гэты век
цяжарны матчынай слязою
сыпле непакой у жорны майго дня
у цемры будучыні не бачу сваіх вакон
яны па той бок часу
а я ахутаны ў дым
перасыпаю памяць чорных дзір
адкуль глухі ўспамін
шчыміць у закутках душы
згаслым звонам забытае любові
у горадзе без саду
зацвіла людская нэндза
заплюшчу вочы на яе водар
у доме без вакон
што адплыве чаўном імглы
адгэтуль да ніколі
я пакіну
кудзелю паблытанага лёсу