Падманнiк прывалокся жыць у сталiцу з пасёлка Ветка. Жыццё зводзiлася да таго, каб штодня залiваць алкаголем парсючыныя вочкi i падманваць усiх, каго можна i каго нельга. Пацiху-патроху Падманнiк аброс сабутэльнiкамi-знаёмымi, сярод якiх значылiся: i мiнiстр замежных спраў, i рэктар кансерваторыi, i народны пiсьменнiк, i мастак-графiк. Праз апошняга якраз i пачалiся ў Падманнiка непрыемнасцi.
Выкарыстоўваючы прозвiшча мiнiстра, Падманнiк паабяцаў пяцярым хлопцам з крымiнальным мiнулым зрабiць штампы шматразовай вiзы ў замежных пашпартах, каб можна было ездзiць па ўсiм свеце. Хлопцы сплацiлi грошы, а Падманнiк замест мiнiстра наведаў мастака, якi намаляваў замоўленыя адзнакi. Падманутыя крымiнальнiкi паехалi ў Польшчу. Там у iх канфiскавалi пашпарты з фальшывымi штампамi i паабяцалi наступны раз пасадзiць за падробку дакументаў. Крымiнальнiкi вярнулiся ў Мiнск, знайшлi Падманнiка i запатрабавалi грашовую кампенсацыю. Падманнiк пабег да мастака. Той паслаў яго на тры расейскiя лiтары, сышоў з дому i схаваўся. Перад зыходам мастак нават вярнуў заробленыя за маляванне пяцьдзесят даляраў. Падманнiк застаўся сам-насам з бядою; бо i мiнiстр, i рэктар, i астатнiя сабутэльнiкi не хацелi больш ведаць свiнавокага аферыста. Адпаведна, Падманнiк нiяк не мог знайсцi грошы. Крымiнальнiкам хутка надакучыла слухаць тлумачальныя байкi, яны завезлi Падманнiка на закiнуты завод, дзе спусцiлi з яго порткi i ўставiлi ў дупу лiтавальнiк. Крымiнальнiкi яшчэ паабяцалi: калi не знойдуцца грошы на штраф, той лiтавальнiк уключаць у разетку.
Дупа — рэч каштоўная, асаблiва ўласная. Падманнiк гэта адчуў на ўласнай скуры, пасля чаго паляцеў да роднага брата. Той старэйшы брат прыцягнуўся жыць у Мiнск раней за Падманнiка i пацiху халуйстваваў на тэлебачаннi. Такая-сякая капейчына ў тэлевiзiйнiка вялася, але грошы ён даваць адмаўляўся, пакуль Падманнiк не паказаў падраную лiтавальнiкам дупу. Хiтры тэлевiзiйнiк пагадзiўся заплацiць дзве тысячы пяцьсот даляраў, але толькi крымiнальнiкам рукi ў рукi. Бандыты не прымусiлi доўга чакаць, прыслалi кур’ера, якi забраў штраф.
Увечары вясёлы Падманнiк баляваў у рэстаране з мiнiстрам замежных спраў i расказваў пра сквапнага брата i шчодрых крымiнальнiкаў, якiя выдзелiлi яму трыста даляраў у якасцi ганарару.
Пасля таго здарэння па сталiцы папаўзлi чуткi пра гнiлыя паводзiны Падманнiка. Паступова ад яго адвярнулiся сябры. Падманнiк застаўся голы, як бiзун. Нават брат не пускае яго ў кватэру. Адно, што засталося ў жыццi ў Падманнiка нязменным, дык гэта штодзённае залiванне алкаголем парсючыных вачэй.
11.06.1996