АХВЯРЫНКІ


Арол застаецца арлом

I з адным крылом.

*

Ведаюць i стары й малады —

Усе дарогі вядуць на клады.

*

Самая шчодрая рука

Толькі ў жабрака.

*

Кожны зводзіць

Сваю Вавілонскую вежу

*

У дакор бязмежжу.

Сваю праталіну знойдзе грак.

У ветра кожнага свой вятрак.

*

Могуць вымераць карані

Глыбіню вышыні.

Цішыня глыбіні

Можа выслухаць карані.

*

Старасць — гэта маладосць,

Якая

Сябе гукае.

*

Горы давяраюцца спінам.

Магілы — знакі прыпынку

У канспекце жыцця няспынным.

*

Юда атрымаць рады

Трыццаць срэбранікаў

Па курсу здрады.

*

У сэрцы ці ўзімку, ці ўвесну

Богу й маці не цесна.

*

Рака быцця ў нябыт уцякае —

Ад жыцця ўцякае.

*

Няволя цвеліць ахвоту.

Цяжэй за ўсё трымаць у сабе

Злосць i пяшчоту.

*

Так ад пачатку сталася:

Унукі — гербавыя пячаткі

На атэстаце нашае старасці.

*

Мулкая дужа

Клетка сям'i,

Збітая з рэбраў мужа.

*

На погарб апусціцца цяжкай птушкай

Камень,

Каб стаць апошняй падушкай.

*

А ці смяюцца дзеці

Не ў нашым свеце?

*

Бог задумаў птаства. відаць,

Каб пра неба душы нагадаць.

*

Журба не забывае родны край,

А весялосці й на чужыне рай.

*

Лужына — акіяну радня,

Ад якой адмовілася глыбіня.

*

Выскачыў рух у цішыні з пакою,

Каб зарасці асакою спакою.

*

У суцяшэння

Чужая кішэня.

*

Думу не давярай суму.

I цішыні — не мані.

*

Як душа абрастае лускою.

Чысцяць яе не цяжкой рукою.

*

Галінка трымае расу на вісу —

Баіцца абразіць зямлёй красу.

*

Ступай шырэй, каб паменеў

Твой шлях у краіну ценяў.

*

Ён працінае за ўсё людей —

Пасівелы боль за дзяцей.

*

У цемрыве гліны

Зялёна шумяць карані.—

I шум на зямлі паўтараюць галіны.

*

На святыя Каляды

I ў зорак далёкіх

Цяплеюць пагляды.

*

Падвешвае лес калыску бяссонную

Кожнаму

За цёплую зорку ягоную.

*

Маладыя толькі

Сонца й мама.

Радасць яшчэ маладая таксама.

*

Быццам чорнаму буслу,

Душы

Просіцца затаіцца ў глушы.

*

Развітаные —

Мабыць, што й апошні

Раз вітанне.

*

На балі жыцця надзея чужая

Лес на белы вальс запрашае.

*

I як з жыццём ні хітрыш. —

Яно на табе ставіць крыж.

*

Глухому кажуху на вуха

Пра скруху шэпча завіруха.

*

Траянскай пароды коні

Цукар бяруць

З далоні.

*

Старасць — гэта калі

Чужыя усе на зямлі.

*

Слава —самы ружовы сон

Маладых, захмялелых дзён.

*

Вясёлая праца —

За вецер трымацца.

*

Улада —

Здрадлівая прылада.

Улада —

І дябальская прынада.

*

Жыццё —

Пазычаны ў вечнасці час

Для нас.

*

Сумленне, як ласку матчыну.

Не купіш i ў складчыну.

*

Мама —

Пасярэдніца між Богам i сынам —

Дзеліцца небам i хлебам адзіным.

*

Слова — усяго абнова.

Душа крылатая ў слова.

*

Растаюць паціху на дне душы

Крыўдаў калючыя ледзяшы.

*

Чалавекі, як ліхтары —

У кожнага

Свечка душы ўнутры.

*

Рыжы паўсюды рыжы —

I ў Полацку i ў Парыжы.

*

Не затрымаецца й на пагосце

Душа — залётная госця.

*

Ступаць аднолькава тузе

Ці па лязу, ці па слязе.

*

А ў каго запытацца наапаслед,

I чаго ты прыходзіў

На гэты свет?

*

Зямное жыццё — для душы астрог.

Панаваць над душой

Вольны толькі Бог.

*

Бог апошнім падзеліцца ў кожнай долі

I пра гэта не напомніць ніколі.

*

Hi ў зялёны гушчар, ні ў карчы

Ад самога сябе не ўцячы.

*

На юбілеі паслухай ва ўсёй пекнаце

Toe, што ўжо не пачуеш,

Лежачы на куце.

*

Ахвяру й ката хавае

Аднолькава

Памяць жывая.

*

Спярша пад табою гаворыць зямля,

Яна ж над табой

I пашэпча пасля.

*

Вочы — люстэрка душы

На жыццёвым свяце.

Калі запінаюць люстэрка -

Вусцішна ў хаце...

*

Ні за бяседным сталом, ні ў труне —

Самім сабой чалавек

Застаецца ў сне.

*

Сподзеву няма ўжо на спатолю,

I жыццё трымаецца на болю.

*

Белую аблачынку вішні,

Здаецца, выдыхнуў Звышні.

*

Я да скону заручаны з той стараною,

Дзе мама, як зорка,

Стаіць нада мною...

*

Рáсы перамяшаліся, як лясы.

Я за чысціню расы!

*

Пакуль не наб'е сабе добры гуз,

Беларус не ўзгадае,

Што ён — беларус.

Загрузка...