34
Пісьмо з райсавета было для Драгуноў громам з яснага неба: ім паведамлялі, што ў гэтым годзе кватэры яны не атрымаюць, бо ўвесь запас жылога фонду перадаецца дэмабілізаваным па загаду аб скарачэнні Узброеных Сіл.
Вера плакала. Адзінае, што дагэтуль узнімала яе дух,— гэта надзея, што другое дзіця адразу можна будзе нясці ў цёплую дагледжаную кватэру. І раптам гэтая зорка-надзея патухла. Цяпер Вера пайшла ў дэкрэтны адпачынак, сядзела ў абрыдлых чатырох сценах свайго пакоя, збірала памалу пялёнкі, кашулькі, нешта шыла, думала і сумавала. На кухню яна і праўда баялася выходзіць, бо Шварцманы хадзілі толькі па дваіх. А апошні час у іх пасялілася яшчэ адна сям’я з чатырох душ: дачка з зяцем і дзеці. Цяпер на кухні нельга было размінуцца. Праўда, зяць з самага ранку недзе ішоў, а вольны мастак Шварцман, як генерал, камандаваў цэлаю арміяй і мог у любы момант падкінуць рэзервы.
— Чаму гэта наша такая доля? — праз слёзы гаварыла Вера.— Пазалетась уключылі ў чаргу інвалідаў, і мы не пасунуліся наперад нават на адзін нумар, а гэты год — дэмабілізаваныя. Яны людзі, а мы — не!
— Цяпер у мяне ўся надзея на той дом. Сёння ў абед я заходзіў туды. Ужо забіваюць палі... можна сказаць, палавіну ўжо загналі.
— Якія палі? Драўляныя?
— Што ты! Бетонныя... На тым месцы калісь быў кар’ер, потым сметнік. Цяпер яго засыпалі, заб’юць штук сто паляў і паставяць наш дом, у якім мы будзем жыць з табой па-панску!
— А мне ўжо не верыцца, што мы будзем мець кватэру... Здаецца, тут і звякуем,— гаварыла Вера, ставячы перад мужам глыбокую талерку з пахучым баршчом.
Драгун размяшаў смятану, пакаштаваў.
— А ты смачна варыш, гаспадынька. Як хадзіла на работу, то мы елі горш.
— Як мукі скрыня, дык і свіння гаспадыня. Дай мне час, дай з чаго, дык я табе так згатую, што цябе за вушы ад талеркі не адцягнеш... А памятаеш, як мы жылі на адну тваю зарплату? Ты таксама еў і хваліў, хоць і не было чаго хваліць...
— Я знарок, каб табе зрабіць прыемнасць.
— Я ўсё разумею... Не хадзі сёння ў бібліятэку... Я цябе вельмі прашу.— І Вера з мальбою паглядзела яму ў вочы.
— Што-небудзь цябе турбуе? — занепакоіўся Драгун.
— Нічога... Толькі мне сёння трэба памыць бялізну, і я не хачу адна тырчаць на кухні.
— Добра, я застануся, калі ты хочаш. Глядзі, нічога цяжкага не падымай!
— Ідзі да Марыі Антонаўны, пазыч бачок,— папрасіла Вера.
Ён пайшоў да суседзяў. З гэтымі людзьмі ў Драгуноў была не толькі агульная пляцоўка, балкон, але і добрая дружба. Асабліва здружылася з імі Вера. Гэта было адзінае месца, дзе яна адводзіла душу. Яны часам запрашалі да сябе Драгуноў на чарку, а Драгуны — іх да сябе. І ўжо калі што трэба пазычыць, то Драгуны ішлі да іх.
Бабкі Марыі Антонаўны дома не было, бачок Драгуну дала яе дачка, мажная прыгожая кабета, якая жыла ў маткі з мужам і дваіма дзецьмі. Муж яе працаваў недзе столярам на фабрыцы, любіў выпіць часам лішнюю чарку, і за гэта яны іншы раз і сварыліся. Але цешча Мар’я Антонаўна заўсёды заступалася за зяця, за гэта ён яе любіў і цаніў, а выпіўшы, хваліўся: «Такой цешчы, як у мяне, трэба пашукаць!»
Драгун наліў у бачок вады, паставіў у кухні на керагаз, потым прынёс з хлеўчука ночвы, вынес два табурэты і наладзіў цэлы пральны камбінат. Выглянуў праз шчыліну Шварцман, але тут жа зачыніў дзверы. І больш за ўвесь вечар ніхто вельмі з іх не выходзіў.
