калі ачнешся акутаны жудасным сном
заглянь у проглубку свае душы
сягні да самага ядра матчынай слязы
і арасі свой твар
які штодня апранаеш на сябе
чужы як словы
што заклінаюць дабрабыт
на чужой мове
а дзесьці там
у трэшчынах старой хаты
дрэмле дзедавай мовы рой
атручаны шэптам чужых кадзіл
каб жарам іх
святую памяць акутаць у дым
унесці пад купалы чужыя словы
і збыўся бы чужынцаў сон вяковы
ды я вярнуся
неба насцеж расчыню
там памяць прадзедаў знайду
унясу ў храм
дзе трон цярнёвы
суцешыць стомленую душу
словам
дзедавае мовы