12

Праз тыдзень пасля іх імправізаванага вяселля яны адправіліся да Верыных бацькоў. Чаго-чаго, а гэтага ніяк не абмінеш. Ды бацькі падрыхтавалі ім сустрэчу — фактычна, гэта быў працяг іхняга вяселля, пачатага тыдзень назад.

Сабраліся пераважна сваякі па абедзвюх лініях — бацькавай і матчынай. Драгун знаходзіў нешта ў іх тварах то ад Веры, то ад яе маці, то ад бацькі. А ўвогуле, як добра прыгледзішся, то людзі вельмі падобныя адно да другога, асабліва муж і жонка. І Драгуну адразу сказалі, што ён выбраў жонку, падобную да сябе. Яму найболей запомніўся дзядзька Храбры, з якім давялося сядзець за сталом ужо на другі дзень. Па прозвішчы можна было падумаць, што гэта які велікан-асілак, а дзядзька Храбры не меў нічога гераічнага: нізкаваты ростам, шчуплы, толькі ў плячах камлюкаваты, а з твару дробны, хударлявы, аброслы рыжаватым шчаціннем і такога ж колеру радкаватымі валасамі, зачэсанымі на прабор. Ужо захмялеўшы, дзядзька расказаў Драгуну гісторыю свайго жыцця. Нацярпеліся яны ў акупацыю, бо тут быў партызанскі край, аднак немцы пільна ахоўвалі чыгунку, па якой дзень і ноч ішлі эшалоны на ўсход. Нешта падобнае да двоеўладдзя адчувалі на сабе людзі ўсе тыя гады: днём немцы і паліцаі, ноччу — партызаны. Дзядзьку за сувязь з партызанамі ўзялі ў гестапа. А праз які час забралі жонку і падлетка-сына. Ён сам сядзеў у турме, а сын і жонка трапілі за калючы дрот канцлагера ля Барысава. Колькі яны выцерпелі, таго і жывёла не вытрымала б. Аднак пасля бясконцых пакут і страху смерці ім, яму асобна, а жонцы і сыну асобна, удалося ўцячы з гэтага пекла і застацца жыць.

І цяпер, на вяселлі, ён быў разам з імі — ужо стараватаю, непрыкметнаю кабетаю і маладым дужым сынам, такім, як бацька, рыжаватым. Сын сядзеў побач з жонкаю, вясёлаю, з буйным прыгожым тварам кабетай. І меў стары Храбры нават унукаў. Ужо недзе ў канцы, нібы між іншым, дзядзька Храбры сказаў, што гэта Вера ўцягнула яго ў партызанства, але што ён не крыўдуе на яе за гэта, бо тады рэдка хто мог застацца ў баку ад таго, што рабілася. Тое, што ён гаварыў, было не скаргай на жыццё, на лёс, а простым жаданнем расказаць новаму чалавеку, як яны тут жылі, што рабілі і чаго вартыя. Але і пахвальбы таксама не ўлавіў Драгун у дзядзькавых словах. Проста ён раскрываўся Драгуну як свайму чалавеку. Няйначай, што так, бо цяжкія ўспаміны растрывожылі яго душу, некалькі разоў ён пусціў слязу — у тым месцы, дзе ён расказваў, як пакутавалі яго жонка і сын.

А ўвогуле ўсе Драгуновы страхі памалу рассеяліся. Верыны бацькі аказаліся простымі, прыветлівымі людзьмі, шчырымі і сціплымі. Усе іх чацвёра дзяцей выйшлі ўжо ў людзі, двое скончылі інстытуты, двое — дзесяцігодку. Відаць, бацькам гэта далося нялёгка. Жылі яны сярэдне: мелі прасторную хату, хлеў, карову і пару падсвінкаў. Да таго ж быў яшчэ невялікі сад.

У Веры цяпер Драгун шукаў і знаходзіў рысы яе бацькоў. Яна была светлавалосая, як бацька, а нос і авал твару мела матчыны. Характарам яна хутчэй нагадвала бацьку: гаваркая і рухавая, са скрытым тэмпераментам. Маці здавалася больш засяроджанай, спакойнай, свае пачуцці і думкі трымала пры сабе, у яе не адчувалася той рэзкай перамены ў настроі, які прыкмячаўся ў Веры: бурнай весялосці да паныласці і наадварот. Ці мо тут рабіў сваё ўзрост? Як бы там ні было, Вера заставалася дачкою сваіх бацькоў, і, пабачыўшы іх, ён болей зразумеў яе самую. І яшчэ больш упэўніўся, што зрабіў неблагі выбар, бо, сыходзячыся з чалавекам, якога мала ведаеш, можна спадзявацца на ўсякае.

У Мінск яны ехалі нагружаныя ўсякімі падарункамі, прадуктамі, сумкамі і клункамі.

