Каб дзе антонаўка, каб сапяжанка.
У Гефсіманскім садзе сталасць дрэў.
Смуга й зямля,
Як цёплая ляжанка,
Каб смутак плечы сцёртыя сагрэў.
Натое сад i гадаваў
Садоўнік,
Каб тут аземіў думку
Бог жывы,
Каб і паломнік —
Смутку паслядоўнік —
Пачуў літанне смяглае травы.
У Гефсіманскім наквець адшумела,
А ў садзе
Недзе каля Ціханят
Антонаўкі ды сапяжанкі смела
У кулачках трымаюць
Страх зярнят...