18
Позна вечарам Драгун ішоў з лазні. Была сырая цёплая вясна, прысады сцішана шумелі лісцем, над горадам апусціўся змрок. Заклаўшы рукі за спіну, Драгун ішоў сабе памалу, разглядаючыся, азіраючы вячэрні горад. Ён ведаў, што ў гэты час жонка з малою ўжо спяць. Раней яны хадзілі разам у лазню, жонка паспела яго прывучыць да новага ладу, але цяпер зноў малое парушыла заведзены парадак. Цяпер ён ходзіць асобна, яна асобна — з нянькаю.
Ад куфля піва ў яго злёгку кружыла ў галаве, у целе адчувалася лёгкасць, уся стома і цяжар засталіся там, у лазні. Ён ішоў паволі, азіраў новыя цагляныя дамы, касіўся на старыя, што ўжо аджывалі свой век: памалу-патрохі іх зносілі, на іх месцы ў хуткім часе вырасталі шматпавярховыя камяніцы. Вось і яны з жонкай з нецярпеннем чакаюць, калі дом іхніх гаспадароў пойдзе на знос, а яны, мо як прыпісаныя пастаянна, атрымаюць казённую кватэру. Вунь і насупраць іх хаты, цераз вуліцу, ужо стаяць пяціпавярховыя дамы — інтэрнаты для рабочых будаўнікоў. Днём і ноччу там шумна і весела, асабліва ў выхадныя. А што? Жыве моладзь, а яна заўсёды неспакойная. Ці даўно тое было, што сам Драгун не абмінаў таго месца, дзе б’юцца, хоць часам і даводзілася паспрабаваць кухталя ці панасіць добрага гуза на галаве.
Ды і сёння, хоць позна, а нейкі як бы шум-гам далятаў да Драгуновых вушэй. Падышоўшы бліжэй, Драгун убачыў, што і праўда там нешта робіцца. Амаль уся вуліца і правы тратуар ля інтэрната быў запруджаны людзьмі: мітусіліся, няйначай, рабочыя хлопцы, сярод іх мільгалі салдацкія фігуры. У некаторых салдат на рукавах Драгун заўважыў чырвоную павязку патруля, але не ва ўсіх. Няйначай, на дапамогу патрулю прыйшлі іх таварышы з гарадка, які размяшчаўся побач. Салдаты вялі да машыны маладога хлопца без шапкі, у разарванай на грудзях кашулі.
Ён не хацеў ісці, вырываўся, брыкаўся нагамі, але яго амаль што няслі: двое з бакоў, іншыя падпіхалі ззаду. Вакол гэтай цэнтральнай групы круціліся хлопцы, хацелі прарвацца ў шчыльнае кола салдат, але ім, відаць, не хапала смеласці.
Неяк зусім бяздумна, падсвядома, без ніякай мэты Драгун нават нечакана для сябе апынуўся ў гэтым коле і цапнуў за руку сяржанта, які, няйначай, камандаваў патрулём.
— Стой! Ты куды яго цягнеш?
Нечаканасць — неразгаданая псіхалагічная штука, якая часам робіць вялікія цуды. На каго-небудзь яна мо нават не дзейнічае, хутка праходзіць, а другіх паралізуе на цэлыя хвіліны.
Сяржант і салдаты на момант сталі. Мо яны падумалі спачатку, што гэта які важны начальнік ці хто, які мае дачыненне да іх. Кола зрабілася яшчэ цяснейшае. Нават хлопец, якога вялі, перастаў вырывацца, з надзеяй зірнуў на Драгуна.
Першы апамятаўся сяржант.
— А ты хто такі? Чаму стаў на дарозе?
— Я хачу ведаць, завошта вы яго ўзялі?
— Не твой клопат! Ідзі да д’ябла і не мяшай! — сяржант скінуў са свае рукі Драгунову далонь.
Усе зноў скіравалі да машыны, адціскаючы Драгуна назад. Ён азірнуўся, як бы шукаючы падмогі. Яна і праўда была побач, толькі штосьці не збіралася памагаць.
