КСТЫ


Гасподзь! Затрымацца дазволь

На гэтай грэшнай зямлі.

Зрабі ласкавейшы мой боль.

Душы раўнавагу пашлі.

Праз ноч,

Што жыццём нараклі,

Я йшоў на Тваё святло.

Гублялася сцежка ў быллі,

Ды ў сэрцы світанне жыло.

Гасподзь! Прагані мой страх,

Што следам ідзе за мной.

Я, з праху зямнога прах,

Вінюся зямной віной.

Пачую Цябе і глухі.

Аддзячыць хачу стакроць.

Правіны мае і грахі

Даруй, літасцівы Гасподзь...

*

Ойча праведны, памажы

Быць пакорным Тваім іспытам.

Адвядзі мяне ад мяжы

Між жыццём і спаміж нябытам.

Павядзі мяне па жыцці,

Па трыпутніку і ажыне,

Памажы мне сцежку знайсці,

Што не кіне мяне на чужыне.

Памажы мне застацца сабой —

Быць з душою сваёй у згодзе,

Жыць і радасцю і журбой

У тваёй трывалай гасподзе.

Колькі дзён ты мне ні дасі, —

Буду ўдзячны і заўтра й сёння,

На зямлі і на небясі

Шчыра ўкленчу святой іконе.

*

Божа, паспагадай усім, —

І магутнаму, і слабому,

І відушчаму, і сляпому,

Каб у згодзе жылося ім.

Божа, паспагадай усім, —

Каб вайной не йшоў

Брат на брата,

Каб ржавела сякера ў ката,

Каб вячэраю пахнуў дым.

Божа, паспагадай усім —

Каб цяплелі пагляды людзкія,

Каб у старца не кралі кія,

Нічыіх не кралi радзім.

Да любові, да чысціні,

Да святла, да святога ўлоння,

Усявышні, i заўтра i сёння

Заблуканыя душы вярні!

Загрузка...