КАБ ШАНАВАЎ...


Твой воблік — твой абраз, твая ікона,

З якой табе пабыць дазволіў Бог,

Каб ні перарабіць, ні збыць не мог,

Каб шанаваў штоночна i штодзённа.

У вечнасці, якая тлом зашклёна,

Папросішся пераступіць парог,

I забярэ тваю ікону лёх,

Ані зірнуўшы ўслед табе сцюдзёна.

Нясі з падзякай небу свой абраз,

Каб у лампадах воч агонь не згас,

Пакуль твой цень зямля цярпліва носіць.

Калі цябе, як сноп з палёў жуды,

Прытуліць з непрасохлых дошак восець,

Ікону возьме нехта малады.

Загрузка...