— Эй, хлопцы! — крыкнуў Драгун.— Што ж вы даяце ў крыўду свайго таварыша? Ану!!!
Хлопцы нібы толькі чакалі каманды. У адзін момант яны разарвалі кола з салдатаў, выхапілі з рук у патруля свайго сябра і пацягнулі з тратуара ў двор, куды кінуліся ўсе астатнія.
Другі раз нечаканасць паралізавала салдат. Сяржант зноў першы кінуўся за ўцекачамі, але Драгун прытрымаў яго за палу кіцеля. Сяржант злосна азірнуўся і стаў.
— Што табе трэба?
— Адстаньце ад хлопца! Вы што, міліцыя? Ён жа цывільны!
— А што табе да таго? Не сунь нос не ў сваё?
— Забірайце такіх, як самі! Цывільных не маеце права! — даказваў Драгун.
— Вось мы табе зараз пакажам права! Рэбята! Узяць яго!
Не паспеў Драгун апамятацца, як яго акружылі шчыльным колам салдацкія кіцелі, моцна ўчапіліся рукі ў яго вопратку. На момант Драгун адчуў, як пахаладзела ў яго ў грудзях: перад ім стаяла жывая няўмольная сцяна, якая вось зараз раздушыць яго, безабароннага, з голымі рукамі — і ніхто за яго не заступіцца. Усе тыя хлопцы, што круціліся нядаўна тут, былі ўжо недзе за домам, і машына, якую спынілі салдаты, каб везці таго хлопца, паехала, а на вуліцы, цьмяна асветленай ліхтарамі, акрамя патруля і яго — ні жывой душы. Рабі што хочаш!
— Ідзём у міліцыю! Шагам марш! — падаў каманду сяржант.— Там разбяруцца, адкуль такі заступнік!
— У міліцыю — калі ласка! — Драгун адчуў, што часовае здранцвенне прайшло і ён зноў валодае сваім целам, можа цвяроза думаць і разважаць.
Яны ўсе рушылі па Лагойскім тракце да Камароўкі, дзе, Драгун ведаў, было аддзяленне міліцыі. Але яго давялі толькі да скрыжавання і скіравалі ў цёмны завулак ля фатаграфіі. І Драгун адразу зразумеў, што азначае гэта «ў міліцыю»: яго вялі ў цёмнае месца.
— Далей не пайду, можаце біць тут! — крыкнуў Драгун і стаў вырывацца.
— Ідзі, ідзі! — басіў сяржант.
Ззаду Драгуна штурхалі ў плечы, у паясніцу і яшчэ ніжэй — ботамі, кулакамі, тронкамі ад фінак, а сяржант увесь час хацеў заламаць яму правую руку назад, але гэта яму не ўдавалася. Тое ж самае рабіў і салдат, што ішоў у Драгуна злева. Урэшце яны змірыліся з гэтым і вялі Драгуна пад рукі, як дзяўчыну, трымаючы яго за рукавы паліто. Пачыналіся прыватныя дамы з дашчанымі высокімі густымі платамі.
— Хопіць! — сказаў Драгун.— Далей не пайду!
Ён вырваў правую руку ад сяржанта і наводліў заехаў яму па твары. І тады на Драгуна пасыпаўся град удараў: ззаду, збоку, спераду. Але ён бачыў перад сабой толькі аднаго сяржанта, учапіўся яму ў каўнер кіцеля, пачуў, як затрашчалі аплікі — яго адрывалі ад праціўніка, цягнулі ўніз. Нарэшце ён паляцеў на зямлю.
— Па кумпалу не біць! — папярэдзіў сяржант.
Драгун устаў, але тут жа зноў апынуўся на зямлі. І яшчэ раз устаў, ужо нікога не бачачы перад сабою. Апошняе, што ён адчуў,— гэта нібы яму заляпілі твар гарачаю жарствою.