Вярнуліся з двара дзеці. Яны павячэралі, і Нэля пайшла на заняткі — Вера ўладкавала яе на курсы кройкі і шыцця,— а Драгун застаўся з Валькаю, сяды-тады выходзячы на кухню, каб памагчы Веры — падаць што ці прыняць або пераставіць з месца на месца.
Усё ішло як трэба. Вера памыла бялізну, склала ў бачок і заліла вадою. Заўтра раніцай заставалася толькі накрухмаліць і вывесіць сушыць.
— Бачыш, якая цішыня стаяла на кухні? — сказала Вера ўжо вечарам, як скончыла работу.— А каб цябе не было дома, то яны тут хадзілі б натоўпам і ўсё адчынялі б, то зачынялі б дзверы, юшкі, Шварцман мыў бы дзве гадзіны свае пэндзлі, яна варыла б курачку, а маладая мыла б пялёнкі. І не таму, што ім гэта патрэбна да зарэзу, а таму, што я на кухні нешта раблю. Як мяне няма — і іх няма. А варта мне толькі паказаць нос — як і яны тут. Мне ўжо нават здаецца, што яны проста стаяць пад дзвярыма і чакаюць, калі я выйду.
— Кінь ты! — Драгун верыў жонцы, але не хацеў падліваць масла ў агонь.
— Ты ўсё не верыш... Ты хочаш быць добранькі... А яны хітрыя, як ліса.
— Я і сам ведаю, што яны хочуць нас пасварыць. І яны, па-мойму, гэтага даб’юцца...
— Бо я вінавата?
— Чаму ты? Я! Я не хачу з імі сварыцца. Значыць, разважаючы лагічна, я ператвараюся ў іх саюзніка. А тады ты бачыш ува мне свайго ворага. Ці не так?
— Да гэтага яно ідзе...
— Значыць, хто ідзе ў іх на павадку?
— Ты скажаш — я, а я скажу — ты!
— Толькі давай спакойна... Каму на карысць наша сварка з імі? Толькі ім! Дык нашто нам ісці ў іх на павадку?
— Ты баішся іх, ты не хочаш з імі сварыцца, не хочаш абараняць сваю жонку! Шварцман водзіць сваю Сару на кухню, ён за яе мне горла перагрызе, а ты за сваю жонку нават слова баішся сказаць! Ты ходзіш да іх на перагаворы, на чай, абгаворваеш сваю жонку!
— Глупства!.. Супакойся, Вера, табе можа пашкодзіць... Супакойся!
— Як я магу супакоіцца? Як? Ты стань на маё месца. Стань!.. Як я яшчэ не звар’яцела, як я яшчэ жыву! Ты заўтра пойдзеш на работу, а я тут, у гэтым звярынцы, буду адна, буду хадзіць і чакаць, што зараз нехта падпусціць шпільку, што нехта будзе зларадна хіхікаць, паказваць на мяне пальцам, а калі я скажу слова, то адкажа градам калючак, ядавітых стрэл.
— Прашу цябе, супакойся! — Драгун абняў яе за плечы.
— Адыдзі! Ты мяне не любіш, не паважаеш, я для цябе — пустое месца... Твой спакой табе даражэй за маё жыццё!..— галасіла Вера.
— Што ты гаворыш? Падумай толькі! — закрычаў Драгун.— Я цябе не шкадую? Я іх баюся? Глупства ўсё гэта! Чысцейшая лухта! Я проста не хачу лезці ў кухонныя памыі, лічу гэта для сябе нізкім, нікчэмным, не вартым гонару мужчыны!
— А гонар жонкі ты лічыш глупствам? Хай на ёй ездзяць... У туалет! Вось які ты муж! За свой гонар ты можаш пастаяць, а за жончын — не хочаш. Гэта цябе прынізіць! Навошта ж ты тады жаніўся? Заводзіў сям’ю? Ты цяпер павінен абараняць гонар сям’і, а не свой уласны!
— Што ты ў гэты гонар улезла? Пры чым тут гонар? Я не хачу ісці на павадку — ні ў іх, ні ў цябе, нарэшце! У мяне ёсць свая дарога... І зварочваць з яе з-за нейкага там кухоннага бруду не збіраюся!
Гэта была тая кропля, якая перапоўніла чашу Верынага цярпення.
З цяжкасцю Драгуну ўдалося супакоіць жонку. Заснулі яны позна. Драгуну сніўся сон: нібы ён ішоў праз якое балота, дарога скончылася і невядома, што было рабіць далей. Да яго даляцеў нейкі стогн, спачатку ціха, а потым мацней. Ён ірвануўся з усіх сіл наперад — і прачнуўся.
