Як мне, малому, хацелася ў свет!
Як мне хацелася вырвацца з хаты.
Я задзіраў галаву, каб хвастаты
Бачыць хоць след
Незнаёмых камет.
Бачыў святло я, ды не разумеў,
Што пакідаюць неба каметы,
Не даляцеўшы да пэўнае мэты.
Што іх дапальвае,
Ласка ці гнеў?
Хутка і я ўжо гады дапалю,
Не падступіўшыся да небакраю.
I галаву сваю не задзіраю,
Болей хілю,
Каб запомніць зямлю...