У тэатры апусцiлася заслона. Скончыўся спектакль "Снежная каралева". Акторы пераапранулiся i сабралiся ў буфеце, каб адзначыць заканчэнне апошняй пастаноўкi ў 1995 годзе. Святкаванне атрымалася шумнае, не раўнуючы, як у пячоры ў лясных бандытаў. Балявалi доўга. Разыходзiлiся апоўначы. Калi пакiнулi буфет i паразвiтвалiся, у тэатральным парку застаўся стаяць толькi адзiн Актор. Зрэшты, у Дзяржаўным тэатры iмя Янкi Купалы, што месцiцца насупраць прэзiдэнцкага палаца, толькi ён i быў Акторам, а не кардоннай дурылкаю, як астатнiя твараробы. Хвiлiн колькi Актор пастаяў на абледзянелых прыступках каля службовага ўвахода, а потым рушыў у грамадскую прыбiральню. Менавiта там ён набыў гарэлку ў прыбiральнiка. З пляшкаю ў кiшэнi Актор пайшоў у сваю бабыльскую кватэру.
На Кальварыйскiх могiлках уладарыў спакой i панавала вусцiш. Нябожчыкi адпачывалi ў залатым пяску пад срэбнымi сумётамi. На базальтавых крыжах iскрылася месяцавае святло. У чырвонай каплiцы, у каменнай труне, чакаў свайго часу крыважэрны Вупыр. Ягоныя вочы былi шырока расплюшчаныя i пазiралi ў бязмежны морак. Ягоныя вусны мелi свежае ружовае адценне ад выпiтай чалавечай крывi. На доўгiх пальцах паблiсквалi вастрадзюбыя пазногцi. Вупыр быў гатовы да выхаду. Як толькi хмурынка прыкрыла месяц, ён адсунуў века труны.
Адсутнасцi Актора на навагоднiм банкеце нiхто не заўважыў. Кардонныя дурылкi меркавалi, што ён з’ехаў у роднае мястэчка на калядныя вакацыi. Таму толькi ў сярэдзiне студзеня, напярэдаднi чарговай "Снежнай каралевы" яго хапiлiся. Як-нiяк, ён iграў ажно тры ролi: найгалоўнейшага з троляў, ляснога бандыта i старэнькую чараўнiцу, што мела цудадзейны сад з вечнымi кветкамi. Дырэктар тэатра захваляваўся, заперажываў i звярнуўся да мiлiцыянтаў, якiя неўзабаве ўварвалiся ў бабыльскую кватэру. Аголены труп Актора ляжаў на разабранай канапе. Поўнае цела жахлiва распухла i пачарнела. Скура пайшла пухiрамi, нiбыта пасля апёкаў. Вялiкiя пухiры патрэскалiся. У шчылiнах жаўцеў гнойны тлушч. Задранае ўгару падбароддзе пакрыла двухтыднёвая шчэць. На прасцiнах, на стале, на падлозе па ўсёй кватэры цямнелi плямiны засохлай крывi. Мiлiцыянты распачалi следства.
Па тэатральным асяроддзi пачалi поўзаць чуткi, плёткi, версii i здагадкi. Намеснiк дырэктара сказаў, што ў нябожчыка былi звязаныя рукi, у роце сядзеў кляп, вочы закрывала клейкая стужка, у вушах тырчалi цвiкi, а пад пазногцямi сядзелi iголкi. Кардонныя дурылкi-мужчыны шапталi, што Актора закатавалi лiтавальнай лямпаю. А кардонныя дурылкi-жанчыны пагаворвалi пра распалены лiтоўнiк, якi ўстаўлялi ва ўсе адтулiны. Тэатральны мастак запэўнiваў даверлiвых асоб у тым, што Актора забiлi беларускiя экстрэмiсты — за адмаўленне садзейнiчаць тэрарызму. Кантралёркi высунулi думку, што пакутнiка замардаваў каханак-гомасексуалiст — за здраду, бо апошнiм часам Актор сiмпатызаваў тэатральнай буфетчыцы. Пра схiльнасцi да мужчынскага кахання казаў i тэатральны крытык, але, на ягоную думку, забойцам была жанчына-крывасмок, бо плямiны крывi засталiся па ўсёй кватэры. Лiтаратурны кансультант меў перакананне, што Актора абрабавалi i замардавалi бандыты. А мiлiцыянты настойлiва паўтаралi гiпотэзу пра кровазлiццё ў мозг. На думку судовых экспертаў, у арганiзме ў нябожчыка знаходзiлася небяспечная колькасць алкаголю, у якасцi доказу фiгуравала недапiтая пляшка гарэлкi i толькi адна чарка. Думак i здагадак было шмат.
На пахаваннi кардонныя дурылкi наладзiлi спробу адчынiць века труны з Акторавым целам. Мiлiцыянты не далi ўскрываць труну i запэўнiлi прысутных, што за чорным мошастам i сасновымi дошкамi ёсць толькi рэшткi тленнага цела, якое даўным-даўно пакiнула творчая душа.
У бабыльскай кватэры Вупыр падпiльноўваў Актора, стаiўшыся ў прыбiральнi. Праз замочную шчылiну ён сачыў, як той разбiраў канапу, як пiў гарэлку, як распранаўся. Вупыр наважыўся высмактаць акторскую кроў даўно, яшчэ тады, калi высочваў свайго смяротнага ворага — тэатральнага крытыка, якi публiчна абражаў род Вупыроў, называючы iх бруднымi. Палюючы на крытыка, Вупыр паклаў вока i на Актораву шыю. I загнаў у тую шыю iклы, калi п’яны Актор спрабаваў заснуць. Толькi з першае спробы Вупыру не ўдалося насмактацца беларускай крывi. Актор ускочыў, скiнуў Вупыра i паспрабаваў уцячы. Кроў свiстала з пракушанай артэрыi. Сiлы iмгненна пакiнулi Актора. Вупыр зацягнуў ахвяру на канапу, дзе i прыпаў распухлымi ад частага смактання вуснамi да Акторавых грудзей.
Вострым, як змяiнае джала, языком Вупыр рассунуў рэбры i працяў чалавечае сэрца. Высмактаўшы ўсё чыста, ён умела замазаў грымам невялiчкiя ранкi на шыi i пад левым саском.
Актора пахавалi ў залаты пясок недалёка ад неагатычнай каплiцы, дзе ўдзень адпачывае Вупыр.
08.03.1996