Стагнала Вера. Ён разбудзіў яе.
— У цябе што баліць?
— Мне млосна. Дай вады...
Драгун выскачыў на кухню, прынёс шклянку вады.
Але ад вады ёй стала яшчэ горай. Яе пачало ванітаваць.
— Калі праз дзесяць мінут не палепшае, я выклікаю «хуткую дапамогу»,— сказаў Драгун.
— Не трэба, пройдзе,— ледзь магла прамовіць Вера.
Але прайшло дзесяць і болей, а ёй не лепшала.
Драгун апрануўся і пабег на аўтамат выклікаць «хуткую дапамогу». Здоўжылася чакаць, покуль яна прыехала, хоць і прайшло ўсяго з паўгадзіны.
Доктар агледзела Веру, паслухала сэрца і сказала збірацца. Паехаў і Драгун.
Дзяжурны доктар доўга нешта бурчаў сам сабе, доўга не мог уцяміць, што ад яго трэба.
На развітанне Вера пацалавала Драгуна і ўсміхнулася вымучанай усмешкай.
— Даруй мне за ўчарашняе... І глядзі Вальку,— сказала яна і заплакала. Яна ўжо была ў бальнічным.
— Не бойся за нас. Глядзі, каб усё абышлося добра. Бывай здарова! — Драгун памахаў ёй рукою.
Яму першы раз за іх сумеснае жыццё стала раптам страшна: а што, калі з ёю надарыцца якая бяда? Што ён тады будзе рабіць? «Тэорыя разумнага эгаізму,— усміхнуўся ён сам сабе.— Думаю перш-наперш пра сябе. Чаму гэта так скроены чалавек? Ці мо толькі я такі?»
Назад ён ішоў сваім ходам — была чацвёртая гадзіна ночы. Горад спаў, рэдка ў якім доме свяцілася акно. Там, думаў Драгун, або прачнулася малое і маці мяняе яму пялёнкі, або хто хворы — і людзі не спяць, трывожацца за чалавечае жыццё, трымаюць напагатове нашатырны спірт ці шпрыц з камфарай... А мо і так каму не спіцца?.. Ці мала прычын? Адзін дзівак нават выйшаў у піжаме на балкон пакурыць...
Дзеці спалі. Нянька нават не прачнулася, калі Веру забіралі, а пра малую Вальку ўжо і гаварыць няма чаго: як пакінуў яе Драгун, адгароджаную ад краю коўдрай, так і застаў, толькі раскрылася.
Драгун згарнуў свой раскладны ложак і лёг з дзіцем. Валька праз сон абхапіла яго ручкамі за шыю, і ён доўга так ляжаў, баючыся варушыцца, і пазіраў у столь. Цікаў толькі гадзіннік, ды за сцяной праз сон часам ускрыквала Турбан.
Невясёлыя думкі мроіліся ў Драгуновай галаве...
Як цяжка пачынаць жыццё на голым месцы! Хоць бы нават узяць сям’ю... Мо і правільна робяць яго землякі, што не жэняцца, покуль не падрыхтуюць «базы»... Але што! Каб ён чакаў «базы», да гэтага часу гібеў бы недзе на прыватнай кватэры, спіўся б, скруціўся б, збасячыўся б. Ён добра памятае, як ахоплівала яго часам такая самота, што хацелася павесіцца або ўтапіцца. А цяпер такія думкі яго перасталі трывожыць. Ён моцна прывязаў сябе да жыцця вось гэтым стварэннем, а недзе яшчэ адна жывая істота рвецца на свет па яго волі, ды і тая, з якою ён звязаў уласны лёс, таксама патрабуе сваю долю клопату, катурхае, не дае доўга ляжаць на адным баку. Большае клопатаў — чалавек робіцца энергічны, растарапнейшы, паваротлівейшы. За тры гады свайго халасцяцкага жыцця пасля вучобы ён нічога не паспеў зрабіць — усё не было часу. Смех, дый годзе — не было часу! І гэта тады, калі ён жыў адзін, ніхто яму не мяшаў і ён нікому... А ўжо жанаты амаль за той жа час, маючы немалы сямейны клопат, напісаў кніжачку апавяданняў, распачаў аповесць. І не заядаюць яго, як тады, усякія бытавыя дробязі, як кухня, бялізна... Цяпер толькі гэтая кватэра не дае спакою... Што і казаць! Жыццё поўна ўсякіх сюрпрызаў. Неба доўга чыстае не бывае. Трэба толькі прымаць гэта як суровую непазбежнасць... Аднак чаму яна так суровая да адных і мяккая да другіх? Некалі разам з Драгуном школу канчалі два хлопцы — родныя браты Паўлюкевічы. Іх бацькі добра жылі пры старой Польшчы, мелі многа зямлі, сад і пасеку пчол. Хлопцы выраслі як дубы. Вучыліся сярэдне, ленаваліся, хадзілі добра апранутыя, дагледжаныя. Скончылі школу — падаліся вучыцца далей, здабылі дыпломы, пажаніліся... Нядаўна Драгун даведаўся, што цяпер яны жывуць у Мінску, маюць свой дом, сваю машыну. На лета ездзяць да бацькоў як на дачу... Так, ніколі яны не перажылі і не перажывуць таго, што выпала на долю Драгуна. Яны самі і іх дзеці будуць таму здаравейшыя і шчаслівейшыя за яго і яго дзяцей.
