Калі ў Вушачы начаваў Напалеон,
Ноч ліпеньская ў асалодзе млела.
Спакой трывогу браў
У свой палон.
Вушачка-рэчка ў туманах мялела.
Раскручваў жорны часу
Мулкі млён.
І выдумлялі вецер ветракі.
І ратуша драўляная старэла.
І ў неба на кашулі васількі
Да раніцы ўсміхаліся нясмела.
І сон ішоў з Парыжа нацямкі.
Да імператара патрапіць
Хоць бы ў сон
Паненкі мроілі, ажно не спалі.
Мілосць здавён —
I эшафот i трон.
I жарсць падумак смелых
Кралі кралi,
Калі ў Вушачы начаваў Напалеон...