Ён захістаўся і, каб зноў не ўпасці, ухапіўся за плот, стаў правай рукой абчышчаць губы, бараду ад гэтай нябачнай жарствы, якая пякла не суцэльнай масай, а асобнымі каменьчыкамі. Салдаты зноў акружылі яго.
— Хопіць! — скамандаваў сяржант.
Салдаты адступіліся. Яму нават падалі сетку з бялізнай, якая валялася недзе ў пяску і пра якую ён паспеў забыць. Няўпэўнена, як п’яны, нібы не на сваіх нагах, пайшоў Драгун, сплёўваючы крывёю, у свой бок. Насустрач яму бегла некалькі хлопцаў — няйначай, з той самай кампаніі. Яны размахвалі кулакамі і крычалі:
— Дзе яны? Мы ім пакажам!
Але да салдат яны не дабеглі, сталі, а потым павярнулі назад.
— Задрыпы! Дзе вы былі дагэтуль? — вылаяўся сам сабе Драгун.
Але вялікай злосці на іх у яго не было. Яны тут ні пры чым. Сам улез у балота. Ці яшчэ лепей — галава гуза шукае. Ды ўсё гэта глупства! Важна другое... Важна вось што... Мо ён і ўлез не ў сваё, і хутчэй за ўсё, што так. І патруль таксама перагнуў палку, што прычапіўся да цывільнага, што ўжыў самасуд да другога цывільнага.
Важна другое: патрэбна толькі іскра, патрэбна толькі адна маленькая іскра. Ці, як той камень з гары: ты яго толькі скрані, зруш з месца, а там ён рынецца ўніз, цягнучы за сабою цэлы абвал. Ты яго толькі скрані!..
Мо з год назад з Драгуном адбылася падобная гісторыя: ён скрануў толькі камень, а потым усё пайшло само...
Нечага ён хадзіў на Камароўку, здаецца, у нядзелю. На тым месцы, дзе пазней вырас вялізны завод, было раскапана, падыход і пад’езд ішоў па нейкіх кладках і мастках, і зусім з другога боку. Пры самым уваходзе ля закрытага ларка стаялі кабеты і трымалі ў руках хто што: шкарпэткі, ліфчыкі, карункі. Да крайняй жанчыны, што прадавала карункі, падышоў малады хлопец у скураной куртцы. Ён толькі што выйшаў з зялёнага «газіка», які стаяў непадалёку, нешта сказаў жанчыне, запрашаючы да машыны. Тая адмоўна круціла галавой. Тады ён абхапіў яе ўполкі і панёс. Драгун у гэты момант якраз набліжаўся да іх. Ён прытрымаў хлопца за рукаў і ветліва-з’едліва сказаў яму:
— Што гэта вы, малады чалавек? Вам не сорамна так абыходзіцца з жанчынай? Яна ж цяжарная!
Хлопец сярдзіта пакасіўся на Драгуна і адпусціў жанчыну.
— А табе што? — агрызнуўся ён, але не сярдзіта.
Ён быў разгублены — мо ад насмешлівасці тону ці ад нечаканасці.
— Я з міліцыі... А гэта спекулянтка!
— Тым горай для вас. Работнік міліцыі павінен быць культурны нават са спекулянткай...
Тут як маргнуць вокам да іх ужо падыходзілі цікаўныя. Дужы высокі мужчына таксама ў тужурцы стаў сарамаціць хлопца, падышло яшчэ некалькі чалавек.
Драгун неўпрыкмет ступіў два крокі назад, а вакол таго хлопца ўжо вырастаў натоўп, які гуў грознымі галасамі, размахваў рукамі. А нейкі дзядзька падышоў да жанчыны з карункамі, якая ўсё стаяла на месцы як зачараваная, сказаў:
— Чаго стаіш? Уцякай паціху!
Яна вінавата ўсміхнулася, абцягнула кофту на сваім вялікім жываце і пайшла, растала ў натоўпе.
Драгун пастаяў яшчэ трохі ды, сказаўшы сабе: і без мяне тут абыдуцца, накіраваўся дадому.