Гадоў малечых зялёнае мора,
Зялёнае ад неакрэсленай мары,
Зялёнае ад зялёнага сена,
Якім быў сяннік напханы.
Бывала й цёплым зялёнае мора,
Калі прачынаўся «марак»,
У якога
Пытаўся раніцай голас ласкавы:
— Як спалася,
Ці суха ўсталася?
І каб не лавілася рыбка ў пасцелі,
Малому давалі адломак кілбаскі,
Прытым з завязкаю
З ніткі суровай.
Зялёнае мора i ў лузе й на ўзлеску.
А потым жаўцела зялёнае мора
Ад збажыны ды кляновага лісця.
І ўрэшце белым рабілася мора
Ад снежных выдмаў на лузе й на ўзлеску
І на галаве дзьмухаўцовападобнай.
Але заставалася мара зялёнай,
Як перадзамаразкавая атава,
Як вочы ў ката,
Пра якога аднойчы
Сказала мая лапатлівая ўнучка:
У ката Мірона чорнага, быццам
Вочы зялёныя, як агуркі.
Са школы ведаем пра хларафіл,
А што пра зялёнае мора ведаем?
Пакуль нам зялёным
Бачыцца небасхіл,
Датуль мы яшчэ неўзімелыя
Летуем.