Радаўніца...
Радавацца ці не таму,
Што радоўку тлумную адбываеш,
Што паклоны апошнія адбіваеш
Гасцяванню зямному свайму.
Радаўніца...
Рада ніца чало
Нахінуцца да ціхага ўзгорка,
Дзе палын прачынаецца горка,
Каб самоту ўбакі павяло.
Радаўніца...
Радавод даўніну
Цёмнымі апаўе каранямі.
Цень забытай душы акрыяе,
Абапершыся на труну.