Пасля зiмовай спячкi Чарапашнiк прыўзняў над падушкай лабатую галаву i прынюхаўся. У хаце пахла пылам i попелам. Чарапашнiку захацелася есцi, але апетытнага водару харчоў ён не ўчуў.
На вулiцы толькi-толькi пачынала днець, i ў хаце вiсела шэрае сутонне.
Чарапашнiк устаў i прапляскаў босымi падэшвамi па земляным току ў сенцы i далей на двор, да калодзежа. Пiў ён прагна, iмкнуўся наталiць не толькi смагу, але i голад. Тонкiя вадзяныя змейкi струменiлiся па няголеным падбароддзi, абапал кадыка, унiз, пад кашулю. Спустошыўшы паўлiтровую алюмiнiевую конаўку, ён начапiў яе на загнаны ў калодзежную стрэшку цвiк. Жалезны скрыгат канчаткова прагнаў сон.
Павесiўшы нагавiцы i кашулю на штыкетнiк, Чарапашнiк доўга з асалодаю плёхаўся пад рукамыйнiкам, змываў паўгадовае здранцвенне. Абцёршы клубы i торс ручнiком, ён дастаў з кiшэнi сваiх шырачэзных нагавiц грабеньчык i старанна расчасаў русыя кудзеры.
Устала сонца, надышоў час палявання на земнаводных, пачаўся чарапашнiкаў паўгадавы дзень.
Даўжэзным паўметровым ключом ён прысунуў засаўку на дзвярах сваёй хаты i, схаваўшы ключ за рукамыйнiкам, пашыбаваў праз вёску. Суседзi не любiлi галавастага Чарапашнiка, але "дзень добры" давалi спраўна.
Пакiнуўшы за плячыма высозны, аб’едзены вятрамi, прыдарожны крыж, ён выйшаў да вялiзнага, парослага мохам каменя. Малiтва гучала нядоўга. Чарапашнiк сцiпла папрасiў у валуна дапамогi на першы час, каб паспрыяў упаляваць на сняданак пару-тройку балотных паўзуноў. Валун маўчаў. Чарапашнiк паазiраўся i, не згледзеўшы нiчога падазронага, адзiнаццаць разоў плюнуў на абамшэлы камень. Не чакаючы адказу, ён пашыбаваў па вузенькай сцежцы, што светлым пасам перахоплiвала лог. Перайшоўшы рэчку, Чарапашнiк рушыў уздоўж берага. Iшоў ён шпарка i лёгка, а таму хутка дабраўся да старой, зацягнутай салатнай раскаю завоiны. Пад туркатанне дробных жабак Чарапашнiк скiнуў абутак, падкасаў калашыны i палез у гнiлую ваду. З-пад мулу на паверхню ўсплывалi смуродлiвыя бурбалкi. Пралезшы каля аеравага зараснiку да пачварнага карча, ён выцягнуў з-пад слiзкiх карэнняў алюмiнiевы бiтончык з зашрубаванай накрыўкай i метровы трызубец, зроблены з лыжнай палкi ды сталёвага вiдэльца.
На беразе Чарапашнiк спрытна паабтрасаў з валасатых лытак налiплую раску. Не абуваючыся, ён вярнуўся да крынiчнай рэчкi, дзе скiнуў нагавiцы, выцягнуў пас i падперазаў голы жывот, папярэдне начапiўшы на скураны пас пачарнелы бiтончык. Завязаўшы кашулю высока на грудзях, Чарапашнiк спусцiўся па пясчаным адхоне да вады. Пасвечваючы бялюткiмi клубамi, ён апусцiўся ў сцюдзёную плынь. Вада была неглыбокая, i Чарапашнiк хутка дабрыў да тоўстай нахiленай вярбы, за якой з рэчкаю злiвалася невялiкая ручаiна. Сунучыся па вузкiм, але глыбакаватым раўчуку, Чарапашнiк трапiў на балота.
Ручаiна скончылася раптоўна, схавалася пад дзёран. Чапляючыся за алешыну, Чарапашнiк запоўз на ненадзейны дзёран, якiм зарасло вялiкае багнiстае возера. Дзёран дыхаў, уздрыгваў i торгаўся, нiбыта скура на спiне ў велiзарнага патрывожанага цмока.
Чарапашнiк папоўз памiж танклявымi бярозкамi ў бок нiзкага чэзлага ляска. Там, пры ляску, на купiнах гнездавалiся чарапахi.
Першую ён прыкмецiў у алейных лiсцiках бруснiчнiку. Чарапаха грэла чорны парэпаны панцыр на сонцы, далёка высунуўшы лапкi, хвост i змяiнапысую галаву на танюткай шыйцы. У гэтую змаршчакаватую шыю i пацэлiў трызубцам Чарапашнiк. Трызубец узняў паўзуна ў паветра i прынёс на далонь Чарапашнiку, якi прагна абнюхаў здабычу i схаваў яе ў бiтончык.
Поўзаючы мiж купiнамi, Чарапашнiк лёгка набiў паўзунамi пяцiлiтровы бiтончык пад самую накрыўку. Напаляваўшыся на сваiх улюбёных земнаводных, Чарапашнiк вярнуўся на рэчку да тоўстай старой вярбы, пад якой доўга куляўся ў крынiчных вiрах, змываў палявальную стому.
Таксама на беразе ён расклаў вогнiшча i зварыў чарапахавую юшку, якую пiў проста з бiтончыка. Панцыры Чарапашнiк раздзiраў рукамi i чыста выядаў варанае мяса разам са скурай, са страўнiкам, з нястраўленай травою, з гноем, з вантробамi, з храбусткiм хрыбетнiкам, з чарапнымi костачкамi, з вочкамi, з раздвоеным языком i разам з вострымi лакавымi кiпцюрамi.
Нахарчаваўшыся, Чарапашнiк ляжаў каля вогнiшча, нюхаў дым i глядзеў у пустое зорнае неба. Ён думаў, што спаць не захочацца ажно да прымаразкаў.
01.02.1995