Хоць эпітафію маладосці
Пісаць нязвыкла,
Ды я пішу.
Світальныя леты —
Залётныя госці,
Перад зімавеем сагрэйце душу!
...Сваімі лічылі гарышчаў салоны.
...Куляў
І куляўся з бяседных лаў.
...Пал загараўся,
Што куль саломы.
...Лічыў,
Што Пегаса я падкаваў.
...Кахаў шалёных,
Быў сам шалёны.
...I Бахуса ў бараду цалаваў.
P.S.
Я разумею, што маладосці
І ў эпітафіі цесна,
І ў тосце...