за рога, пусцiць фiялетавую iскру, зазвонiць весела i бадзёра, спынiцца, расчынiць дзверы ў светлы салон, дзе можна будзе сесцi на сухое крэсла i дачытаць артыкул.

Толькi трамвай не прыходзiў i не выварочваў з-за дома, i не расхiнаў запрашальна дзверы.

Дождж гусцеў. Варта было схавацца пад дрэвам цi хоць бы стаць пад газетны шапiк. Але мужчына заставаўся пад высокiм лiхтаром. Так здараецца на прыпынках: стаiш i не можаш варухнуцца, ты ў поўнай залежнасцi ад трамвая, якi прапаў немаведама дзе.

Тыя, што прыходзiлi пазней, станавiлiся або пад купчастую лiпу, або тулiлiся спiнамi да дыктавых сцен шапiка. Мужчына заставаўся пад лiхтаром i змок бы ўшчэнт пад спорным i халодным начным дажджом, каб не Парасоннiца.

Прыйшоўшы на прыпынак, яна адразу схавалася пад густалiстую лiпу, адкуль i заўважыла мужчыну, якi згорбiўся, засунуў рукi ў кiшэнi i зрабiўся падобны да пакрыўджанага пеўня. Парасоннiца пашкадавала яго i разгарнула квяцiсты парасон.

— Бывае, стаiш на прыпынку пад дажджом i няма дзе схавацца, — загаварыла да мужчыны Парасоннiца. — А твой парасон стаiць дома, каля пачапельнiка, бо ранiцаю i знаку не было на дождж. I хто мог думаць, што ўвечары палье, як з вядра. I давядзецца думаць: столькi навокал людзей з парасонамi, i нiводзiн не падыдзе i не прапануе схавацца. Вы даруйце нахабства, але вам варта стаць пад мой парасон. Ён невялiкi, але захiне ад дажджу.

Голас у Парасоннiцы быў прыемны, аксамiтны, душэўны.

— Дзякуй, не трэба, — прамармытаў мужчына, выцягваючы рукi з кiшэняў.

З завулка, ракочучы i бразгаючы металам, выкацiўся двухвагонны трамвай. Вадзiцель даў пералiвiсты званок. Пасажыры спрытна паўскоквалi ў салоны. Парасоннiца згарнула зiхоткi парасон i запытальна зiрнула на мужчыну.

— Не мой нумар. — Ён адвярнуўся.

Парасоннiца ўзнялася на прыступку. Вадзiцель плаўна пусцiў трамвай у начны дождж.

"Якая нахабная! — падумаў мужчына, вяртаючы рукi ў кiшэнi. — А якi ў яе брыдкi, стары, зморшчаны твар!?"

28.08.1995

Загрузка...