Вада на тое й тоіцца, каб ліцца,
Рыпіць ля крушні скруха:
Сон не руш...
Узгадвае пра капішча капліца —
Начлег часовы пералётных душ.
Душы хутчэй бы з зорамі пыліцца,
Ды глухне шлях ад зманнай гаманы.
І кеміць, як халодны грэх,
Капліца:
Цяжэйшы пыл нябесны ці зямны?..
Мычыць у небе зорная цяліца.
Цямнее крыж.
Як воран-чарнакрыл.
I крылаў дачакаецца капліца,
Каб паляцець i ёй за небасхіл...