У аўторак Драгун купіў на Камароўскім рынку шпалераў. І адразу ж, прыйшоўшы з работы, узяліся за абклейку пакоя. Вера зварыла добрага клею з крухмалу, Драгун абдзіраў старыя шпалеры ў тых мясцінах, дзе яны адсталі. «Слаба прыклеіла Ліда»,— падумаў ён і ўсміхнуўся. Узяліся за работу дружна: што ні кажы, рабілі для сябе. Спачатку абклеілі паперай столь, доўга важдаліся, бо не давалі разгону бэлькі. Потым пачалі клеіць сцены.

— Ты купіў добрых шпалераў,— пахваліла Вера мужа.— У цябе цудоўны густ!

— Дзівачка! Я купляў тое, што засталося. Падзякуй выпадку.

— Усё ж такі тваіх заслуг тут болей, чым маіх.

— Нічога. Вось як паклеім сёння да паўночы, то будуць і твае.

— Да паўночы? Ды мы тут за пару гадзін скончым.

— Якая ты прэндкая, як у нас кажуць... Глядзі, твой цень заклею! Бач, вылазіць! Дай яшчэ адну стужку. Мо з-пад другое не вылезе. Хутчэй!

— Не дзяціней! — сказала Вера і ляпнула яму рукою па плячах.

Недзе ў гадзін дванаццаць яны яшчэ раз заварвалі клей, бо таго не хапіла, а засталася неабклееная цэлая сцяна. Абое стаміліся, але рашылі кончыць за адзін раз.

— А чаму гэта ты прыняў ад гаспадыні такі пакой?

— Які? — не зразумеў Драгун.

— Неабгледжаны, неаклеены...

— Ведаеш, лепей самому два разы зрабіць, чым ім раз казаць. Яна сама гаварыла пра гэта разоў пяць, але тым і скончыла. За гэта пакінула мне стол...

— Ох і стол!..

— Лепей, чым дзядзькаў... Асцярожна, загнеш бераг... Так, малайчына... Намазвай гэты кавалак,— камандаваў Драгун.— Бач, як дваім добра. А што я тут адзін зрабіў бы?

— А хіба да мяне сюды ніхто не заглядваў?

Драгун з падазронасцю зірнуў на Веру: няўжо яна што ведае? Але яму здалося, што яна закідвае вудачку наўгад. Таму ён гаварыў спакойна, схіляючы ўсё на жарт:

— Чаму не? Але яны доўга не хацелі тут быць, а тым болей — займацца такою прозай.

— А чым вы займаліся? Толькі паэзіяй?

— Паэзія заўсёды канчаецца прозай.

— Як гэта разумець?

— Усё, што мае пачатак, мае і канец.

— Кітайская прамудрасць...

Драгун маўчаў. Ён якраз прыклаў палосу паперы ад столі да падлогі, асцярожна стаў пагладжваць чыстаю анучкай, кабе лепей прыставала, каб не засталося зморшчак, каб адна палоса па малюнку прадаўжала другую.

— Цік-так, цік-так! Аднак ты дапытлівы чалавек. Я думаў, што цябе гэта турбуе менш за ўсё. Ажно не. Табе нагаварыў хто?

— Чаму ты думаеш, што нагаварыў?

— Бо там, дзе людзі не ведаюць, яны робяць здагадкі, пачынаюць фантазіраваць і, як правіла, даложаць.

— Яны даложаць, сфантазіруюць, пэўна ж... Толькі ты прамаўчыш.— У Верыным голасе чуваць была крыўда.

— Кажы, што табе трэба.— Драгун выпрастаўся, пацёр паясніцу: яна балела.

— Ты хочаш пасварыцца? — спалохана спыталася Вера.

— Я — не! А вось ты хочаш, гэта адразу відаць. Ты намякаеш, што да мяне тут хадзілі... з усяго горада!

— Я думала, што ты пра ўсё раскажаш сам.

— І расказаў бы! Толькі не знаходзіў зручнага выпадку. Але мне здаецца, што ты і без мяне ведаеш болей, чым трэба.

— Ад людзей нічога не ўтоіш... Мне расказалі яшчэ да вяселля.

Драгун знарок не пытаўся, хто расказаў і што.

— І расказала гаспадыня,— гаварыла далей Вера.

— Дзякуй ёй за ласку...

— А што тут такога? Лепей таіць?

— Я не збіраўся таіць ад цябе нічога...

— Можа, і не збіраўся, ды нечага цягнуў... Але мяне не гэта цікавіць... Ну, раз прыйшла — бог з ёю... Я хачу ведаць, як часта яна сюды прыходзіла.

— Во-о-ось што! — расцягнуў Драгун.— Магу сказаць — проста, без хітрыкаў: прыходзіла ўсяго адзін раз, на каталіцкія каляды.

— А як я не паверу?

— Аднак я табе паверыў...

— Я расказала сама... А ты маўчаў...

— Довад магутны... У мяне трохі карацейшы язык, чым... Да таго ж я мужчына...

— Дык што з гэтага?

