Я Вас чакаў з вясны да сівізны.
Як вечны вязень раніцу чакае.
І Вы прыходзілі парою ў сны.
Далёкая, як зорка трапяткая.
Я Вас шукаў як не на ўсёй зямлі,
І ў кожнай маладой неразгаданай
Вы, ўзнёслая, былі і не былі,
Плылі ракой, разводдзем разгайданай.
Я Вас гукаў, i голас мой змаўкаў
Перад красой, нябачанай вякамі.
Ішоў за Вамі ценем, —
Цень знікаў,
І словы захаплення замаўкалі.
Я жыў чаканнем i цяпер жыву
Надзеяй, што сустрэну хоць зімою.
Хілю заснежаную галаву
І дзякую за веснавую мрою...