А яго Вера? Жыла не ў раскошы, вучылася — галадала, аспірантура пачалася з няўдач, праца таксама ішла са скрыпам. А каб сказаць, што яна не ведала справы — не скажаш. Уся бяда ў тым, што яна не ўмее цярпець, не ўмее маўчаць. І ў гэтым быце таксама... Што яму той быт? Ён фактычна тут толькі начуе, а яна — жыве, на яе плячах увесь клопат пра сям’ю, пра заўтрашні дзень. А што будзе яшчэ праз гадоў колькі, калі яго жыццё крута возьме ўбок?..
Сон непрыкметна звёў яму павекі.
Нешта снілася, але калі ён раптам прахапіўся, усё разляцелася на часткі, засталіся толькі асобныя малюнкі, кавалкі, дэталі. Балела галава і была цяжкая, як з перапою. Другі раз мо ён і зрабіў бы сабе скідку, паляжаў бы яшчэ якой з паўгадзіны, але сёння — не! Сон адляцеў умомант. І першае, што ўсплыло ў свядомасці: як там Вера? Другі клопат быў меншы, але таксама блізкі: бялізна. Трэцяе: работа. Спачатку хацеў пабегчы пазваніць з аўтамата ў бальніцу, а потым падумаў: дачакаецца дзевяці гадзін і за адным скрыпам пазвоніць і на работу, адпросіцца на пару гадзін, каб расправіцца з бялізнай. Снеданне зварыць Нэля, тут клопат невялікі.
Драгун распаліў керагаз, паставіў грэць ваду, памыўся. Потым заварыў крухмал, развёў у начоўках, стаў крухмаліць бялізну: прасціны, наўлечкі, кашулі, рубашкі, дзіцячыя сукеначкі. Выходзіла гэта ў яго не надта спрытна: ён заліў усю кухню, абліў штаны, не раз што чыстае падала на падлогу, ён узмакрэў ад поту, але стараўся як мог.
На кухню выйшла заспаная, але ўжо апранутая Валька, убачыла бацьку і кінулася да яго.
— Дзе мама? — былі яе першыя словы.
— Чаго ты выбегла? Ідзі назад, я зараз прыйду і скажу табе, дзе мама.
Але малое не так лёгка было ўгаварыць. Яно з цікавасцю пазірала на бацькаву работу.
— Дай і мне што выкруціць!
— Валька, няможна табе. Я зараз сам скончу. Ідзі!
Дзіця нехаця пайшло, але зноў спытала:
— А дзе мама?
— Зараз прыйдзе,— буркнуў Драгун, і слёзы закруціліся ў яго на вачах.— Ідзі, ідзі, дачушка!
Выйшла нянька і за ручку ўцягнула дзіця ў пакой.
Заскрыгітаў ключ у замку, на кухні паказаўся Шварцман. Робячы асцярожныя зігзагі, ён абышоў усе перашкоды, дабраўся да мыцельніка. Доўга мыўся сваім лазневым мылам, пару разоў скасіў вока на Драгунову работу. Але Драгун быў так заняты, што яму было не да Шварцмана. А той як знарок стаў паволі выцірацца, усё так жа паглядваючы, як Драгун выкручвае і складвае ў таз чыстую бялізну.
— Першы раз бачу, каб мужчына ды займаўся такою работай,— глыбакадумна сказаў ён.
Гэта камплімент ці насмешка? Драгуна адразу ўзарвала.
— А што вам да таго? — выкрыкнуў ён злосна.— Ва ўсё вы ўсадзіце свой доўгі нос!
Шварцман скурчыўся і хуценька паклыпаў у сваю крэпасць. І гэта яго шчасце. Каб ён агрызнуўся, сёння Драгун не змог бы сябе стрымаць.