— А тое! Допытаў я не люблю! — голас Драгуноў міжволі набыў рэзкі тон.— Калі мяне цягнуць за язык, я маўчу. Так будзе і цяпер.

— А я хачу, каб ты расказаў, як гэта было.

— Мала што ты хочаш... Давай лепей канчаць работу, трэцяя гадзіна ночы.

Яны клеілі моўчкі, і работа ішла спарней. Драгун адчуваў сябе ніякавата, хоць не паказваў выгляду. Яму не верылі. Гэта ўжо кепска, калі з першага дня жонка табе не верыць, падазрае.

Той ноччу яны ляглі спаць надзьмутыя, Вера адразу павярнулася да сцяны. Драгун таксама адвярнуўся ад Веры і стараўся нават не дакранацца да яе. Ён ляжаў і доўга не мог заснуць. Не спала і Вера. Варта было Драгуну павярнуцца, абняць жонку, сказаць шчырае слова — і сварка скончылася б прымірэннем. Але ён гэтага не зрабіў. Не зрабіла і яна.

Працяг іх непрыемнай гутаркі быў роўна праз два дні.

На рабоце Драгун атрымаў ліст ад Ліды Чалевіч. І думаў: гаварыць пра яго Веры ці не? Ліда прасіла сустрэцца з ім, каб сказаць нешта важнае.

Драгун падумаў, што толькі шчырасцю зможа заваяваць жончын давер. А пайсці да Ліды, не параіўшыся з Верай, было б раўназначна здрадзе.

Вечарам пасля работы Драгун ляжаў на кушэтцы, трымаў у руках кнігу, але не чыталася. Вера мыла бялізну: грэла ваду, грымела тазікам, ночвамі, падбельвала, падсіньвала. Яны за гэтыя два дні паспелі памірыцца, хоць заставалася няясна, хто перамог. Драгун адклаў кніжку, доўга глядзеў, як завіхаецца Вера.

— Мо табе памагчы? — спытаўся ў яе нарэшце.

Вера стрэльнула ў яго бок вачыма, усміхнулася.

— Дзякую, даражэнькі. Хутка скончу сама... А табе аднаму сумна?

— Не... Я вось думаю...— і не хапала смеласці сказаць усё да канца. Ведаў, што зноў пачнецца, як тады...

— Што ты думаеш? Кажы!

— Думаю: сапсаваць табе настрой ці не? — сказаў ён і адчуў, што гаворыць жорстка.

Вера моўчкі, са страхам пазірала на мужа.

— Мне напісала Ліда... Ну, гэтая самая, што заходзіла сюды.

Вера стаяла, апусціўшы пачырванелыя ад вады рукі, а твар яе пакрываўся бледнасцю.

— Што ж яна хоча? — вяла, як нежывая, спытала Вера.

— Пачытай...— і ён падаў ёй памяты канверт.

Вера доўга не магла выцягнуць паперу з канверта. Нарэшце дастала і, перш чым чытаць, стомлена села на кушэтку ля Драгуновых ног.

Прачытаўшы, маўчала. Маўчаў і Драгун.

— Дык што, пойдзеш да яе? — спыталася Вера.

— А калі б і пайшоў? — абыякава адказаў пытаннем Драгун.

— Ты... пайшоў бы? — вочы ў Веры пабольшалі, акругліліся.— Чаго?

— Ну, даведацца, што з ёю. Мо ў яе якая бяда, няшчасце ці яшчэ што...

— А на мяне плюнуў бы?

— Навошта так рэзка? Ад таго, што я пайшоў бы, нічога не змянілася б.

— Не, гэтым ты растаптаў бы наш саюз. Няўжо ты не разумееш?

— Не разумею... Я пайшоў бы і вярнуўся б. І што тут кепскага?

— Ты яе кахаеш! Інакш ты так не казаў бы...— у Верыным голасе пачуліся слёзы, але не слёзы слабай жанчыны, якая просіць літасці і спагады, а ў яе слязах Драгуну чулася ўпартасць, утрапёнасць і злосць.

— Каб я яе кахаў, ты тут не была б. Была б яна! Каханне тут ні пры чым... Мо чалавек трапіў у бяду...

— Усім не дапаможаш! Калі ты зрабіў добра ёй, значыць, раніш мяне. Я твая жонка — і ўсё. На ўсіх другіх ты цяпер не павінен глядзець.

— Чаму не? Усе астатнія для мяне — проста людзі. А ты — мая жонка. Няўжо табе гэтага мала? У табе проста загаварыла рэўнасць. А для яе няма ніякіх прычын!

— Няма? А што яна тут спала з табою?

— Чаму ж ты не ўспомніла пра гэта да нашага вяселля? Баялася, што я адвярнуся ад цябе?

— Баялася... І цяпер баюся...

— Можаш не баяцца. Калі я даў слова, то я яго стрымаю.

Да Ліды ён так і не пайшоў.


Загрузка...