66 — Злотнiк Каштоўны


Злотнiк любiць жоўты метал да самазабыцця. Апусцiўшы жалюзi, зачынiўшы дзверы на шпiнгалет, запалiўшы лямпу над сталом, ён гадзiнамi раскладае каштоўныя рэчы на глыбока-сiнiм сукне. Любуецца. Узважвае на шольцах. Правярае кошт у тоўстай кнiзе. Прымервае. Паглядае ў люстэрка. Глядзiць на рэч праз павелiчальнае шкло. Вяртае на вiтрыну, каб узяць наступную. Усе каштоўнасцi, усе iх якасцi i недахопы Злотнiк ведае лепш за свае пяць дагледжаных пальцаў. Крамка яму i сабор, i мека, i сiнагога, i школа.

Злотнiк ненавiдзiць пакупнiкоў i асаблiва пакупнiц з тоўстымi шыямi, мясiстымi вушамi, шырокiмi пальцамi, тлустымi запясцямi. На мажную пачвару што нi чапляй — усё замала, усё задробнае, усё згубiцца. А яны выбiраюць найкаштоўнейшае, грабуць як найболей, рабуюць Злотнiкава царства, зносяць неацэннае, пакiдаючы паперкi цi, яшчэ горай, спiсваюць з крэдытнай карткi лiчбу на рахунак. У Злотнiка спыняецца сэрца ад крыўды i немагчымасцi адпомсцiць. Ён пазабiваў бы пакупнiкоў, зубамi i пазногцямi павырываў бы чэрствыя сэрцы, падушыў бы, каб не сонечны Каiр.

Раз на месяц Злотнiк здае краму пад ахову палiцыi i едзе на "Мерседэсе" ў сталiцу Афрыкi, дзе на пляцы Вызвалення пакiдае машыну i наведваецца ў музей старажытнага Егiпта. Гадзiну ён бавiць у зале Тутанхамона. Пагляд залатой маскi маладога фараона штораз здзiўляе ўсё болей. Найдрабнейшыя дэталi экспанатаў з грабнiцы Злотнiк ведае лепей, чым рэчы ва ўласнай краме. Каб такому далi выбiраць памiж касмiчным караблём i саркафагам, не задумваючыся, абраў бы залатую фараонаву труну.

З музея дарога вядзе Злотнiка на фабрыкi i ў майстэрнi. Пасля старажытнага, бясцэннага, вечнага сучасныя ювелiрныя аздобы выглядаюць танна, мiзэрна, неахайна. Злотнiк таленавiта збiвае кошты. Матэрыялiзуе, аметальвае, акаменьвае кампутарныя лiчбы са сваiх рахункаў i задаволены вяртаецца ў родную, правiнцыйную, санлiвую Хургаду. Зачынiўшы набыткi ў хатнiм сейфе, ён дазваляе сабе адсвяткаваць пачатак новага месяца.

Злотнiк iдзе да каханкi, якая гандлюе духмянымi алеямi. Ноч прысвячаецца экзатычным забаўкам. "Укусi мяне!" — просiць Злотнiк. "Не магу", — уздыхае духмяная каханка. "Кусай нямоцна, за мезенец". Палец засоўваецца ў залатазубы рот. Металёвыя iклы сашчэплiваюцца. Злотнiк салодка стогне. "А цяпер кусай за руку, вось тут — вышэй локця. Мацней, яшчэ мацней... А зараз за шыю, вось там, дзе сонная артэрыя. У цябе выдатныя зубы. Золатка маё. Такiмi зусiм лёгка пракусiць скуру... Кусай. Яшчэ кусай. Загрызi мяне. Хай кроў пойдзе. Хай пацячэ мая апетытная кроў па залатых iклах..." Каханка кусае i кусае Злотнiка за дазволенае i забароненае.

Падрапаны, пакусаны, спатолены i задаволены, ён на золку вяртаецца ў краму, каб раскласцi на вiтрыне новыя рэчы i распачаць золатазварот.

07.01.1997

Загрузка...