НА ПАРУКАХ У НАСТАЛЬГІІ


Я даўнiм стаў, як вальс,

Што быў сыграны

Аднойчы некім i не для мяне.

І сажалак зялёныя экраны

Hi мой адчай, ні сум не скалыхне.

Я ўзяты настальгіяй на парукі,

Дзе тыя рукі, ўдзячныя мальбе?

Мелодыя забылася, і гукі

Пайшлі ў нябыт,

Каб там знайсці сябе.

Ці ўзнагароджаны, ці пакараны

Тым успамінам, што жыве i ў сне?

Я стомлены, як вальс,

Што быў сыграны

Аднойчы некім.

Ды не для мяне...

Загрузка...